Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане памёр брат паэткі Ларысы Геніюш Аляксей Міклашэвіч


Аляксей Міклашэвіч з сынамі Робэртам і Рычардам. Лёндан, 1958 г.

Аляксей Міклашэвіч з сынамі Робэртам і Рычардам. Лёндан, 1958 г.

У веку 87 гадоў 10 сьнежня ў Лёндане памёр родны брат паэткі Ларысы Геніюш Аляксей Міклашэвіч.

Нарадзіўся ён у 1923 годзе ў фальварку Жлобаўцы на Ваўкавышчыне. У 1940 годзе разам з маці, братамі й сёстрамі быў высланы ў Казахстан. Падчас Другой усясьветнай вайны ў складзе польскай арміі генэрала Андэрса ўдзельнічаў у бітве пры Монтэ-Касіна (дзе, дарэчы, загінуў другі брат Ларысы Антонаўны — Аркадзь).

Пасьля Другой усясьветнай вайны Аляксей Міклашэвіч жыў у Вялікай Брытаніі, у Шэлфалдзе і Лёндане. Дапамагаў матэрыяльна сястры, калі тая, вярнуўшыся з Гулагу, жыла ў Зэльве й вымушана нідзе не працавала.

У сваёй "Споведзі" Ларыса Геніюш згадвала пра брата: "Вельмі бурным, гордым, сьмелым юнаком быў наймалодшы з хлопцаў Аляксей... Алёша не забываў нас. "Дзьве тысячы братоў маіх ляжыць тут", — пісаў ён мне, перасылаючы здымак Монтэ-Касіна й знамянітую песьню аб ім. Хлопец быў хоць вады напіся — высокі, стройны й на здымках амаль волат сярод акружаючых яго дробных, нармальных людзей. Аляксей, кудою ні праходзіла іх армія, усюды лёгка вывучаў мовы й размаўляў па-італьянску, па-нямецку й дасканала ведаў ангельскую мову. Мне было радасна з таго, што хоць ён адзіны выжыў з гэтае вайны. Род наш, Богу дзякаваць, не загінуў".

Аляксей Міклашэвіч быў двойчы жанаты. У двух шлюбах меў сямёра дзяцей — шасьцёра сыноў і дачку.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG