Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўляць НАТО ў Беларусі будзе Амбасада Францыі


З 2011 году амбасада Францыі будзе каардынаваць праграмы супрацоўніцтва Беларусі і НАТО і выконваць функцыі прадстаўніцтва НАТО ў краіне.

Сёньня ў амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Менску адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы паўнамоцтваў амбасадзе Францыі. Што азначае гэта для Беларусі, ці зьменіцца фармат стасункаў Паўночнаатлянтычнага альянсу зь Беларусьсю.

Беларусь мае агульную мяжу з краінамі-сябрамі НАТО — Польшчай, Літвой і Латвіяй — працягласьцю каля 1200 кілямэтраў. Афіцыйны Менск ня ставіць на мэце ўступленьне ў гэты альянс, але ажыцьцяўляе супрацоўніцтва ў межах Савета Эўраатлянтычнага партнэрства і па лініі праграмы НАТО "Партнэрства дзеля міру". З 1998 году ў Брусэлі працуе Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры НАТО.

Вайсковы аглядальнік тыднёвіка "Белорусы и рынок" Аляксандар Алесін заўважае:

"Беларусь, у адрозьненьне ад многіх іншых краінаў, не дала згоды на стварэньне тут інфармацыйнага цэнтру НАТО, афіцыйнага прадстаўніцтва. І таму па чарзе ўсе краіны-сябры НАТО ажыцьцяўляюць ролю кантактнай амбасады НАТО ў Беларусі".

На думку палітоляга Ўладзімера Ўлаховіча, гэта не адыгрывае істотнай ролі для разьвіцьця стасункаў Беларусь — НАТО:

"Па-першае, гэта ня ў кожнай краіне ёсьць. Па-другое, гэта такі інфармацыйны пункт, ён жа носіць такі характар хутчэй публічнай бібліятэкі, скажам так. Зразумела, што ёсьць краіны, якія зацікаўленыя ў разьвіцьці стасункаў у большай ступені: да прыкладу, Украіна, дзе такі інфармацыйны пункт таксама ёсьць. Можа, для такой невялікай краіны, як Беларусь, гэта і не абавязкова".

З 2004 году функцыі кантактнай амбасады НАТО ў Беларусі ажыцьцяўляла амбасада Літвы. Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін кажа:
амбасада Літвы выконвала інфармацыйную функцыю — каб нэўтралізаваць стары савецкі стэрэатып, што НАТО — гэта вораг ...

"У асноўным, вядома, амбасада Літвы выконвала інфармацыйную функцыю — каб нэўтралізаваць стары савецкі стэрэатып, што НАТО — гэта вораг, агрэсар. Не сакрэт, што да нядаўняга часу і афіцыйная прапаганда, афіцыйныя СМІ малявалі нэгатыўнае аблічча НАТО, хоць афіцыйнае супрацоўніцтва вялося і стасункі дыпляматычныя падтрымліваліся".

Нягледзячы на пэрыяды ахалоджваньня, стасункі паміж Беларусьсю і НАТО на палітычным, ваенна-тэхнічным і ваенным узроўні разьвіваюцца з 1995 году, калі быў падпісаны рамачны дакумэнт праграмы "Партнэрства дзеля міру". Акрамя таго, НАТО ўдзельнічае ў падрыхтоўцы беларускіх міратворцаў на базе 120-й брыгады.

На думку палітоляга Ўладзімера Ўлаховіча, перадача функцыяў кантактнай амбасады ад літоўскай да францускай істотных зьменаў наўрад ці прынясе:

"Нічога не мяняецца ў гэтым сэнсе для Беларусі. Таму што ў НАТО ёсьць калектыўная пазыцыя, калектыўны падыход, і ад таго, якая краіна будзе ажыцьцяўляць гэтае фармальнае старшынства, нічога ня зьменіцца. Зрухаў асаблівых чакаць ня варта. У нас індывідуальны плян у межах праграмы "Партнэрства дзеля міру". Гэта той фармат, па якім будзе працягвацца супрацоўніцтва".

Як адзначае вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін, роля Францыі ў НАТО значнейшая, бо Францыя — гэта адзін з асноўных, так бы мовіць, гульцоў, таму сёньняшняя падзея мае знакавы характар:
Ад асьветніцкіх функцыяў, падобна, НАТО пяройдзе да больш актыўных кантактаў зь Беларусьсю...

"Ад асьветніцкіх функцыяў, падобна, НАТО пяройдзе да больш актыўных кантактаў зь Беларусьсю ў гэтай галіне. Магчыма, і ў галіне "Партнэрства дзеля міру" будуць шырэйшыя праграмы. Магчыма, будзе ўдзел беларускага міратворчага кантынгенту разам з кантынгентамі краінаў НАТО ня толькі на ўзроўні нашых мэдыкаў, спэцыялістаў МНС, але і на ўзроўні выкарыстаньня беларускай міратворчай роты".

Амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры, прымаючы сьцяг НАТО, распавёў, што на пачатку новага году ён наведае Брусэль і Парыж, і пасьля гэтага амбасада Францыі прапануе сваю праграму ўзаемадзеяньня НАТО зь Беларусьсю.
XS
SM
MD
LG