Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямцоў: “Крэмль зразумеў, што Лукашэнка застаецца прэзыдэнтам”


“Крэмль фінансаваў дыктатуру, і грошы Масквы Лукашэнка выкарыстоўваў дзеля зачысткі палітычнага поля. У выніку, калі Крамлю трэба было шукаць, на каго абаперціся, аказалася выпаленая зямля,” – лічыць расейскі палітык Барыс Нямцоў.

Лідэр новаўтворанай расейскай Партыі народнай свабоды і былы першы віцэ-прэм’ер РФ Барыс Нямцоў пракамэнтаваў для Радыё Свабода апошнія зьмены ў дачыненьнях паміж Крамлём і афіцыйным Менскам.

Навумчык: Нядаўняя сустрэча Мядзьведзева і Лукашэнкі зьнішчыла спадзяваньні тых у Беларусі, хто разьлічваў на дапамогу Масквы ў цяперашняй выбарчай кампаніі. Чым бы Вы, спадар Барыс, патлумачылі зьмену настрояў крамлёўскіх кіраўнікоў у дачыненьні да Лукашэнкі?

Нямцоў:
Крэмль зразумеў, што Лукашэнка застаецца прэзыдэнтам -- шляхам фальсыфікацыяў, маніпуляцыяў, зьдзекаў і падманаў (такія мэтады для Крамля ўвогуле не зьяўляюцца нейкай праблемай, паколькі яны аднолькава паводзяць сябе ў сваіх краінах, што Крэмль, што Лукашэнка), і калі ўсьвядомілі, што ён -- прэзыдэнт, яны вырашылі ізноў зь ім наладзіць адносіны. Гэта ж звычайная гісторыя -- Лукашэнка-калгасьнік, гэткі неадукаваны, іх вакол пальца абвёў, і нікуды яны не падзеліся, падаравалі яму бязмытную нафту, і зноў абдымаюцца-цалуюцца. Карацей, можна павіншаваць Аляксандра Рыгоравіча з грандыёзнай перамогай, а нашых двух асталопаў з тым, што яны і надалей будуць фінансаваць дыктатарскі рэжым.

Спадзяюся, Захад цудоўна разумее, што ўсе гэтыя выбары ніякіх адносінаў да легітымнасьці, адкрытасьці ня маюць
Што да Захаду, дык, спадзяюся, Захад цудоўна разумее, што ўсе гэтыя выбары ніякіх адносінаў да легітымнасьці, адкрытасьці ня маюць, і Лукашэнка проста спадзяецца атрымаць грошы ў чарговы раз за сваю "чэснасьць". Думаю, што на Захадзе не павінна быць наіўных людзей, і грошай яму даваць ні ў якім выпадку нельга.

Яшчэ адна прычына -- гэта паталягічны страх Крамля адносна збліжэньня Беларусі з Захадам. Лукашэнка пастаянна на гэтым гуляе, ён падкрэсьліваў усю сваю перадвыбарчую кампанію, што ён цяпер сябра эўрапейцаў. І, верагодна, Пуцін і Мядзьведзеў, якія, як агню, засьцерагаюцца заходніх каштоўнасьцяў, палічылі, што лепей прыгрэць на грудзях нягодніка. Такая бязглуздая антырасейская палітыка, якую праводзяць Пуцін і Мядзьведзеў, у дадзеным выпадку выявілася такім вось чынам.

Навумчык: Некаторыя беларускія аналітыкі выказалі меркаваньне, што наяўнасьць вялікай колькасьці альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў проста не дала Крамлю магчымасьці выбраць некага аднаго, на каго б Крэмль мог зрабіць стаўку. Вы згодныя з такім меркаваньнем?

Апазыцыя ў Беларусі ня здолела вылучыць адзінага кандыдата. І гэта, канешне, перадвызначыла паразу.
Нямцоў:
Крэмль фінансаваў дыктатуру, і грошы Масквы Лукашэнка выкарыстоўваў дзеля зачысткі палітычнага поля Беларусі. У выніку, калі Крамлю трэба было шукаць, на каго абаперціся, аказалася выпаленая зямля -- няма на каго. І ад безвыходнасьці яны вымушаныя цяпер абдымацца і цалавацца. Другое. Апазыцыя ў Беларусі (там шмат дастойных людзей, некаторых я ведаю асабіста) -- на жаль, ня здолела вылучыць адзінага кандыдата. І гэта, канешне, перадвызначыла паразу. Шкада, што гэтага не адбылося. Я спадзяюся, што мы ў Расеі ўлічым беларускія ўрокі пры стварэньні Партыі народнай свабоды, куды разам са мной увайшлі яшчэ Касьянаў, Рыжкоў і Мілаў. Нашая арганізацыя, на мой погляд -- гэта ў тым ліку і праца над беларускімі памылкамі.

Навумчык: Ваш прагноз: прызнае Масква выбары?

Нямцоў: Ну, калі Пуцін ужо дамовіўся з Лукашэнкам -- дык прызнаюць, не дамовіўся -- не прызнаюць. Гэта ж ніякіх адносінаў да сутнасьці справы ня мае. Выбары ж будуць хлусьлівымі, па-пуцінску, па-лукашэнкаўску праведзенымі. Ясна, што за прызнаньне Пуцін папросіць, каб яму далі прыватызаваць якое-небудзь беларускае прадпрыемства. Але ўсё гэта ня мае ніякага дачыненьня да прыстойнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG