Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На датэрміновае галасаваньне пад прымусам


Праваабаронцы фіксуюць факты прымусу выбарцаў да датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах.

Пра гэта БелаПАН заявіў Валянцін Стэфановіч, адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Такія факты былі адзначаныя на 9,1% выбарчых участкаў, на якіх працавалі назіральнікі кампаніі. "Напрыклад, у Барысаве работнікі ААТ "Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталяваньня" прасілі сябраў участковых камісій выдаць ім даведкі аб тым, што яны ўжо прагаласавалі. На некаторыя ўчасткі выбарцаў прывозілі арганізавана на аўтобусах", — паведаміў Стэфановіч.

Паводле слоў праваабаронцы, у першы дзень датэрміновага галасаваньня, 14 сьнежня, назіраліся характэрныя для папярэдніх выбараў тэндэнцыі, калі людзей прымушаюць галасаваць датэрмінова. У прыватнасьці, арганізавана галасавалі студэнты і вайскоўцы. "Але ёсьць і пэўнае ноў-хаў: на гэтых выбарах адчуваецца большы ціск на працаўнікоў прадпрыемстваў, у першую чаргу ў невялікіх гарадах. У тым жа Барысаве начальнікі цэхаў асабіста адсочваюць сытуацыю, прагаласавалі іх падначаленыя ці не", — адзначыў Стэфановіч.

Праваабаронцы зафіксавалі ў першы дзень датэрміновага галасаваньня і іншыя парушэньні. Так, на 8,7% выбарчых участкаў назіральнікам перашкаджалі выконваць свае абавязкі, на 7,8% — у працу ўчастковых камісій умешваліся староньнія асобы, на 1,3% — фіксаваліся выпадкі выдачы адной асобе некалькіх бюлетэняў, на 2,6% — не вывешваўся пратакол з дадзенымі датэрміновага галасаваньня.

"Самым абуральным парушэньнем" каардынатар кампаніі назваў факт, зафіксаваны на выбарчым участку № 28 у Баранавічах.

"Там скрыня на ноч была вывезена з тэрыторыі ўчастка для галасаваньня. Нам растлумачылі, што памяшканьне нібыта не прыстасавана для захоўваньня скрыні, і яе павезьлі туды, дзе ўсталяваная сыгналізацыя. Па гэтым факце мы рыхтуем зварот у пракуратуру", — паведаміў Стэфановіч.

Паводле дадзеных ЦВК, у першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі прагаласавалі 3,4% выбаршчыкаў. Гэта больш, чым у 2006 годзе, калі ў першы дзень прагаласавалі 3% грамадзян.

"Як правіла, працэнт колькасьці тых, хто прагаласаваў, павялічваецца з кожным днём. Не выключаю, што на гэтых выбарах датэрмінова прагаласуюць больш, чым на папярэдніх", — выказаў меркаваньне Валянцін Стэфановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG