Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку перадалі ліст ад сэнатара Сэма Нана


Падчас сустрэчы ў Менску з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў ЗША кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць да поўнамаштабнай нармалізацыі дачыненьняў з ЗША.

Дырэктар праграмы «Новыя эўрапейскія дэмакратыі», старшы навуковы супрацоўнік праграмы Эўропы Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў Януш Бугайскі сказаў, што дэлегацыя прыехала ў Беларусь, каб атрымаць больш поўнае ўяўленьне пра разьвіцьцё Беларусі, лепш зразумець праблемы краіны і паглядзець, па якіх напрамках можна палепшыць стасункі паміж ЗША і Беларусьсю. Спадар Бугайскі адзначыў наяўнасьць жаданьня ўбачыць спосабы, каб абвешчаную кіраўніком Беларусі роўнанабліжанасьць «перавесьці ў практычную сфэру».

Прадстаўнікі ЗША перадалі Лукашэнку ліст ад сэнатара Сэма Нана, які дзякуе беларускаму боку за лідэрства ў рашэньні адмовіцца ад валоданьня высокаўзбагачаным уранам.

Падчас сустрэчы Аляксандар Лукашэнка згадаў пра дасягнутую на саміце АБСЭ ў Астане дамоўленасьць з амэрыканскім бокам аб вывазе зь Беларусі запасаў высокаўзбагачанага ўрану. Тады ж ЗША заявілі аб падтрымцы намаганьняў Беларусі па выкарыстаньні атамнай энэргетыкі ў мірных мэтах. Лукашэнка заявіў, што «высока цэніць гэты крок амэрыканскага боку».

Ён заявіў пра магчымасьць вырашыць самыя складаныя праблемы ў стасунках з ЗША, «адкінуўшы стэрэатыпы і забабоны падчас узаемапаважлівага дыялёгу». Кіраўнік Беларусі адзначыў супадзеньне пазыцый дзьвюх дзяржаў па шэрагу міжнародных праблем.

«Я спадзяюся, што нашы кантакты будуць працягнутыя. А ваш першы візыт у Беларусь стане не апошнім. Можа нам нават варта падумаць пра стварэньне нейкага сталага мэханізму двухбаковага абмену інфармацыяй і супрацоўніцтва. Таму давайце падумаем пра гэта, а сёньня я запрашаю вас да шчырай размовы за гэтым сталом. Мы з задавальненьнем выслухаем вашы мудрыя, я спадзяюся, парады, і яны будуць нам карысныя».

Лукашэнка паабяцаў адказаць дабром на паважлівае стаўленьне. Маўляў, «галоўнае, каб у нас бачылі партнэраў, а не краіну, якую можна задушыць, нахіліць, а можа, і растаптаць».

Паводле беларускага Міністэрства замежных спраў, візыт амэрыканскіх аналітыкаў працягнецца да 15 сьнежня. У склад амэрыканскай дэлегацыі ўваходзяць кіраўнікі праграм, прафэсары і вядучыя супрацоўнікі Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, дасьледчай службы Кангрэсу ЗША, Фонду Карнэгі за міжнародны мір, Фонду «Спадчына», Фонду «Ініцыятыва па скарачэньні ядзернай пагрозы», Інстытуту новых дэмакратый, Рэдфардзкага ўнівэрсытэту.

У Менску яны правядуць сустрэчы ў Нацыянальным сходзе, з кіраўніцтвам зьнешнепалітычнага і абароннага ведамстваў, беларускімі палітолягамі і журналістамі. Дэлегацыя таксама наведае дасьледчы інстытут «Сосны» і іншыя ўстановы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG