Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя зьбірае назіральнікаў у начныя дазоры


Галоўная скрыня на ўчастку № 23 у Гомелі

Галоўная скрыня на ўчастку № 23 у Гомелі

За датэрміновым і асноўным галасаваньнем у рэгіёнах будуць назіраць звыш 1500 дэмакратычных актывістаў. Усе гэтыя назіральнікі загадзя акрэдытаваныя ад палітычных партый, грамадзкіх арганізацый і праз збор подпісаў выбарцаў. Як апазыцыя будзе назіраць за галасаваньнем, удакладнялі рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


На 39 участках назіраньне будзе круглыя суткі

На Гомельшчыне для назіральнікаў праведзена 14 адмысловых трэнінгаў. Навучаньне атрымалі больш як 200 дэмакратычных актывістаў. Пра гэта паведаміў рэгіянальны каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары" Ўладзімер Кацора:

"Мы ўжо накіравалі першых назіральнікаў на ўчасткі. Гэта найперш 39 участкаў у Гомельскай вобласьці, дзе будзе надзвычай пільнае
Галоўнае, чым яны будуць займацца, — сачыць, каб скрыня для датэрміновага галасаваньня пастаянна была ў полі зроку.
назіраньне. Галоўнае, чым яны будуць займацца, — сачыць, каб скрыня для датэрміновага галасаваньня пастаянна была ў полі зроку. І другое — потым, калі будзе падлік галасоў, каб ён вёўся паводле заканадаўства — асобна. Скрыня для датэрміновага галасаваньня, скрыня па месцы пражываньня выбарцаў і асноўная скрыня".

Пільнае назіраньне на кожным з 39 вызначаных участкаў будуць весьці як мінімум чатыры назіральнікі.

Чаму менавіта чатыры, тлумачыць старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

"Тут будзе назіраньне і падчас перапынку на абед, і таксама начное назіраньне. Пільнае назіраньне плянуецца ў Гомелі, Сьветлагорску, Жлобіне, Мазыры, Рэчыцы і некаторых іншых раённых цэнтрах".

Ва ўчастковыя камісіі накіравана таксама 17 заяў з прапановамі дазволіць назіральнікам і ноччу дзяжурыць на ўчастках разам зь міліцыянтамі. Але паколькі вялікіх спадзеваў на дазвол няма, то актывісты зьбіраюцца дзяжурыць ноччу ля ўчасткаў, выкарыстоўваючы дзеля гэтага аўтамашыны.

Трэнінг назіральнікаў у офісе АГП у Гомелі

Гаворыць рэгіянальны кіраўнік партыі левых "Справядлівы сьвет" Уладзімер Сякерка:

"Мы падабралі транспарт, падабралі людзей, якія будуць кругласуткава дзяжурыць ля выбарчых участкаў. Мэта такая: каб на выбарчыя ўчасткі пасьля іх закрыцьця ніхто не заходзіў, апроч дзяжурных міліцыянтаў".

З акрэдытацыяй звычайных назіральнікаў вялікіх праблемаў пакуль не ўзьнікала. Непаразуменьні былі толькі на асобных участках.

Апавядае Валер Рыбчанка, актывіст "Справядлівага сьвету" са Жлобіну:

"Перашкоды былі дробныя. Напрыклад, у Жлобіне й Сьветлагорску ў камісіях нашым вылучэнцам казалі, што няма пячатак на пратаколах. А потым высьвятлялася, што ўсё добра, — і назіральнікаў рэгістравалі".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Асноўнае назіраньне — у Горадні, Лідзе і Слоніме

На Гарадзеншчыне назіральнікі ня здолеюць пракантраляваць выбары на ўсіх участках, але там, дзе будуць прысутнічаць, прыкладуць намаганьні, каб не дапусьціць фальсыфікацый і мець ясны малюнак таго, як галасуюць выбарцы.

Сёлета на Гарадзеншчыне будзе арганізаванае назіраньне за выбарамі ад чатырох партый: АГП, БНФ, "Справядлівы сьвет" і БСДГ, а таксама непартыйнае назіраньне ад праваабарончых арганізацый: Беларускага Гэльсынскага камітэту і незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі "Вясна".

Са слоў аднаго з каардынатараў Віктара Сазонава, дзеяньні партыйнага і непартыйнага назіраньня скаардынаваныя, участкі дзялілі разам.

Сазонаў: "Мы вырашылі пароўну падзяліць акругі і на 54 акругі выдзелілі па адным назіральніку ад кожнай партыі. Такім чынам, на кожнай зь іх павінны будуць прысутнічаць па 4 чалавекі ад гэтых партый".

Кіраўнік абласной структуры АГП Юры Істомін кажа, што ў вобласьці наагул незалежным назіраньнем здолелі ахапіць толькі тры буйныя гарады: Горадню, Ліду і Слонім. На астатніх участках назіраньня ня будзе.

Істомін: "Мы вызначылі для сябе 35 такіх ударных участкаў, дзе правядзем паўнавартаснае назіраньне. Спадзяемся, што такая тактыка дасьць плён. І потым у нас будзе дастаткова інфармацыі з гэтых участкаў дзеля таго, каб рабіць выснову аб дэмакратычнасьці выбараў".
Дзеля таго, каб назіраньне было паўнавартасным, яны будуць праводзіць яго круглыя суткі.


Прадстаўнік партыі "Справядлівы сьвет" Павал Станеўскі кажа, што дзеля таго, каб назіраньне было паўнавартасным, яны будуць праводзіць яго круглыя суткі.

Станеўскі: "Калі нас ня пусьцяць сядзець побач зь міліцыянтам у памяшканьні, то будзем рабіць гэта на адлегласьці: сачыць, ці не запальваецца сьвятло ў памяшканьні са скрыняй для галасаваньня, ці ніхто не ўваходзіць у будынак і г.д. Вядома, зіма, цяжка, але будзем сядзець у машынах".

Назіральнік ад Беларускага Гэльсынскага камітэту Раман Юргель распавядае пра тое, як улады рыхтуюць назіральнікаў. Як ён кажа, адзін зь ягоных назіральнікаў прыйшоў рэгістравацца на ўчастак, а старшыня выбарчай камісіі яму заявіў, што той вылучаны назіральнікам ужо ад БРСМ на іншы ўчастак.

Юргель: "Гэты хлопец нават не зьяўляецца сябрам БРСМ, ніколі не пісаў заявы і не ўступаў у гэтую арганізацыю. Але яму патлумачылі, што ён працуе настаўнікам, што яму трэба рабіць кар’еру, таму, маўляў, назірай на іншым участку".

Са слоў спадара Юргеля, пасьля таго як малады чалавек адмовіўся ад гэтага, праз два дні ад яго запатрабавалі вярнуць паперу, згодна зь якой яго накіравалі назіральнікам, і правілы, як паводзіць сябе назіральніку ад БРСМ на выбарчым участку.

ВІЦЕБШЧЫНА


Назіральнікі будуць лічыць выбарцаў "па галовах"

У Віцебску апазыцыя мае 60 назіральнікаў, якія гатовыя працаваць ад першага да апошняга дня выбараў. Напярэдадні зь імі была праведзена адпаведная вучоба.

Паводле кардынатара дэмакратычнага назіраньня Аляксея Гаўруцікава, галоўнае, на што зьвярталі ўвагу інструктары, — гэта каб назіральнікі ўважліва сачылі за працэдурай апячатваньня скрыні для галасаваньня і пільна падлічвалі колькасьць тых, хто прагаласуе:
Усім рэкамэндавана не пакідаць выбарчы ўчастак і весьці татальны падлік выбарцаў.

"Людзям патлумачылі асновы заканадаўства, пасьлядоўнасьць працэдур, каб абавязкова была квота чальцоў камісіі пры апячатваньні скрыні — на гэта зьвяртаем увагу. І ўсім рэкамэндавана не пакідаць выбарчы ўчастак і весьці татальны падлік выбарцаў. Там напрыканцы кожнага дня павінны вывешваць пратакол, колькі прагаласавала. А нашы назіральнікі будуць лічыць "па галовах" — такім чынам будзе візуальны кантроль: колькі людзей было і колькі напіша камісія ў пратаколе.

Паводле Аляксея Гаўруцікава, навучаньне не прадугледжвае разгляду канфліктных сытуацый на ўчастках — да прыкладу, калі назіральніка абвінавацяць у беспадстаўных прыдзірках.

На мадэляваньне такіх сытуацый проста няма часу, — кажа прадстаўнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ігар Казьмярчак з Воршы. Калі які канфлікт здарыцца, то рэкамэндавана зьвязвацца са сваім каардынатарам, а ён будзе трымаць сувязь з праваабаронцамі ды журналістамі.

Ігар Казьмярчак кажа, што датэрміновым назіраньнем займаюцца ў Воршы дзьве каманды:

"У Воршы працуюць дзьве кампаніі назіраньня. Гэта — "За справядлівыя выбары" і "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Па "праваабарончай лініі" назіральнікі будуць працаваць на 14-ці ўчастках, а прадстаўнікі партый — гэта кампанія "За справядлівыя выбары" — на 6-ці ўчастках.

Аршанскія актывісты вырашылі браць ня колькасьцю, а якасьцю: "накрыць" невялікую колькасьць участкаў, але кантраляваць увесь выбарчы працэс ад першай да апошняй хвіліны. Таму на ўчастках будуць супольна працаваць па 3—4 незалежныя назіральнікі.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў мяркуе, што дакладную колькасьць назіральнікаў падлічыць немагчыма: практычна пасьля кожнай сустрэчы зь незалежнымі кандыдатамі на прэзыдэнта знаходзяцца ўсе новыя ахвотныя далучыцца да назіраньня. Гэта не партыйцы і не прадстаўнікі нейкіх арганізацый — звычайныя людзі, якія, можа, упершыню вырашылі паглядзець выбарчы працэс "зь сярэдзіны".

Спадар Левінаў кажа, што намеры ў такіх людзей самыя радыкальныя: яны гатовыя браць з сабой фотаапараты, дыктафоны і відэакамэры, каб фіксаваць правапарушэньні. А таксама тэрмасы і бутэрброды, каб нікуды не адлучацца з участкаў. Такіх "навічкоў" праваабаронца папярэджвае, што праца будзе нялёгкая:
Старшыням участковых камісій было загадана фармаваць групы сваіх, "давераных" назіральнікаў. І яны будуць усяляк правакаваць і замінаць працы назіральнікаў незалежных.


"Паводле маіх зьвестак, старшыням участковых камісій было загадана фармаваць групы сваіх, "давераных" назіральнікаў. І яны будуць усяляк правакаваць і замінаць працы назіральнікаў нашых, незалежных. Да гэтага трэба быць гатовым — што зь першай жа надуманай прычыны іх могуць выдаліць з выбарчых участкаў".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Старшыня камісіі, яе сябры і назіральнікі — настаўнікі адной школы

За датэрміновым галасаваньнем на Магілёўшчыне зьбіраюцца назіраць каля трохсот прадстаўнікоў розных незалежных грамадзкіх і партыйных фармаваньняў. Колькасьць жа назіральнікаў, вылучаных ад праўладных арганізацыяў, сягае чатырох тысяч.

Больш за дзьве тысячы назіральнікаў вылучылі "Белая Русь", "БРСМ", афіцыйныя прафсаюзы ды вэтэранскія арганізацыі. Яшчэ каля 1400 чалавек назіральнікамі сталі шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў. Як фармуецца прадзяржаўны назіральніцкі актыў, апавёў сябра абласной выбарчай камісіі Ўладзімер Парфёнаў:

"З прадстаўнікоў школы, напрыклад, сфармаваная выбарчая камісія, а туды ж на выбарчы ўчастак накіроўваюцца назіральнікамі звычайныя настаўнікі. Яны павінны сачыць за камісіяй, старшыня якой — іх дырэктар".

Колькі акрэдытавана на ўчастках назіральнікаў ад апазыцыі, пакуль невядома. Іх рэгістрацыя яшчэ працягваецца. Каардынатар грамадзкай кампаніі "За справядлівыя выбары" Юры Новікаў заяўляе, што назіральнікамі гатовыя стаць 220 актывістаў на вобласьць. Чаго чакаць ад праўладных назіральнікаў, пытаюся ў яго:

"Ствараецца масоўка, каб растварыць нашых назіральнікаў сярод гэтага вялікага натоўпу. Калі мы будзем нечага патрабаваць, яны будуць стаяць на баку камісіі. Мы будзем намагацца застацца з тым памяшканьнем, дзе знаходзіцца урна і якое павінна быць апячатаным. Каб ніхто ноччу туды не ўвайшоў і не зрабіў падлогу. Я, аднак, ня ўпэўнены, што нам гэта дазволяць".

Нічога добрага не чакае ад праўладных назіральнікаў каардынатар яшчэ адной грамадзкай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Колчын.

"Яны патрэбныя ўладзе, каб сказаць, што выбары адбыліся ў адпаведнасьці з законам і не было парушэньняў. Па-другое, для нэўтралізацыі якраз незалежных назіральнікаў. Былі выпадкі на мінулых выбарах: праўладныя назіральнікі рабілі правакацыі, пасьля якіх незалежных назіральнікаў выдалялі з участкаў".

Праваабаронцы выстаўляюць на ўчасткі для галасаваньня 60 назіральнікаў. У рэгіянальных штабах кандыдатаў у прэзыдэнты паведамілі, што за датэрміновым галасаваньнем назіраць ня будуць. Сваіх актывістаў адправяць на назіраньне ў дзень галасаваньня — 19 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG