Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці дапусьцяць улады апазыцыю ў сыстэмную палітыку?


Удзельнікі: дырэктар зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі і намесьнік галоўнага рэдактара «Белгазеты» Віктар Марціновіч.

Віктар Марціновіч
Віталь Сіліцкі
Валер Карбалевіч

Ці гатовыя ўлады да канструктыўнага дыялёгу з апазыцыяй?


Валер Карбалевіч: «Хоць ананімны супрацоўнік прэсавай службы і абверг інфармацыю Яраслава Раманчука, што яму прапанавалі пасаду прэм’ера ці віце-прэм’ера, але інфармацыя цікавая. Нагадаю, што нядаўна ў адным з інтэрвію Лукашэнка гіпатэтычна не абвяргаў магчымасьць запрашэньня прадстаўнікоў апазыцыі ў сыстэму ўлады.

А чаму б кіроўнай камандзе не пайсьці на гэта? Калі пасьля выбараў захаваецца статус-кво, то можна было б прапусьціць некалькі апазыцыянэраў у парлямэнт. А можа, і сапраўды прапанаваць пасады ва ўрадзе. Захад быў бы задаволены, апазыцыя — расколатая на канструктыўную і радыкальную. Апазыцыйныя міністры адыгралі б ролю Гайдара і Чубайса, ажыцьцявілі балючыя, непапулярныя рынкавыя рэформы і тым самым спалілі б сябе як палітыкаў, дыскрэдытавалі б усю апазыцыю і ўвогуле лібэральную ідэю, як гэта адбылося ў Расеі».

Віталь Сіліцкі: «Па-першае, давайце аддзелім мух ад катлет, аддзелім піяр-заявы некаторых кандыдатаў у прэзыдэнты ад іх рэальнай палітыкі. Па-другое, давайце адкажам на некалькі пытаньняў. Ці спатрэбіцца ўладзе новы курс пасьля выбараў? Ці хапае ёй уласных чалавечых рэсурсаў, каб забясьпечыць гэты курс? Ці ёсьць у апазыцыі што і каго прапанаваць?

Пачну з апошняга пытаньня. Гадоў 15 мы казалі пра інтэлектуальную перавагу апазыцыі над уладай. Цяпер ва ўладных структурах адбываюцца цікавыя працэсы. Прадстаўнікі МВФ, Сусьветнага банку высока ацэньваюць якасьць беларускай бюракратыі.
Якасьць прапановаў некаторых апазыцыйных кандыдатаў падчас выбарчай кампаніі такая, што можна зрабіць выснову: яны перайшлі на рэйкі бессаромнага папулізму.

Цяпер пра апазыцыю. Якасьць прапановаў некаторых апазыцыйных кандыдатаў падчас выбарчай кампаніі такая, што можна зрабіць выснову: яны перайшлі на рэйкі бессаромнага папулізму».

Марціновіч: «Гэта нейкі анэкдот»

Карбалевіч: «Выбарчых кампаній без папулізму не бывае. І ці правільна будзе на гэтай падставе ацэньваць якасьць апазыцыйных кандыдатаў?

Але хачу адзначыць, што ёсьць рэчы сымбалічныя. Скажам, той жа Раманчук стаў у Беларусі сымбалем лібэралізму. І яго прыход ва ўрад быў бы сур’ёзным сыгналам заходнім урадам і інвэстарам».

Віктар Марціновіч: «Калі нават такія прапановы рабіліся Раманчуку, то гэта ня значыць, што яго запросяць ва ўрад. Адбываецца тое, што мы бачылі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2008 году. Тады таксама зьявілася інсайдэрская інфармацыя, што пяцерых прадстаўнікоў апазыцыі, сярод якіх быў той жа Раманчук, дапусьцяць у Палату прадстаўнікоў. І тыя кандыдаты былі рады, казалі, што кампанія адбываецца добра. Гэта спроба залагодзіць пэўных кандыдатаў.

Сама ідэя прызначэньня прадстаўнікоў апазыцыі ва ўрад проста сьмешная. Гэта нейкі анэкдот. Давайце згадаем, колькі часу пратрымаўся Раманчук у нейкай радзе па фармаваньні міжнароднага іміджу Беларусі. Ён ня зможа працаваць у сучасным беларускім урадзе. Бо рэкрутаваньне ва ўрадныя структуры адбываецца паводле прыняцьця пэўнай культуры, якая зьяўляецца культурай Лукашэнкі. А Раманчук пачне пярэчыць яму, пачне даваць інтэрвію мэдыям».

Чаму ідэя нерэальная?


Карбалевіч: «Спадар Сіліцкі, вы аспрэчылі гэтую ідэю з тэхнакратычнага гледзішча. А калі ацаніць гэта з палітычнага гледзішча, якія дывідэнды атрымае ўлада, а магчыма, рызыкі ад таго, што апазыцыя стане сыстэмнай?»

Сіліцкі: «У гэтай сыстэме ўлады палітыкам можа быць толькі адзін чалавек. Мы ведаем выпадкі, калі людзей з апазыцыйным мінулым рэкрутавалі ва ўладу. Пытаньне не пра пэрсанальны склад беларускай бюракратыі, а пра сыстэму ўлады, у якой адзін чалавек вырашае ўсё. І ўключэньне новых людзей у гэтую сыстэму не размывае і не мяняе яе».

Карбалевіч: «Спадар Марціновіч, вашае пярэчаньне гэтай ідэі заснавана на тым, што ўлада ня будзе мяняцца. А калі дапусьціць, што пад узьдзеяньнем абставін улада будзе прымушаная за зьменаў, і пры такім варыянце магчыма і прыцягненьне апазыцыі ў сыстэму?»

Марціновіч: «Знайсьці жадаючых пайсьці ва ўладу — гэта не праблема. Такія ёсьць і сярод апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Але справа ў тым, што зьмены ў пэрсаналісцкім рэжыме адбываюцца не праз прыход новай каманды, а празь зьмены ў сьветаўспрыманьні кіраўніка рэжыму. Калі апазыцыянэры прыйдуць ва ўрад, правядуць пасьпяховыя рынкавыя рэформы, то атрымаецца, што дзякаваць за іх трэба будзе не Лукашэнку».

Карбалевіч: «А якія пагрозы нясе гэтая тактыка ўладаў самой апазыцыі? Гэта расколе яе?»

Сіліцкі: «А куды гэтую апазыцыю яшчэ калоць? Я ня думаю, што праблема расколу будзе галоўнай, якая паўстане перад апазыцыяй у пасьлявыбарчы пэрыяд».

Марціновіч: «Апазыцыя і так расколатая. Куды далей? Праблема ў тым, што апазыцыянэр, які прызначаны на пасаду прэм’ер-міністра ці міністра, зьяўляецца мэдыйнай пэрсонай. Ён будзе даваць інтэрвію, павысіцца яго палітычная вага. Створыцца новы цэнтар улады. І гэта падарве стабільнасьць рэжыму. Ён на гэта ня пойдзе».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG