Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Ад 1 студзеня 2011 году грамадзяне пяці постсавецкіх краінаў, уключна зь Беларусьсю, змогуць працаўладкоўвацца ў Польшчы без адмысловага дазволу. Міністэрства працы Польшчы абвясьціла, што замежнікі змогуць працаваць на падставе толькі дакумэнта ад працадаўцы, а афармляць абавязковы дагэтуль дазвол не патрабуецца. Наколькі прыцягальны польскі працоўны рынак для беларусаў?

Летась у Польшчу легальна прыехалі на працу блізу 200 тысяч чалавек зь Беларусі, Украіны, Расеі, Грузіі і Малдовы. Але ценевы рынак працоўнай сілы, згодна з ацэнкамі, як мінімум у 3—4 разы большы — ад 600 тысяч да 1 мільёна чалавек. Каб легалізаваць асноўную частку іншаземцаў, польскія ўлады пайшлі на палёгкі ў дамовах з працоўнымі мігрантамі. Міністэрства працы падпісала распараджэньне, згодна зь якім грамадзяне згаданых краінаў ад 1 студзеня змогуць працаваць на аснове дакумэнта ад працадаўцы.
Cпрошчаная форма зьведзеная да заявы. Але што далей — пакуль адказаць складана

Прадстаўнік амбасады Польшчы ў Беларусі Павал Марчук удакладніў, што працадаўца мусіць паведаміць пра намер уладкаваць грамадзяніна адной з гэтых краінаў ва ўправу працы свайго рэгіёну і зарэгістраваць там заяву аб прыёме іншаземца. Аднак застаецца вырашыць тэхнічныя моманты:

"Апроч рашэньня міністэрства, патрэбен шэраг выканаўчых актаў. Скажам, ёсьць абмежаваньне, якое прадугледжвае, што замежнік можа знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы да 90 дзён. Як гэта будзе распаўсюджвацца на людзей, якія будуць працаваць у гэтым спрошчаным варыянце — ня ведаю. Якія яны візы будуць атрымліваць, хто будзе весьці ўлік працаўнікоў? То бок, з аднаго боку, спрошчаная форма, зьведзеная да заявы: працадаўца будзе паведамляць у ваяводзкую ўправу па працаўладкаваньні, што ён мае намер прыняць на працу замежніка. На падставе гэтай заявы зацікаўленая асоба зможа атрымаць візу. Але што далей — пакуль адказаць складана".
Ёсьць шэраг працоўных месцаў у Польшчы, як і ў шмат якіх краінах Эўропы, якія палякі ня хочуць займаць...

Чым выклікана пашырэньне рынку працы ў Польшчы? Магчыма, гэта зьвязана з тым, што самі палякі ў масавым парадку ад'яжджаюць на заробкі ў краіны Эўразьвязу, а вакантныя месцы некім трэба займаць. Тлумачыць Павал Марчук:

"Часткова гэта, вядома, так. Таму што ёсьць шэраг працоўных месцаў у Польшчы, як і ў шмат якіх краінах Эўропы, якія палякі ня хочуць займаць. Але ўсё гэта тычыцца людзей зь вельмі рознымі кваліфікацыямі. Прыкладам, я сустракаў у Варшаве лекараў зь Беларусі. Гэта высокакваліфікаваныя працаўнікі. Але адначасова я амаль штодня сустракаю ў тым ці іншым унівэрмагу касірак зь Беларусі. Акрамя таго, ведаю, што да нас езьдзяць беларускія навукоўцы плюс таксама спартоўцы. Гэта дзьве катэгорыі, пра якія я дакладна ведаю, што яны пасьпяхова працуюць у Польшчы".
Людзі едуць туды ня столькі на заробкі, а каб папросту ня жыць тут, у Беларусі ...

Жыхар Пінску Дзьмітрый Шульпін падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад працы ў Польшчы. Паводле яго, ніводнага разу ён не сустракаў за Бугам чалавека з усходняй Беларусі, усе — жыхары берасьцейскага ды гарадзенскага памежжа. Апроч таго, нават пры ня самых высокіх прыбытках многія едуць у Польшчу як у вольны сьвет — далей ад беларускай дыктатуры:

"Сапраўды, ёсьць такія людзі, якія едуць туды ня столькі на заробкі, а каб папросту ня жыць тут, у Беларусі. То бок зьяжджаюць ад нашай сыстэмы. Многія наўпрост кажуць: так жыць немагчыма. Але таксама зьяжджаюць, каб знайсьці ў Польшчы пасярэдніцкую фірму і далей зьехаць, прыкладам, у Нямеччыну ці Швэцыю".
На будоўлі ў Польшчы можна зарабіць 2—4 мільёны рублёў. Але каб зарабіць такія грошы, звычайна людзі працуюць па 10—12 гадзін...

Карэспандэнт: "У якіх усё ж сфэрах найбольш занятыя беларусы?"

"Пераважна гэта працы, зьвязаныя з будаўніцтвам. Хоць трэба сказаць, што пасьля 2008 году, пасьля крызісу, заробкі сталі істотна ніжэйшыя. Прыкладам, на гэтым момант на будоўлі ў Польшчы можна зарабіць ад 2000 да 4000 злотых, у эквіваленце — 2—4 мільёны рублёў. Але каб зарабіць такія грошы, звычайна людзі працуюць па 10—12 гадзін, і ў суботу яшчэ дзесьці 6 гадзін. У прынцыпе, зараз такія грошы можна зарабіць на будоўлі і ў Беларусі, тыя ж 2 мільёны. Але хтосьці хоча ўсё ж мець штосьці большае".

У Міністэрстве працы Польшчы ўдакладняюць, што перадусім ёсьць попыт на сэзонныя працы, найперш у сельскай гаспадарцы. Іншаземцы — не канкурэнты польскім працаўнікам, якія цягам апошніх гадоў адкрылі для сябе нашмат больш прывабныя з матэрыяльнага гледзішча нішы ў Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Аўстрыі. Апроч аграрнай галіны, запатрабаваныя "гастарбайтэры" ў будаўніцтве, гастраноміі, турызьме, у аказаньні хатніх паслуг. У польскіх ВНУ навучаюцца сотні беларускіх студэнтаў, значная частка якіх пасьля атрыманьня дыплёмаў хоча застацца ў гэтай краіне.
У нас зараз самы нізкі заробак — гэта 1500 злотых. Гэта блізу 500 эўра...

У беларускіх дзяржаўных ведамствах не прагназуюць масавага адтоку працаўнікоў зь Беларусі ў Польшчу. Найперш актуальным застаецца расейскі кірунак: там хоць і ёсьць пагроза трапіць да нядобрасумленных працадаўцаў, але адсутнасьць моўных бар'ераў дазваляе шукаць альтэрнатыву. Па-другое, не дае разгарнуцца высокі кошт шэнгенскай візы, што стрымлівае імпэт у спробах уладкавацца ня толькі ў Польшчы, але і ў Латвіі і ў Літве. Праўда, як лічыць Павал Марчук, пераплаты за візу баяцца ня трэба:

"Калі чалавек зьбіраецца працаваць на легальнай працы ў Польшчы, то для яго гэта ўжо нармальна. Ня трэба зыходзіць толькі з дарагой візы. У нас зараз самы нізкі заробак, каб хтосьці ўвогуле хацеў за яго працаваць, — гэта 1500 злотых. Гэта блізу 500 эўра. Палякі таксама працуюць за такія грошы, так што заробак цалкам нармальны".

Дакладнай статыстыкі беларускай працоўнай прысутнасьці ў Польшчы няма. Перадусім з-за таго, што працоўныя дэсанты зь Беларусі кароткатэрміновыя, сэзонныя дамовы афармляюцца збольшага на словах і ўлік іх не вядзецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG