Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згодна з азначэньнем Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ), крытычны ўзровень спажываньня сьпіртнога (у пераліку на чысты алькаголь) на кожнага жыхара ва ўзросьце ад 15 гадоў і больш — да 8 літраў за год. Калі гэты ўзровень перавышаны, сьведчаць экспэрты, істотна пагаршаецца стан здароўя і генафонд нацыі, настае яе дэмаграфічная, сацыяльная, эканамічная і культурная дэградацыя.

Што да Беларусі, дык тут, згодна з інфармацыяй Белстату, аб'ём продажу ўсіх відаў алькагольных напояў летась склаў 12 літраў у разьліку на душу насельніцтва. Рэальнае ж спажываньне, з улікам нелегальнага абароту сьпіртазамяшчальнай прадукцыі, яшчэ большае.

Афіцыйна Беларусь сёньня належыць да краін з высокім узроўнем спажываньня алькаголю.

Гістарычна беларусы — пераважна сяляне — пілі мала. Масавая алькагалізацыя насельніцтва пачалася пры Саветах са зьнішчэньнем сялянства як клясы, паміраньнем вёсак і непрапарцыйным ростам гарадоў за кошт высокай міграцыі, у тым ліку зь іншых рэгіёнаў СССР. На гэтым тле назіраўся і аж дагэтуль назіраецца рост вытворчасьці няякасных і танных сьпіртовых напояў — істотнага даходнага артыкула беларускага бюджэту.
За гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі продаж алькагольнай прадукцыі на душу насельніцтва вырас удвая.


За часы прэзыдэнта Лукашэнкі продаж алькагольнай прадукцыі на душу насельніцтва вырас удвая, а алькаголікаў, толькі непаўналетніх, летась налічвалася 16 тысяч. Паводле навукоўцаў, акрамя моладзі да алькагалізацыі схільныя жанчыны і асобы з адпаведнай спадчыннасьцю. Уплывае на схільнасьць да алькаголю і расавая прыналежнасьць. Лічыцца, што ў пячонцы азіятаў фэрмэнт алькагольдэгідрагеназа ўтрымліваецца ў значна меншай колькасьці, чым у эўрапейцаў.

Гэты фэрмэнт нэўтралізуе алькагольную інтаксыкацыю. Атручэньне зьвязанае з тым, што дзейны кампанэнт алькагольных напояў — этанол — трапіўшы ў арганізм, напачатку выклікае так званы "эфэкт эўфарыі", аднак потым у выніку акісьленьня спараджае небясьпечны таксін — ацэтальдэгід.

На нізкую актыўнасьць фэрмэнту можа ўплываць азіяцкі ген


Лічыцца, што на тэрыторыі эўрапейскіх постсавецкіх краін носьбітаў так званага "азіяцкага гену" налічваецца ад 10 да 30%, у Заходняй Эўропе — ад 0 да 6%, у Расеі ад 30 да 60% (ці нават болей), у Паўночна-Ўсходняй Азіі носьбітаў "азіяцкага" генатыпу — ад 70 да 85% насельніцтва. Як адзначаюць навукоўцы, большая частка ўсходнеэўрапейскай папуляцыі мае так званы прамежкавы (зьмяшаны) тып.

У арганізьме заходнеэўрапейца з высокай актыўнасьцю фэрмэнту алькагольдэгідрагеназы і этанол, і ацэтальдэгід неўзабаве расшчапляюцца, чалавек досыць хутка п'янее і ня мае патрэбы ў павелічэньні дозы. Такім чынам перадумовы да разьвіцьця алькагольнай залежнасьці зводзяцца ў яго да мінімуму.
Лукашэнка: "У мяне, як і ў маёй маці, няма фэрмэнту, які перапрацоўвае сьпіртное".

У носьбітаў жа "азіяцкага гену" алькаголь расшчапляецца хутка, а ацэтальдэгід — павольна. Такія людзі рэдка п'янеюць і не атрымліваюць задавальненьня ад алькаголю, але ў іх ярка выяўляецца алькагольная інтаксыкацыя (млосьць, ваніты, галавакружэньне, агульная млявасьць і г.д.). Яны ніколі не пахмяляюцца і імкнуцца пазьбягаць спажываньня алькаголю, памятаючы пра цяжкія наступствы.

Пры прамежкавых тыпах людзі могуць піць не п'янеючы значна больш за іншых і да пэўнага часу не адчуваць інтаксыкацыі, што вядзе да павышэньня алькагольнай дозы. У такіх людзей у выніку п’янства паступова разьвіваецца гіпаксія тканак, што хутка (нашмат хутчэй, чым у прадстаўнікоў усіх іншых генатыпаў) прыводзіць да цырозу пячонкі, раптоўнай сьмерці ад спыненьня сэрца, парушэньня дзейнасьці мозгу, алькагольных псыхозаў.

Пра адсутнасьць у сваім арганізьме алькагольдэгідрагеназы нядаўна на сустрэчы з прадстаўнікамі расейскіх СМІ заявіў беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка.

Лукашэнка: "Я магу выпіць, як усе людзі, магу выпіць і шмат, але потым што будзе? Я часта кажу, што ў маёй маці няма фэрмэнту, які перапрацоўвае сьпіртное. Мабыць, праз спадчыннасьць і ў мяне гэта. Калі я нават трохі выпіваю, у мяне або галава баліць, або разьбіты цэлы дзень. Калі мяне частуюць мацаваным салодкім жаночым віном, то гэта я магу піць, гэта смачна. А мужыкі ж п'юць гарэлку, самагон добры, моцны. Такое сумнае жыцьцё".

Дзейны прэзыдэнт перакананы, што спажываньне алькаголю — нацыянальная традыцыя і нацыянальны набытак расейцаў, беларусаў і ўкраінцаў. І захады дзеля забароны сьпіртнога не прынясуць таму аніякай карысьці. Лукашэнка таксама ня верыць, што "можа надысьці такі час, калі расейцы, беларусы і ўкраінцы перастануць піць". Зыходзячы з уласнага досьведу, Лукашэнка ведае, што адцягнуць чалавека ад сьпіртнога могуць выключна заняткі спортам. Ён упэўнены, што кіраўнік у гэтым сэнсе можа стаць прыкладам для нацыі.

Беларускі апазыцыйны палітык, кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, які таксама прытрымліваецца здаровага ладу жыцьця, зьвязвае праблему алькагалізацыі з адсутнасьцю пэрспэктываў у насельніцтва.
Статкевіч: "Дай тым, хто п'е, пэрспэктыву нармальна зарабляць — і ўсё зьменіцца".

Статкевіч: "Усё пачынаецца з самага маладога ўзросту. Бачыш гэтую моладзь зь півам — цяпер іх стала меней, яны хаваюцца, але бачыш, што яны закупляюць рэгулярна піва ў крамах. Але дай гэтым людзям нармальна зарабляць, пэрспэктыву — і ўсё зьменіцца. Усё ідзе ад адсутнасьці ўсялякіх пэрспэктыў, нармальных умоў для самарэалізацыі".

Згодныя з гэтым і іншыя сем апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта (у апытаньнях "Свабоды" ня ўзяў удзелу толькі Андрэй Саньнікаў). Двое з зь іх, Яраслаў Раманчук і Віталь Рымашэўскі, ня п'юць, так бы мовіць, прынцыпова. Астатнія п'юць рэдка і мала. Мікалай Статкевіч, Дзьмітры Вус, Алесь Міхалевіч, Віктар Цярэшчанка аддаюць перавагу добраму віну і ці каньяку. Рыгор Кастусёў можа прыняць крыху гарэлкі. Уладзімер Някляеў можа выпіць сваёй фірменнай настойкі "Карадуба". Прычыны масавай алькагалізацыі насельніцтва ён зьвязвае з генэтычным фактарам.

Што тычыцца наяўнасьці ў ягоным арганізьме фэрмэнту алькагольдэгідрагеназы, то...

Някляеў: "У мяне з фэрмэнтамі ўсё добра".

Някляеў: "У мяне з фэрмэнтамі ўсё добра. Калі мець на ўвазе маю колішнюю практыку спажываньня алькаголю. У студэнцкія гады, калі я, як кажуць, быў у багеме. Хоць я сам, нягледзячы на ўсе байкі, ня піў так, каб фэрмэнты загінулі. Але ў нашай сям'і ніхто алькаголем не злоўжываў. Дарэчы,гэта вельмі істотна. Усё наўпрост зьвязана з генэтыкай. Так, ад соцыюму таксама шмат што залежыць, але калі ты гэтаму генэтычна супрацьстаіш, то не паваліць цябе алькаголь".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG