Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брытанскае аддзяленьне міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International апублікавала справаздачу аб зафіксаваных парушэньнях правоў чалавека напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Паводле дадзенага справаздачы, беларускія ўлады рэгулярна парушаюць правы грамадзянаў, у тым ліку права на свабоду слова і на правядзеньне мірных пратэстаў.

Акрамя таго, Amnesty International канстатуе, што праваабаронцы ў Беларусі падвяргаюцца перасьледу. Кіраўніца брытанскага аддзяленьня Amnesty international Кейт Ален выказала сур'ёзную занепакоенасьць з нагоды несправядлівых судовых разглядаў і ўжываньня катаваньняў да затрыманых.

Праваабаронцы перакананыя, што судовая сыстэма Беларусі да гэтага часу захоўвае шматлікія рысы рэпрэсіўнай савецкай сыстэмы. "Судзьдзі, як правіла, не выконваюць свае абавязкі незалежна і справядліва вырашаць пытаньні аб законнасьці арышту або затрыманьня падазраваных, а таксама аб неабходнасьці іх далейшага ўтрыманьня пад вартай. Існуюць дастаткова доказаў таго, што сьледчыя, жадаючы раскрыць злачынства, часам зьвяртаюцца да катаваньняў і іншых відаў жорсткага абыходжаньня, змушаючы затрыманага прызнацца ва ўчыненьні злачынства ", – канстатуюць праваабаронцы.

Існуюць дастаткова доказаў таго, што сьледчыя, жадаючы раскрыць злачынства, часам зьвяртаюцца да катаваньняў і іншых відаў жорсткага абыходжаньня, змушаючы затрыманага прызнацца ва ўчыненьні злачынства
Чарговым разам міжнародныя праваабаронцы зьвярнулі ўвагу на тое, што ў Беларусі па-ранейшаму прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды. У Amnesty International UK адзначылі, што Беларусь зьяўляецца "апошнім катам Эўропы".

Сярод асноўных праблем правоў чалавека ў Беларусі міжнародныя праваабаронцы таксама асобна адзначылі адсутнасьць свабоды слова. У справаздачы Amnesty International UK значыцца, што большасьць беларускіх друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі па-ранейшаму застаецца пад кантролем дзяржавы, а на распаўсюд друкаваных СМІ дзяржава фактычна ўвяло манаполію.

Занепакоенасьць праваабаронцаў выклікае і тое, што набыў моц указ № 60 "Аб мерах па паляпшэньні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт". Праваабаронцы лічаць, што некаторыя пункты гэтага ўказу могуць даць уладам занадта вялікія паўнамоцтвы для абмежаваньня доступу да пэўных крыніц інфармацыі.

Amnesty International UK таксама зьвярнула ўвагу грамадзкасьці на тое, што беларускія ўлады па-ранейшаму не дазваляюць праводзіць грамадзянам дэманстрацыі, пікеты і іншыя публічныя мерапрыемствы, тым самым парушаючы іх законныя правы на свабоду правядзеньня сходаў. Гэта тычыцца ня толькі палітычнай апазыцыі, але таксама прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, якім гарадзкія ўлады адмаўляюць у правядзеньні публічных акцый.

Акрамя таго ў Amnesty International UK адзначылі, што ў Беларусі не хапае неабходных рэсурсаў для барацьбы з гвалтам над жанчынамі.
XS
SM
MD
LG