Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі шэрагу аналітычных цэнтраў ЗША сёньня завяршаюць свой візыт у Беларусь. Учора іх прыняў Аляксандар Лукашэнка. Беларускія палітолягі зьвяртаюць увагу на тое, што іхнія амэрыканскія калегі кантактавалі пераважна з афіцыйнымі асобамі.

Акрамя сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы, заакіянскія аналітыкі мелі размовы з кіраўніцтвам двух міністэрстваў — замежных спраў і абароны, з дэпутатамі Нацыянальнага сходу і зь беларускімі палітолягамі. У сьпіс апошніх ніхто зь недзяржаўных аналітыкаў ня трапіў.

Асобная сустрэча ў прадстаўнікоў ЗША была толькі з кіраўніком аналітычнага цэнтру Мізэса Яраславам Раманчуком. Той патлумачыў "Свабодзе": спатканьне ініцыяваў Арыэль Коэн, зь якім яны сябруюць ужо не адзін год:

"Спатканьне было нефармальным. Цягнулася больш за дзьве гадзіны. Мы размаўлялі пра ўсё — пра выбары, пра ўзаемадзеяньне ўлады з Расеяй, з Захадам, пра тое, што робіць апазыцыя і што будзе 19 сьнежня, ці гатовыя іншыя кандыдаты праводзіць рэформы, ці абароніць Лукашэнка незалежнасьць? Дыскусія на вельмі добрым роўні, бо гэтыя людзі цудоўна ўяўляюць, што такое Беларусь, што такое геапалітыка. І, з майго пункту гледжаньня, яны зашмат увагі аддаюць менавіта геапалітыцы, а не таму, што непасрэдна адбываецца ў нашай краіне".

У амбасадзе ЗША ў Беларусі "Свабодзе" сёньня сказалі, што амбасада ня мае дачыненьня да арганізацыі гэтага візыту, спаслаўшыся на тое, што ў Менск прыляцелі прадстаўнікі недзяржаўных навуковых цэнтраў.

Палітоляг Алесь Лагвінец, якога амэрыканскія калегі не запрасілі на сустрэчу, мяркуе так:

"Калі меркаваць па тым, якім чынам адбываюцца сустрэчы і арганізаваны сам візыт, то выглядае вельмі верагодным, што гэты візыт арганізавала амбасада Беларусі ў Вашынгтоне. І, відавочна, тут ёсьць сьвядомае рашэньне сустракацца з прадстаўнікамі ўлады альбо праўладнымі коламі так званых аналітыкаў. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Ідзе гульня, і гэта перадвыбарчы жэст. Такіх жэстаў, вядома, улада можа рабіць вельмі шмат".

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ўпэўнены: зьяўленьне ў Менску амэрыканскіх палітолягаў, сярод якіх бальшыня — выхадцы з Усходняй Эўропы, невыпадкова прыпадае на перадвыбарчы час:

"Ужо відавочна, што ініцыятарам гэтага нечаканага для многіх візыту амэрыканскіх "мазгаведаў" стаў беларускі бок. У чым прычына, што яны зьявіліся тут за тыдзень да выбараў? У мяне такое ўражаньне, што гэтым разам беларускі бок хоча "падсілкавацца амэрыканскімі мазгамі". А па-другое, я не выключаю, што гэта пэўны сыгнал у той жа маскоўскі бок — маўляў, мы цэнім ня толькі расейскія мазгі, але і амэрыканскія".

На разьвітаньне амэрыканскім прадстаўнікам далі магчымасьць агледзець Нацыянальную бібліятэку і навукова-дасьледчы інстытут "Сосны".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG