Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух "За свабоду" распачаў кампанію назіраньня за выбарамі


Намесьнік кіраўніка руху Юрась Губарэвіч.

Намесьнік кіраўніка руху Юрась Губарэвіч.

Рух «За свабоду» прэзэнтаваў кампанію назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі і па-за межамі краіны. Больш за 600 актывістаў руху будуць працаваць на выбарчых участках у розных рэгіёнах Беларусі, а таксама ў шэрагу эўрапейскіх сталіц.

Рада руху «За свабоду» прыняла рашэньне вылучыць сваіх прадстаўнікоў у назіральнікі на падставе зьменаў умоваў правядзеньня выбараў, а таксама ў адпаведнасьці са статутам руху. Намесьнік кіраўніка руху Юрась Губарэвіч тлумачыць мэты кампаніі:

«Мэта назіраньня — садзейнічаньне правядзеньню свабодных, празрыстых і дэмакратычных выбараў, выяўленьне і прадухіленьне парушэньняў выбарчага заканадаўства. Мы ставім перад сваімі назіральнікамі некалькі задач, і асноўная зь іх, натуральна, — выяўленьне парушэньняў і папярэджаньне камісій пра іх недапушчэньне. Таксама складаньне актаў ці заяваў, калі такія парушэньні будуць выяўленыя. Таксама мы ставім задачу атрыманьня вынікаў выбараў асноўнага дня і таксама ўсяго пэрыяду галасаваньня».

Паводле спадара Губарэвіча, гэткім чынам рух «За свабоду» ўзмацніў працу іншых незалежных кампаній назіраньня за выбарамі і пашырыў геаграфію кантролю. Так, назіральнікі руху будуць накіраваныя ў Бэрлін, Бон, Варшаву, Рым, Маскву, Прагу, Вільню, Будапэшт і Вашынгтон. І гэта адна з асаблівасьцяў кампаніі, кажа намесьнік кіраўніка руху Віктар Карняенка:

Віктар Карняенка
«Мы вельмі моцна ангажаваныя ў кампанію назіраньня за выбарамі, якую ладзяць 14 грамадзкіх арганізацый і палітычных партый і якая называецца «За справядлівыя выбары 2010». Адначасна — рух ладзіць назіраньне ў замежжы, што не ўваходзіць у схему працы кампаніі «За справядлівыя выбары 2010».

Гэткім чынам, на выбарчых участках будуць працаваць 634 актывісты руху «За свабоду». Пераважная ўвага будзе аддадзеная асноўнаму дню галасаваньня 19 сьнежня, але частка назіральнікаў ужо распачалі працу і зараз фіксуюць факты парушэньняў, кажа Юрась Губарэвіч:

«Паводле агульнай інфармацыі, якая да нас трапляе, ёсьць факты завышанага наведваньня выбарчых участкаў. Асабліва гэта тычыцца студэнцкіх інтэрнатаў, таксама некаторых прадпрыемстваў, дзе людзям „раяць“ наведаць выбарчыя ўчасткі датэрмінова».

Вынікі назіраньня за выбарамі рух «За свабоду» будзе разьмяшчаць на адмысловым інтэрнэт-сайце ў рэжыме on-line цягам дня 19 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG