Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Гарбачоў: Новы парадак дня для Расеі


Аналіз былога прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова сёлетняга прэзыдэнцкага пасланьня прэзыдэнта Д. Мядзьведзева быў апублікаваны “Новой газетой”, а сёньня надрукаваны ў International Herald Tribune. Прапануем вам пераклад публікацыі

Я не ўступаў у дыскусіі, якія разгарнуліся ў нас пасьля штогадовага пасланьня прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева Фэдэральнаму сходу, але, вядома, уважліва чытаў камэнтары і артыкулы на гэтую тэму, разважаў над тым, як было ўспрынята ў грамадзтве пасланьне прэзыдэнта.

Адно выказваньне мне запомнілася: хоць у пасланьні прэзыдэнта шмат важнага і патрэбнага, магло здацца, што яно – для больш пасьпяховай краіны і больш шчаснага часу.

Або мы напярэдадні перадвыбарчага 2011 года, і тое, што адбудзецца ў гэтым годзе, будзе, на мой погляд, нават важнейшым, чым самі прэзыдэнцкія выбары. Менавіта гэты год павінен стаць годам выпрацоўкі новага парадку дня. А ён нам жыцьцёва неабходны. Стары, стабілізацыйны парадак дня сябе вычарпаў.

Менавіта пра гэта, а не пра дэталі і пэрыпэтыі сёньняшняга дня, я б хацеў сказаць.

Ня ўсе заўважылі, што ў расейскім грамадзтве сьпеюць зьмены,
У расейскім грамадзтве сьпеюць зьмены.
якія павінны прывесьці да сур'ёзных пераменаў у расейскай палітыцы. А некаторыя – тыя, хто супраць пераменаў, і тыя, хто ўжо залічыў Расею ў лік «непапраўна аўтарытарных» краін, нібыта не здольных да дэмакратыі – наогул адмаўляюць гэта.

У 2000 годзе на першым месцы ў сьпісе прыярытэтаў стаялі абарона цэласнасьці краіны і аднаўленьне кіравальнасьці. Людзі падтрымалі прэзыдэнта, які паставіў гэтыя задачы. Можна спрачацца аб тым, якімі сродкамі і наколькі пасьпяхова ён дзейнічаў, але ў цэлым гэтыя задачы былі вырашаны.

Аднак чым далей, тым больш відавочнымі рабіліся нявырашаныя задачы. Сусьветны крызыс абвастрыў праблемы, але ня ён быў іх першапрычынай. Ня ён вінаваты ў тым, што мы гублялі дынаміку дэмакратычнага працэсу, што затрымаліся ў сыравіннай мадэлі эканомікі, не спынілі працэс дэіндустрыялізацыі, больш дзялілі, чым выраблялі, будавалі, разьвівалі. Ня крызіс спарадзіў карупцыю, якая зраслася з чынавенствам на ўсіх узроўнях і разбэшчвала ўсё грамадзтва.

Мы «ехалі» на нафце і газе, забыўшыся, што рэсурсы гэтыя не аднаўляльныя і ня вечныя. Але і пры спрыяльнай сусьветнай кан'юнктуры мы ня здолелі вырашыць праблему беднасьці, у якой па-ранейшаму жывуць мільёны нашых суайчыньнікаў.

Адным словам, у рамках старога парадку дня не было адказаў на самыя вострыя праблемы сучаснай Расіі.

У чым справа? Я ўпэўнены: усё ўпіраецца ў палітыку. Патрэбна дэмакратычная канкурэнтнае асяродзьдзе, крыніцы ініцыятывы на ўсіх узроўнях, актыўнасьць грамадзянскай супольнасьці, рэальны грамадзкі кантроль. Толькі пры гэтых умовах паддаюцца рашэньню самыя цяжкія праблемы.

Аднак, пачынаючы прыкладна з 2005-2006 гг., улада прымала рашэньні, якія не спрыялі стварэньню ўмоў для руху наперад, і рабіла саму пастаноўку вострых праблем усё больш цяжкай, а сказаць адкрыта – практычна немагчымай.

Адмова ад выбараў кіраўнікоў рэгіёнаў,
Усё ўпіраецца ў палітыку.
пераход на выбары выключна па партыйных сьпісах, падвышэньне парога праходжаньня партый у Думу, адмена ніжняга парога ўдзелу выбаршчыкаў у выбарах – і ўсё гэта ва ўмовах разгулу "адміністрацыйнага рэсурсу", гэта значыць, маніпуляваньня выбарамі і сродкамі масавай інфармацыі. Да чаго гэта прывяло?

Перакрываліся каналы зваротнай сувязі ўлады і грамадзтва, палітычная эліта замыкалася ў сабе, генэравала і абслугоўвала ўласныя інтарэсы. Улада ў вачах грамадзян усё больш ператваралася ў сродак дзяльбы і ціску на людзей, губляла павагу да сябе. А гэта вельмі небясьпечны працэс.

Гэтым летам прыкметы ізаляцыі ўлады ад грамадзтва, яе няздольнасьці ўспрымаць сыгналы зьнізу сталі прымаць пагрозьлівы характар. Але адначасова адбывалася і іншае: грамадзтва рабілася больш патрабавальным, больш усьведамляла свае інтарэсы і рабілася больш здольным заяўляць пра іх. І хоць традыцыі самаарганізацыі ў нашым грамадзтве ня вельмі глыбокія і трывалыя, рух у гэтым напрамку пачаўся. Да яго пачалі далучацца актывісты грамадзкіх рухаў, журналісты, эколягі, бізнэсоўцы, людзі, якія пацярпелі ад самавольства чыноўнікаў і карупцыянераў.

Трэба прызнаць, гэта не засталося без увагі ўлады. У гэтым дачыненьні знакавым было рашэньне прэзыдэнта Мядзьведзева аб прыпыненьні будаўніцтва шашы праз Хімкінскі лес.
Абвастраецца барацьба дэмакратычнай і антыдэмакратычнай тэндэнцый.
На працягу многіх месяцаў маскоўскія і фэдэральныя ўлады дэманстратыўна ігнаравалі пратэсты грамадзкасьці, і рашэньне прэзыдэнта стала сыгналам: такі падыход да людзей недапушчальны. Аднак літаральна адразу ж пасьля гэтага мы ўбачылі, як бюракратыя паспрабавала ператварыць у пустую фармальнасьць грамадзкія слуханьні, закліканыя даць людзям і грамадзянскім інстытутам права голасу ў вырашэньні гэтай праблемы.

Гэты прыклад, далёка не адзінкавы, паказвае, што ў нашай сыстэме ўсё больш абвастраецца барацьба дэмакратычнай і антыдэмакратычнай тэндэнцый. Калі антыдэмакратычныя тэндэнцыі не пераадолець, пад пагрозай апынуцца ўсе заваёвы ранейшых гадоў. Ня толькі дэмакратычны працэс, але і, дарэчы, тая самая стабільнасьць.

Мабыць, гэта заахвоціла прэзыдэнта выказацца ў сваім блогу 23 лістапада: «Не сакрэт, што з пэўнага пэрыяду ў нашым палітычным жыцьці сталі зьяўляцца сымптомы застою, паўстала пагроза ператварэньня стабільнасьці ў фактар стагнацыі».

Для многіх гэта выказваньне прэзыдэнта было нечаканым. Ацэнкі прэзыдэнта ня зводзіліся да канстатацыі "асобных недахопаў", а сьведчылі пра разуменьне таго, што першакрыніца праблем краіны – у палітыцы, у дэградацыі кіруючай партыі, адсутнасьці рэальнай апазыцыі, незабясьпечанасьці правоў палітычнай меншасьці.

Прэзыдэнт пералічыў некаторыя крокі, якія, на яго думку, ужо зрабілі палітычную сыстэму больш справядлівай і канкурэнтнай. Як мне бачыцца, гэтыя крокі недастатковыя і неадэкватныя вастрыні праблемы, але сам факт яе пастаноўкі прынцыпова важны. Ён абнадзеіў тых, хто занепакоены будучыняй Расіі. Яны чакалі, што ў сваім штогадовым пасланьні Фэдэральнаму сходу 30 лістапада прэзыдэнт выкажацца на гэтую тэму больш канкрэтна. Прэзыдэнт не скарыстаўся гэтай магчымасьцю.

У пасланьні прэзыдэнта пазначаныя напрамкі, якія, безумоўна, павінны стаць часткай новага расейскага парадку дня. Я вітаю яго сацыяльную накіраванасьць, яго антыбюракратычныя акцэнты. Але без выразнага палітычнага кантэксту пасланьне
Адна з першачарговых – праблема адукацыі.
ператварылася хутчэй у рэестар ацэнак, задач і пажаданьняў, зьвернутых усе да той самай нашай «эліты», якая ўжо прадэманстравала сваю безыніцыятыўнасьць і некампэтэнтнасьць. У сваім цяперашнім выглядзе – гэта сход прызначэнцаў, ня здольных нават удзельнічаць у выпрацоўцы новага парадку дня, ня кажучы ўжо пра яго рэалізацыю.

Цяпер неабходна пацьверджаньне таго, што сказанае прэзыдэнтам 23 лістапада застаецца ў сіле. Па сутнасьці, гэта першы крок да фармаваньня новага расейскага парадку дня, першым пунктам у якім павінна быць аднаўленьне і паскарэньне руху да рэальнай і эфэктыўнай дэмакратыі. Вельмі важна, каб людзі адчулі, што блог прэзыдэнта – не выпадковасьць, не «агаворка», а сур'ёзны крок, які адлюстроўвае яго ўласныя прыярытэты, за якія ён гатовы змагацца. Калі гэта адбудзецца, то паўстане новая атмасфэра для абмеркаваньня ўсіх праблем нашага грамадзтва.

Я перакананы, што сярод гэтых праблем адна з першачарговых – праблема адукацыі. Мы падышлі да рысы, калі канстытуцыйнае патрабаваньне агульнадаступнасьці і бясплатнасьці адукацыі можа вось-вось ператварыцца ў фікцыю. Людзі пытаюцца: як атрымліваецца, што пасьля вайны ў спустошанай дзяржавы хапала сродкаў на бясплатную адукацыю, а ў цяперашняй расейскай дзяржавы грошай на гэта няма? А для расейскага парлямэнту цяперашняга складу гэтага пытаньня як бы не існуе.

Аб іншым прыярытэце я ўжо сказаў: грамадзтва патрабуе стварэньня эфэктыўных мэханізмаў барацьбы з карупцыяй, якая ўсё больш ператвараецца ў палітычную праблему,
Патрэбны прарыў да сучаснай эканомікі.
пашырае прорву паміж людзьмі і ўладай. Цяперашняя эліта вырашаць гэтую праблему не жадае альбо ня можа, што ў рэшце рэшт тое самае. Каб у яе рашэньні адбыўся рэальны зрух, патрэбна ініцыятыва прэзыдэнта, падтрыманая грамадзянскай супольнасьцю і новымі, сьмелымі палітычнымі сіламі.

У новым парадку дня павінна быць і моцная эканамічная частка. Тое, што мы маем цяпер, зводзіцца да пераадоленьня наступстваў крызісу, лапленьня дзірак у бюджэце і асобных ініцыятываў, посьпех якіх далёка не гарантаваны. А патрэбны прарыў да сучаснай эканомікі – эканомікі ведаў і экалягічна ўстойлівага росту. Тут я бачу прамую сувязь з праблемай адукацыі.

Я ўпэўнены, што прэзыдэнт павінен стаць лідэрам у працэсе фармаваньня новага расейскага парадку дня. Грамадзтва падтрымае яго ў гэтым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG