Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 сьнежня ў Брусэлі адбылася сустрэча міністраў замежных справаў 27 краін Эўразьвязу зь іх калегамі з шасьці постсавецкіх краінаў, якія ўдзельнічаюць у ініцыятыве ЭЗ Усходняе партнэрства.

У нарадзе таксама ўзялі ўдзел эўракамісар Штэфан Фюле, прадстаўнікі Эўракамісіі, віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, прадстаўнік Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку.

Пасяджэньне праходзіла пад старшыняваньнем кіраўнічкі зьнешняй палітыкі ЭЗ, віцэ-прэзыдэнта Эўракамісіі Кэтрын Эштан.

5 краін-партнэраў, у тым ліку Беларусь, былі прадстаўленыя кіраўнікамі МЗС, Азэрбайджан – намесьнікам міністра замежных справаў.

У паведамленьні прэсавай служба эўракамісара Фюле адзначаецца, што міністры падкрэсьлілі, што партнэрства грунтуецца на прынцыпах міжнароднага права і фундамэнтальных каштоўнасьцях, уключаючы дэмакратыю, вяршэнства закона і павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Міністры таксама падкрэсьлілі стратэгічную важнасьць Усходняга партнэрства як спосабу паглыбленьня і ўмацаваньня адносін паміж ЭЗ і краінамі-партнэрамі, паскарэньня палітычнай асацыяцыі і далейшай эканамічнай інтэграцыі і падтрымкі палітычных і сацыяльна-эканамічных рэформаў дзяржаваў-партнэраў.


Міністры віталі ўзмацненьне двухбаковых адносін з шэрагам партнэраў, аб чым сьведчыць прагрэс у перамовах пра Пагадненьне аб асацыяцыі і крокі ў кірунку большай мабільнасьці людзей.

Міністры з задавальненьнем адзначылі паляпшэньне каардынацыі працы міжнародных фінансавых установаў і іншых донараў у спробе дасягнуць больш пасьлядоўнага і комплекснага падыходу да краін Партнэрства.

Міністры выказаліся ў падтрымку больш актыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасьці ў тэхнічнай працы шматбаковых перамоваў "Усходняга партнэрства", за актыўную ролю Форуму грамадзянскай супольнасьці "Усходняга партнэрства". На сустрэчы выступіў прадстаўнік Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства, які азнаёміў міністраў з высновамі і рэкамэндацыямі нарады, якую Форум правёў у Бэрліне 18 -19 лістапада 2010.

Міністры правялі першапачатковае абмеркаваньне магчымых абласьцей, у якіх супрацоўніцтва ў межах Усходняга партнэрства можа быць пашыранае. Адным з накірункаў пазначана спрашчэньне візавага рэжыму для студэнтаў, навукоўцаў і бізнэсоўцаў.

У траўні 2011 году ў Будапэшце адбудзецца сустрэча на вышэйшым узроўні краін Эўразьвязу і краін-партнэраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG