Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Кіньце гульню ў выбары з напарстачнікам "


За тыдзень да галасаваньня асноўная колькасьць званкоў тычыцца выбарчай тэмы. Слухачы пытаюцца: ці ёсьць гарантыі таго, што выбары будуць справядлівымі і дэмакратычнымі? Ці варта ісьці на плошчу ў дзень галасаваньня?

Багата пытаньняў, якія задаюць слухачы, зьвязаныя з мітынгам на Кастрычніцкай плошчы Менску, які апазыцыя плянуе правесьці ўвечары 19 сьнежня.

Наша слухачка сталага веку кажа:

"19-га ў 20:00 на плошчы зьбяруцца людзі, якіх хвалюе лёс краіны нашай. Туды прыйдуць усе мае сябры. Як бы мне хацелася быць разам зь імі! Стан здароўя і мыліцы не дазволяць мне гэта зрабіць, але я ўсім сэрцам і душой буду там. На плошчы. Мяне заўсёды зьдзіўляе, чаму на нашай зямлі, якая зьведала многа пакутаў і бедаў, многа яшчэ раўнадушных і абыякавых людзей. Хачу зьвярнуцца да іх з просьбай. Людзі, думайце! Гэта ж не балюча! А тым, хто сьпявае "Саня, застанься з намі!", потым сорамна будзе".

Іншы слухач з Жодзіна пытаецца:

"Шаноўная "Свабода", у альтэрнатыўных кандыдатаў была надзея на Расею. Аказалася марнай, бо канфлікт паміж Лукашэнкам і Расеяй на справе аказаўся вытанчаным варыянтам Лёзьненскага стрэлу 1994 году. За 5 дзён да выбараў гэты прывід канфлікту зьнік. У альтэрнатыўных кандыдатаў няма нават кволай тактыкі перамогі, няма назіральнікаў у камісіях, няма адзінага кандыдата, няма рашэньня аб байкоце, няма незалежнага экзыт-пола. Дзеля чаго ісьці на Плошчу, калі немагчыма даказаць фальсыфікацыю выбараў ці сваю перамогу?"

Сустаршыня БХД Аляксей Шэін адказвае на званок слухача:

Аляксей Шэін
"Відавочна, што праблемы, зь якімі сутыкнуліся дэмакратычныя сілы і ўсё дэмакратычнае грамадзтва, — гэта адсутнасьць адзінства ў сёньняшняй дэмакратычнай беларускай апазыцыі.

Гэтая праблема існуе. Але калі мы гаворым пра наша права абараніць вольны выбар, калі мы кажам пра неабходнасьць абараняць справядлівасьць і праўду, гэта значыць, што мы як грамадзяне дзеля гэтага мусім прыкладаць пэўныя намаганьні і рабіць нейкія дзеяньні.

Дык вось, адным з такіх важных і вызначальных сур'ёзна дзеяньняў мусіць быць выхад людзей, незадаволеных фальсыфікацыямі, на плошчу, каб абараніць права вольнага выбару і права на справядлівасьць увогуле ў нашай краіне.

Ня толькі ад кандыдатаў залежыць лёс Беларусі і яе будучыня, а ад людзей, якія ў Беларусі жывуць. Калі такіх людзей будзе шмат, калі яны праявяць волю і рашучасьць, тады наш выхад на плошчу будзе абгрунтаваны. Таму нам на плошчу выходзіць патрэбна, нягледзячы на праблемы, якія існуюць цяпер".

Іншы слухач лічыць, што ўратаваць сытуацыю магчыма, калі дэмакратычныя кандыдаты разам спыняць свой удзел у выбарах прэзыдэнта:

"Шаноўная дзявятка апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, кіньце гэтую гульню ў выбары з напарстачнікам! І вы будзеце ў пашане сярод прыхільнікаў дэмакратыі. Хай гуляе ён адзін!"

Наша слухачка падзялілася сваімі ўражаньнямі:

"Апошнім часам заўважыла нязвыклыя паводзіны знаёмых, што маюць сваякоў у асяродзьдзі "бацькі". Людзі пачалі пытацца, чытаць апазыцыйныя газэты, інфармацыю з сайтаў і нават адкрыта выказвацца супраць "усёмагутнага". Ня вельмі веру ў шчырасьць гэтых таварышаў. Хутчэй, носам адчуваюць перамены і хочуць захаваць усе свае прывілеі і пры новай уладзе. Калі трэба, пачнуць распавядаць небыліцы пра свой супраціў дыктатуры. Баюся, што сапраўдныя патрыёты, адданыя народу, а ня ўладзе, зноў апынуцца ў пройгрышы".

Нам патэлефанаваў наш слухач Сямён Міхайлавіч, пасьля таго як праслухаў "Начную Свабоду":

"Вельмі ўразіла мяне размова палкоўніка Барадача з карэспандэнтам "Свабоды" ў перадачы пра відэазапіс катаваньня генэрала Захаранкі. Слухачы Беларусі павінны ведаць пра гэта. Трэба зрабіць паўтор гэтай інфармацыі, бо многія, на жаль, ня чулі".

Наш слухач распавёў, як ён спрабаваў дазваніцца на тэлебачаньне:

"Гледзячы на нашы каналы — СТВ, БТ, — ідзе апытаньне, рэйтынг кандыдатаў і ўсё іншае. Дазваніцца немагчыма: ці занята, ці "няправільна набраны нумар". Ужо пачынаецца ліпавае галасаваньне. Дык што ж тады казаць пра выбары…"

Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG