Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры сумленных выбарах другі тур непазьбежны


Першы і адзіны раз у гісторыі Беларусі прэзыдэнцкія выбары ў два туры праводзіліся ў 1994-м годзе, калі выйграў Аляксандар Лукашэнка. З практыкі дэмакратычных выбараў таксама вядома, што вялікая колькасьць кандыдатаў аўтаматычна патрабуе адбору і гэта значыць другога туру. На такую магчымасьць у Беларусі пры рэальным падліку галасоў указваюць некаторыя сацыёлягі. А ці гатовыя да такога ходу падзеяў у штабах кандыдатаў?

Ці магчымы другі тур прэзыдэнцкіх выбараў? Незалежныя сацыёлягі адказваюць на гэтае пытаньне станоўча. Паводле сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага пад эгідай міжнароднага цэнтру сацыялягічных і маркетынгавых дасьледаваньняў SOCIUM з 1 па 10 сьнежня 2010 году, Аляксандар Лукашэнка ня зможа перамагчы ў першым туры. За яго аддалі свае галасы 35,2% апытаных выбарцаў. 18,4% — за Ўладзімера Някляева, 9,9% — за Андрэя Саньнікава, за іншых — меней. Што кажуць пра другі тур у штабах?

У штабе Андрэя Саньнікава рыхтаваліся да такога павароту адразу. Кіраўнік штабу Ўладзімер Кобец:

"Спачатку Андрэй Саньнікаў ды і іншыя кандыдаты казалі, што немагчыма перамога аднаго ў першым туры пры наяўнасьці такой колькасьці кандыдатаў. Гэта сусьветны досьвед. Калі 5 і болей кандыдатаў — то аўтаматычна другі тур. Мы з таго і сыходзілі, што сапраўдны рэйтынг кіраўніка дзяржавы не вышэйшы за 30 з нечым %, і ставімся да другога туру нармальна, Саньнікаў да яго гатовы. Таму, калі скажуць, што перамога ўжо ў першым туры, значыць адбылася фальсыфікацыя".

Уладзімер Кобец перакананы, што калі Андрэй Саньнікаў, якога ён прадстаўляе, выйдзе ў другі тур, гэта будзе азначаць, што ў выніку гэты кандыдат пераможа.

Паводле яшчэ аднаго кандыдата на прэзыдэнта Яраслава Раманчука ня толькі SOCIUM, але і іншыя сацыёлягі кажуць пра другі тур як пра непазьбежны, але пры ўмове, што выбары пройдуць сумленна.

"Сацыялёгія справядлівая, аб'ектыўная, гэтак кажа, але сацыялёгія лукашэнкаўская кажа інакш. Але будзе другі тур ці не, вырашыць на самой справе не сацыялёгія, не апытаньні, а вырашаць людзі, якія будуць на Плошчы".

Яраслаў Раманчук перакананы, што ў выпадку другога туру на кандыдата ад дэмакратычных сілаў будуць працаваць большасьць штабоў кандыдатаў.

У 1994 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў упершыню і пакуль адзіны раз у Беларусі праводзілі другі тур. Тады Аляксандар Лукашэнка перамог Вячаслава Кебіча. Праз 16 з паловай гадоў Вячаслаў Кебіч кажа, што Плошча ў Беларусі немагчымая. "Сапраўдная Плошча ў беларускай гісторыі была толькі аднойчы — у пачатку 1990-х гадоў, калі адпусьцілі цэны. Тады на вуліцы Менску выйшлі ня меней за 100 тысяч чалавек. Зараз да такіх масавых акцый пратэсту няма сацыяльна-палітычных падстаў", — гэтак сказаў былы прэм'ер 9 сьнежня карэспандэнту БелТА.

А ці гатовая каманда кандыдата Ўладзімера Някляева да другога туру, і якой бачаць там кампанію паміж першым і другім турамі? Сяргей Вазьняк, давераная асоба Ўладзімера Някляева кажа:

"У другім туры Лукашэнка прайграе любому з сапернікаў. Таму ён і не ідзе на другі тур. А калі яго прызначаць, мяркую, Цэнтрвыбаркам мусіць прымаць дадатковыя рашэньні: пра разьмяшчэньне праграмаў, новыя выступы па тэлевізіі і радыё, дэбаты. Дадатковыя сродкі мусяць выдзеліць кандыдатам. Гэтак трэба рабіць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG