Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантроль, забарона, папярэджаньні


Выбарчая агітацыя ў Берасьці

Выбарчая агітацыя ў Берасьці

Пільны кантроль з боку міліцыянтаў падчас пікетаваньня, адмова публікаваць праграму кандыдата ў прэзыдэнты, папярэджаньне за распаўсюд улётак — асноўныя перашкоды, якія чыняць давераным асобам кандыдатаў у прэзыдэнты чыноўнікі на Берасьцейшчыне.

У даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука па Берасьці Сяргея Вакуленкі, які ладзіў інфармацыйны пікет у цэнтры гораду, міліцыянты запатрабавалі дакумэнты і дазвол на правядзеньне мерапрыемства. Пікет міліцыянты спынілі. Сяргей Вакуленка зьвярнуўся ў пракуратуру, абласную міліцыю:

"Каля Цэнтральнага рынку патрульны нарад у складзе трох міліцыянтаў запатрабаваў ад мяне дакумэнты, якія дазвалялі б пікет. Міліцыянты папрасілі патлумачыць, на якой падставе мы распаўсюджваем агітацыйныя матэрыялы за Яраслава Раманчука. Аказваецца, міліцыянты ня ведалі пра дазвол адміністрацыі гораду Берасьця весьці распаўсюд агітацыйных матэрыялаў у зручных месцах".

Сяргей Вакуленка зьвярнуўся да кіраўніцтва міліцыі з просьбай праводзіць інструктаж патрульных міліцыянтаў.

Найбольш непрыемных момантаў падчас агітацыйнай кампаніі налічвацца ў берасьцейскім штабе Віталя Рымашэўскага. Абласная газэта "Зара" адмовілася публікаваць праграму ў тым выглядзе, у якім прынёс яе ў рэдакцыю Зьміцер Шурхай, давераная асоба кандыдата.

Толькі пасьля таго, як тэкст прайшоў узгадненьне з рэдактарам выданьня, газэта апублікавала праграму. Яшчэ адна рэдакцыя, на гэты раз тэлеканалу "Буг-ТБ", адмовілася прыняць ад даверанай асобы рэкляму пра будучую сустрэчу з кандыдатам у Берасьці:

"Дзяўчына, якая прымае аб'явы ў рэдакцыі, сказала мне, што ёсьць месца ў эфіры і заключыла са мной дамову. Але на наступны дзень, калі я прыйшоў на тэлестудыю, мне было паведамлена пра тое, што аказваецца, рэклямны блёк ужо перапоўнены".

Акрамя іншага, тэрытарыяльная камісія Ленінскага раёну Берасьця вынесла Зьмітру Шурхаю вуснае папярэджаньне за распаўсюд інфармацыйных улётак:

"Мне як даверанай асобе кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага вынесена вуснае папярэджаньне за расклейку агітацыйных матэрыялаў у недазволеных месцах. Паводле камісіі, улёткі былі расклееныя на будаўнічым плоце ў цэнтры гораду, што забаронена".

Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін адзначае, што сёлетняя выбарчая кампанія мае шэраг асаблівасьцяў. Напрыклад, адметна тое, што нідзе няма агітацыйных плякатаў дзейнага кіраўніка краіны і кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі:

"Паўсюль вісяць плякаты кандыдатаў у прэзыдэнты. Але ў Берасьці я ня бачыў нідзе ніводнага плякату ў падтрымку дзейнага кіраўніка краіны. Тым ня менш паўсюль у дзяржаўных СМІ мы бачым менавіта гэтую асобу".

Паводле Ўладзімера Вялічкіна, падчас сустрэчаў з кандыдатамі ў прэзыдэнты ў Берасьці сярод выбаршчыкаў выяўляецца шмат правакатараў, якія імкнуцца зьмяніць ход сустрэчы, заблытаць кандыдатаў.

Падчас сустрэчы кандыдатаў на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса і Міколы Статкевіча невядомыя асобы задавалі правакацыйныя пытаньні, вялі відэазапіс сходу. Пры гэтым яны здымалі пустыя крэслы.
XS
SM
MD
LG