Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне пачаліся напады на агітатараў за апазыцыйных кандыдатаў


Кірыл Семянчук раздае агітацыйныя ўлёткі за Ўладзімера Някляева ў Горадні

Кірыл Семянчук раздае агітацыйныя ўлёткі за Ўладзімера Някляева ў Горадні

Двое мужчынаў спартыўнага целаскладу прычапіліся да актывіста штабу Някляева ў вёсцы Азёры Гарадзенскага раёну і патрабавалі, каб ён болей не раздаваў улётак свайго кандыдата. У Горадні невядомы напаў на аднаго з актывістаў штабу Яраслава Раманчука, ударыў яго некалькі разоў па галаве і ўцёк.

Кірыл Семянчук у сваёй вёсцы Азёры раздаваў людзям агітацыйныя ўлёткі Ўладзімера Някляева. Зь яго слоў, на адной з вуліц да яго падышлі двое, пачалі піхаць, парвалі на ім камізэльку з надпісам "За Ўладзімера Някляева!" і пачалі груба страшыць, лаяцца.

Аднак падыйшлі вясковыя жанчыны і ў самым прамым сэнсе, як кажа Кірыл Семянчук, адбілі яго ў невядомых. Ён хацеў тэлефанаваць у міліцыю, але адна з жанчын, зь яго слоў, сказала, што бачыла, як гэтыя невядомыя вылазілі зь міліцэйскай машыны, якая потым ад’ехала.

Сёньня Кірыл Семянчук напісаў заяву ў раённае аддзяленьне міліцыі.

Падобны выпадак здарыўся ўчора ўвечары ў Горадні, калі актывіст Даніла Кляўко раздаваў агітацыйныя ўлёткі Яраслава Раманчука побач з крамай "Брэст".

Зь яго слоў, невядомы падбег ззаду, некалькі разоў стукнуў яго па шыі і па галаве, папярэдзіў, каб ён пакінуў раздаваць улёткі, і сам хуценька ўцёк.
XS
SM
MD
LG