Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 сьнежня ў Беларусі стартуе датэрміновае галасаваньне на выбарах прэзыдэнта краіны. Шмат хто разглядае датэрміновае галасаваньне як спосаб маніпуляцыі галасамі выбарнікаў, як сродак масавых фальсыфікацыяў. Як вядома, бальшыня альтэнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты настойліва заклікалі выбарнікаў не ісьці на выбары датэрмінова, а прагаласаваць 19 сьнежня.

Госьць “Начной Свабоды: вынікаў дня” – юрыст, праваабаронца Гары Паганяйла. З набліжэньнем пачатку галасаваньня на выбарах спадар Паганяйла прапанаваў спосаб для прадухіленьня фальсыфікацыяў.

Бушлякоў: “Я сьцьвярджаю, – напісалі вы нядаўна на старонках “Народнай волі”, – што ў нас, выбарнікаў, ёсьць і лом, і кувалда, дадзеныя нам у рукі Выбарчым кодэксам, і мы зможам разбурыць навязаную нам сыстэму выбараў”. Што канкрэтна трэба зрабіць, каб зьявілася магчымасьць пракантраляваць сумленнасьць выбарчага працэсу?

Паганяйла: Я прапанаваў спосаб злавіць фальсыфікатараў такім чынам: калі чалавек заходзіць у кабінку зь бюлетэнем, адрывае палавінку бюлетэня з подпісамі чальцоў камісіі і кладзе сабе ў кішэню, а другую палавінку кідае ў скрыню. Гэтыя палавінкі мусяць быць знойдзеныя і прызнаныя несапраўднымі. Так можна злавіць за руку фальсыфікатараў.

Бушлякоў: З аналягічным заклікам вы выступалі перад рэфэрэндумам 2004 году, на якім Лукашэнка зьняў абмежаваньні на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для адной асобы. І што даў гэты мэтад процідзеяньня тады?

Паганяйла: Тады вельмі позна апублікавалі мой артыкул. Тады ўжо ішло папярэдняе галасаваньне. І практычна ніякай працы мы ня здолелі правесьці, каб задзейнічаць гэты спосаб. Тым ня менш у некалькіх месцах мы злавілі фальсыфікатараў.

Бушлякоў: Ці знаёмыя з вашай ініцыятываю альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзыдэнты. Калі знаёмыя, то якая іх рэакцыя?

Паганяйла: Па-мойму, рэакцыі ніякай. Альтэрнатыўныя кандыдаты занятыя сваімі ўласнымі праграмамі, і іх менш за ўсё цікавіць тое, што прапанаваў я ці іншыя грамадзяне нашай краіны. Напрыклад, была ініцыятыва зьвярнуцца аб зьняцьці Лукашэнкі з рэгістрацыі па вядомых абставінах, аднак, наколькі я ведаю, ніводзін з кандыдатаў не зьвярнуўся у Цэнтральную камісію з абгрунтаваньнямі неабходнасьці зьняцьця Лукашэнкі з рэгістрацыі. Яны працягваюць зь ім змагацца. Праўда, сеўшы зь ім за партыю шахматаў, яны павінны разумець, што ён грае не фігурамі, а дошкай, ды яшчэ і па галаве. Жорстка і адназначна. Ва ўмовах дыктатуры лічыць, што выбары зьяўляюцца дэмакратычным інструмэнтам зьмены ўлады – гэта, на мой погляд, вялікая памылка. Праз выбары пытаньне так не вырашаецца. Дыктатура ёсьць дыктатура.

Слухаць гутарку цалкам:

  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG