Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы лічаць Казахстан больш надзейным партнэрам, чым Беларусь


Такія вынікі нацыянальнага апытаньня, праведзенага Ўсерасейскім цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ) у кастрычніку сёлета.

Паводле апытаньня, Казахстан лічаць самым надзейным партнэрам Расеі ў СНД 37% апытаных, Беларусь –23%, Украіну – 21%. Летась у Казахстане найбольш надзейнага партнэра Расеі бачылі 31% апытаных, у Беларусі, якая займала першае месца – 43%, ва Ўкраіне – толькі 4%. Навідавоку падзеньне даверу да Беларусі амаль удвая і рост даверу да Ўкраіны больш чым у 5 разоў.

Гэтым ацэнкам краін адпавядаюць і ацэнкі іх лідэраў, сёлета найбольшым даверам расейцаў карыстаўся казахстанскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў (32%), на другім месцы – украінскі кіраўнік Віктар Януковіч (17%), на трэцім – Аляксандар Лукашэнка (16%). Паводле ВЦИОМ за год давер расейцаў да беларускага прэзыдэнта зьнізіўся амаль удвая – з 33% да 16%.

Варта адзначыць, што ў вачах рэспандэнтаў Беларусь захоўвае лідэрства ў сэнсе забесьпячэньня палітычных, сацыяльных і грамадзянскіх правоў расейскамоўнага насельніцтва: 27% апытаных лічаць, што гэтыя правы забясьпечаныя ў Беларусі, 21% - у Казахстане, 17% – ва Ўкраіне. Пры гэтым летась амаль палова апытаных (48%) меркавалі, што ў Беларусі забясьпечаныя правы расейскамоўных.
XS
SM
MD
LG