Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Кандыдаты на пасаду прэзыдэнта ў апошні тыдзень перад выбарамі інтэнсыфікуюць свае сустрэчы з выбарцамі, агітацыйныя паездкі па рэгіёнах, даюць інтэрвію беларускім і замежным СМІ. Апрача таго, сёньня адбыўся апошні тур перадвыбарчых дэбатаў, які быў арганізаваны інтэрнэт парталам tut.by.

У аўторак раніцай прайшоў фінал онлайн-дэбатаў кандыдатаў на прэзыдэнта на партале tut.by. На гэтыя дэбаты запрашалі ўсіх кандыдатаў, але Аляксандар Лукашэнка і Андрэй Саньнікаў адмовіліся ад удзелу. У папярэдніх трох раўндах найбольш галасоў карыстальнікаў інтэрнэт-парталу набралі Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі і Мікола Статкевіч. Яны ўтрох і выйшлі ў фінал. Усе яны ў часе дэбатаў выступілі з адозвамі да выбарцаў.

Яраслаў Раманчук: «Грамадзяне нашай краіны! Прачніцеся! Не хадзіце на выбары датэрмінова! Прыходзьце галасаваць 19 сьнежня. І грамадзянская пазыцыя прывядзе нашую краіну да свабоды».

Мікалай Статкевіч: «Ёсьць толькі адзін рэальны інструмэнт вярнуць краіну да нармальнасьці — гэта Плошча! Калі сотні тысяч людзей прадэманструюць, што яны не баяцца і не падтрымліваюць гэтую ўладу, што яны супраць, што яны ня згодныя з тым, што адбываецца, — краіна зьменіцца».

Віталь Рымашэўскі: «Рэвалюцыя не патрэбная. Каб зьмяніць гэтую ўладу, дастаткова проста перастаць іх карміць. І яны, як п’яўка, да якой перастае паступаць кроў, адпадуць зь цела беларускага народа. Таму наша з вамі задача-максымум — арганізацыя нацыянальнага страйку. Я заклікаю ўсіх прыйсьці на Плошчу. Ад вас залежыць, ці зьменіцца ўлада ў гэтай краіне».

З-за таго, што Выбарчы кодэкс забараняе за пяць дзён да даты галасаваньня публікаваць вынікі сацапытаньняў, зьвязаных з выбарамі, інтэрнэт-карыстальнікі не змаглі галасаваць у фінале дэбатаў на партале tut.by, і таму віртуальны пераможца беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў выяўлены ня быў. Але самі ўдзельнікі дэбатаў засталіся задаволенымі.

Гаворыць адзін з фіналістаў, Яраслаў Раманчук:

Калі б так было і на тэлебачаньні, то было б значна лепш, таму што там былі пытаньні ад гледачоў, слухачоў.
«Калі б так было і на тэлебачаньні, то было б значна лепш, таму што там былі пытаньні ад гледачоў, слухачоў. Вельмі добры вядучы, які працуе як журналіст, а не як прапагандыст. Так што гэты фармат мне падабаецца значна больш, чым той, які прапанавалі ўлады на БТ».

Віталь Рымашэўскі кажа, што на альтэрнатыўных дэбатах было выяўлена адзінства апазыцыйных кандыдатаў:

«Насамрэч дэбатамі гэта складана назваць, таму што там не было з кім дэбатаваць, усе былі адзіныя, казалі адно і тое, а галоўны наш апанэнт далей хаваецца ад нас».

Усе апазыцыйныя кандыдаты працягваюць свае паездкі па рэгіёнах Беларусі.

Мікалай Статкевіч і Дзьмітры Вус увечары сустракаюцца з выбарцамі ў Гомелі. Рыгор Кастусёў праводзіць сходы ў Маладэчне і Смаргоні, Віктар Цярэшчанка едзе да выбарцаў у Гародню, а Віталь Рымашэўскі — у Берасьце.

Усе апазыцыйныя кандыдаты заяўляюць, што зьбіраюцца актыўна выкарыстаць усе дні, адведзеныя на агітацыю, каб езьдзіць па краіне і сустракацца з выбарцамі. Разам з тым Віталь Рымашэўскі заклікае калег у апошнія дні перад выбарамі больш увагі аддаць Менску, каб актыўней рыхтавацца да Плошчы 19 сьнежня.

7 сьнежня, лёсаваньне

8 сьнежня, Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў, Алесь Міхалевіч.

9 сьнежня, Дзьмітрый Вус, Віталь Рымашэўскі, Віктар Цярэшчанка.

10 сьнежня, Уладзімер Някляеў, Мікола Статкевіч.

14 сьнежня, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG