Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гісторыя аднаго цуду: Вінцук Вячорка (1)


Вінцук Вячорка. Здымак Арцёма Канцавога.

Вінцук Вячорка. Здымак Арцёма Канцавога.

Cёлета на Каляды да ўсіх магчымых цудаў дадасца цуд Беларускай Майстроўні, які здарыўся трыццаць гадоў таму і стаў пачаткам нацыянальнага руху, завязкай раману нашай найноўшай гісторыі.




Да Майстроўні, да 1980 году ў Беларусі былі асобныя людзі і невялічкія групы людзей, якія хацелі бачыць сваю краіну нармальнай, беларускай, незалежнай і рабілі дзеля гэтага, што маглі. Усе яны йснавалі аўтаномна і пры тым усе адны адных ведалі. Мысьлілі па-дысыдэнцку, што надавала іх існаваньню паўлегальны закрыты характар.

КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ ЦУДУ


У нашай гісторыі перад 1980-м годам вылучаецца група старэйшых мастакоў – Марачкіна, Куліка, Купавы, Маркаўца, Сокалава-Кубая... Асобна ўтвараецца наша зь Вячоркам, Сокалавым і Гермянчуком група філёлягаў і журналістаў. І першай і другой групам яўна цесна ў сваім асяродку і недастаткова саміх сябе.

У мастацкай школе-інтэрнаце, дзе выкладае Генадзь Сокалаў-Кубай, амаль уся кляса – два дзясяткі чалавек становяцца сьвядомымі беларусамі і прагнуць нешта рабіць. Гэта была ўнікальная кляса як для “парната”, так і для Кубая, бо яна стала прэцэдэнтам, выпадкам, які больш ніколі не паўтарыўся. Заўважым, што “парнатаўскі” асяродак з падачы дысыдэнта Кубая ўтварыўся не на палітычнай, а на асьветнай аснове.

Тым часам на філфаку, дзе вучацца Вячорка, Сокалаў і Сяргей Запрудзкі, адбываецца канфлікт на “бульбе”. Нехта са студэнтаў зьбіў дзяўчыну. Студэнцкая грамада падзяляецца. Вячорка і Запрудзкі рашуча асуджаюць хуліганаў. І заўважаюць, што яны ў сваёй пазыцыі не адныя. Вострае адчуваньне несправядлівасьці аб’ядноўвае іх са студэнтамі недысыдэнцкага кшталту. Выпадковы ў нашай гісторыі канфлікт спрыяе зруху. Філфакаўскі асяродак з падачы дысыдэнта Вячоркі таксама ўтварыўся не на палітычнай аснове. А на маральнай.

Гэтыя два эпізоды найноўшай гісторыі падаюцца мне надзвычай важнымі. Здаецца, зацкаваная дашчэнту нацыянальная ідэя можа толькі хавацца па цёмных кутах. Здаецца, яна ўжо ніколі ня стане ідэяй усяго народа, проста не прарвецца да яго. Здаецца, яна ўжо можа быць толькі й нязьменна дысыдэнцкай. А тут раптам праз асьвету і маральную салідарнасьць, празь першых прыхільнікаў недысыдэнцкага кшталту ёй адкрываецца цэлае поле людзей, лічы што ўвесь народ.

Што адбываецца далей?

На джазавым канцэрце Вінцук Вячорка знаёміцца з Аляксеем Марачкіным і ягоным асяродкам. Дзьве крыніцы новага руху апынаюцца зусім блізка. І вось, настае лета 1980 году, калі ў часе вандроўкі ў Трокі Вячорка знаёміцца з “парнатаўцамі”, якіх прывёз туды Генадзь Сокалаў-Кубай. Плюс дадаецца яшчэ адна лінія – Ірына Крук, якая вучыцца разам зь Вячоркам, сябруе з Ігарам Марачкіным – выпускніком мастацкай вучэльні. Усё пачынае завязвацца ў адзін клубок. “Парнат”, мастацкая вучэльня, тэатральна-мастацкі інстытут з аднаго боку і філфак з журфакам з другога. Мастакі зь філёлягамі задумляюць разам публічна зладзіць Каляды, адрадзіць народны абрад на вуліцах Менску.

Імпрэза з нагоды 100-гадовага юбілею Івана Луцкевіча. Менск, 1981, майстэрня Віктара Маркаўца. Вінцук у першым шэрагу ў цэнтры.

І тут здараецца яшчэ адна выпадковасьць. Вінцук знаёміцца з Ларысай Сімаковіч, якой хапае прафэсійнага імпэту навучыць усю гэтую грамаду сьпевам. Так нараджаецца Майстроўня.

Дарэчы, Ларыса таксама выхаванка “парнату”.

Ларыса Сімаковіч развучвае з майстроўцамі калядныя песьні. Зіма 1981-82 году, філфак БДУ.

Словам, усё тут здараецца выпадкова, але поле, на якім мусіць узысьці парастак руху, прадказальнае. Нябачны архітэктар Майстроўні будаваў яе не абы дзе, а на канкрэтна вызначаным месцы і з канкрэтна вызначанага матэрыялу. Іншымі словамі, усе гэтыя перасячэньні датуль незнаёмых людзей насамрэч, калі ўбачыць усю карціну разам, былі перадвызначаныя.

Мы ўсе гэта калі не ўсьведамлялі, дык адчувалі. Мы думалі: беларускі рух павінен нарадзіцца. Але мы маглі памыляцца і тады б нас чакала расчараваньне. Але мы не памыляліся. Мы рабілі ня так шмат намаганьняў, але новы выпадак прыносіў больш, чым мы спадзяваліся. Учора нас было трое ці пяцёра, а вось ужо трыццаць і пяцьдзясят. І як было не падумаць, што адбываецца цуд.

Што будзе далей, вы ўжо ведаеце. Майстроўня праіснуе некалькі гадоў і падзеліцца на мноства асяродкаў, якія ў адзін цудоўны дзень стануць групамі падтрымкі БНФ, а БНФ зробіць краіну незалежнай. Выглядае, што колішнія дысыдэнты, якія ставілі палітычную мэту, за дзесяць гадоў праз культуру, асьвету і мараль давялі сваю мэту да масаў і ператварылі яе ў рэальнасьць.

Для мяне недапраясьненым застаецца ня вынік, а эпізод самага пачатку -- як падпольная, калі заўгодна, экзальтаваная, дысыдэнцкая ідэя адкрылася для звычайных, у найлепшым сэнсе гэтага слова, людзей?

Сёньня мы адкажам на гэтае пытаньне разам з заснавальнікам Майстроўні Вінцуком Вячоркам.

“АПРАЦОЎКА”


Вінцук: “Несуменна, што я быў дысыдэнтам, сам таго не ўсьведамляючы. Але, разам з тым, ні я, ні ты, ні Сокалаў ня ставілі сабе мэты сядзець у нары і культываваць там сваю ўнікальнасьць, праніклівасьць – мы ўсё зразумелі, а навакольле не зразумела.
Статуэтка працы Гэніка Лойкі “Майстроўская тройца”, на якой выяўленыя аўтар, Вінцук Вячорка і Сяргей Запрудзкі.
У нас ключавым словам нейкі час было слова “апрацоўка”. Яно слова кепскае, яно з гэтым суфіксам “-ка”, які азначае нейкі прамысловы працэс. Але мы яго ўжывалі ў значэньні “адшукаць аднадумцаў, пераканаць, далучыць”.

На трэцім паверсе бібліятэкі тады Леніна ў будынку па вуліцы Кірава быў беларускі аддзел, а на другім быў “аддзел апрацоўкі”. Мы менавіта на гэтым другім паверсе, спусьціўшыся на адзін ровень зь беларускага аддзелу, вылавіўшы кагосьці зь сябрукоў-студэнтаў, вялі доўгія размовы і пра сапраўдную беларушчыну і пра начытанае ў аддзеле рэдкай кнігі або адшуканае ў Вільні і недаступнае ў Менску і пра пачутае на радыё.

Імкненьне шукаць людзей, далучаць новых – яно было падставовым матывам гэтае дзейнасьці. Гойсаньне па розных палёх, хаджэньне на зборкі нейкіх аматараў псыхалягічнай разгрузкі я памятаю. Мы туды прыходзілі й гаварылі там дэманстратыўна па-беларуску. Ежджаньне разам з турыстамі на фэстывалі аўтарскай песьні, якія ў лясох адбываліся, разам з Сокалавым, які таксама ўмеў граць і сьпяваць пад гітару. Зноў жа дзеля таго, каб адшукаць і там аднадумцаў. І вось такое страляньне па плошчах – відаць, гэта найлепшае акрэсьленьне таго, чым мы ў тыя гады, перад Майстроўняй, ды ўжо й пасьля зьяўленьня Майстроўні, займаліся. А Майстроўня была менавіта сваім такім полем, сваёй створанай сваімі рукамі пляцоўкай, але адкрытай.

“МЫ ТОЛЬКІ СЬПЯВАЕМ НАРОДНЫЯ ПЕСЬНІ”


Прынцып адкрытасьці накладаў абмежаваньні. Так, напрыклад, у Майстроўні, на яе яўных публічных паседжаньнях, якія складаліся зь дзьвюх частак – сьпеўкі ці рэпэтыцыя тэатру, а потым лекцыя – нельга было адкрыта агучваць палітычныя тэмы. Дзякуючы якраз вось гэтаму досьведу слуханьня, чытаньня кніг пра ўкраінскіх дысыдэнтаў, якія нам вазілі патаемна кіеўскія сябры, ці там, скажам, гішпанскага антыфранкісцкага падпольля, сёе-тое разумелася пра кансьпірацыю, што можна, а чаго нельга рабіць. І я ва ўсякім разе ўсьведамляў, што ёсьць закрытая палітычная група, якая пазьней назвалася група “Незалежнасьць”, а ёсьць Майстроўня – адкрытая пляцоўка для любога чалавека, здольнага ўспрыняць беларускую ідэю. Найважнейшая беларуская ідэя. Што тычыцца палітычнай ідэі, то да яе, лічылася так аб’ектыўна, дойдзе кожны, хто дойдзе да ідэі беларускай. Менавіта беларуская ідэя спараджае ідэю палітычнага выбару, выбару свабоды. Працавала сама атмасфэра.

Гэты, па-цяперашняму кажучы, праект, відаць, унікальны тым, у параўнаньні з усімі папярэднімі праектамі, групай “На паддашку” ці групай унівэрсытэцкіх студэнтаў папярэдняга пакаленьня, што ён быў сьведама скіраваны на пашырэньне, і тыя, хто яго ініцыяваў, разумелі, што яго па першым часе нельга падставіць пад наўпроставыя беспасярэднія рэпрэсіі. Мы толькі сьпяваем народныя песьні. Гэта абяззбройвала ўсіх, хто за нас "нёс адказнасьць".

Я памятаю сваю размову з намесьнікам дэкана філялягічнага факультэту сп. Мікалаем Піпчанкам, які адказваў за расейскае аддзяленьне. Чамусьці менавіта яго прызначылі глядзець за намі. Я прыйшоў да яго, сказаў: мы сьпяваем народныя песьні, мы ставім народныя спэктаклі, мы гатовыя рэпрэзэнтаваць факультэт на ўнівэрсытэцкіх і іншых конкурсах мастацкай самадзейнасьці... Гэта яму спадабалася, гэта ў яго было балючае месца. І было заключана такое джэнтэльмэнскае пагадненьне, што нам даюць аўдыторыю для сьпяваньня народных песень. Таму што на філфаку сьпяваць народныя песьні – гэта рэч абсалютна натуральная.

Выступ майстроўцаў на "агітпляцоўцы" ў менскім двары, 8 траўня 1983 году. Вінцук трэці зьлева.

І відаць, гэтая адкрытасьць і дазволіла далучыцца да Майстроўні людзям, якія інтуітыўна адчувалі беларушчыну, можа быць, не былі палітызаваныя ад самага пачатку, так як Сокалаў альбо я. І калі гаварыць пра філфакаўскіх дзяўчат, то ў нас проста былі добрыя, сяброўскія дачыненьні. Яны былі адукаваныя, імкнуліся да ведаў, гаварылі па-беларуску. Быў пэўны супольна перажыты канфлікт, зьвязаны з скандалам на так званай бульбе, калі мы зь Сяргеем Запрудзкім выступілі на баку несправядліва пакрыўджаных дзяўчат. Ну а трэба сказаць, што нашымі апанэнтамі былі людзі, якія сьмелі грэбліва адгукацца пра беларускую літаратуру. Гэта ў маёй сьвядомасьці ўклалася ў пэўную заканамернасьць, калі можна так сказаць. Студэнты беларускага аддзяленьня грэбліва адгукаліся пра беларускую літаратуру, пра Купалу, пра ягоныя вершы. Самі яны размаўлялі па-расейску дэманстратыўна. Гэта пацьвярджала мае здагадкі, што беларускамоўныя людзі апрыёры ёсьць людзі добрыя.

Ну, далейшы мой жыцьцёвы шлях пацьвердзіў, што гэта не заўсёды так. Відаць, паўнацэнная нацыя павінна быць аднамоўнай, але ў ёй павінны быць усе”.

ПРАВІЛЬНЫЯ АНТЫСАВЕТЧЫКІ


Дубавец: Мы ня толькі “проста сьпявалі народныя песьні”, мы яшчэ й выдатна вучыліся, паводзіліся і былі часта прыкладнымі савецкімі студэнтамі, будучы пры тым дысыдэнтамі й антысаветчыкамі. І зусім не таму, што мы ўвесь час прыкідваліся. Тут праглядаў парадокс свайго часу. Калі ты сапраўды адпавядаеш фармальным патрабаваньням гэтага ладу (ветлівы, прагны да ведаў, справядлівы), то ты зусім не адпавядаеш гэтаму ладу.

Вінцук: “Вельмі важнай рэччу было, што мы ня маем права падставіцца перад сыстэмай паводле пэўных фармальных крытэраў. У сэнсе, калі раптам дойдзе да нейкага канфлікту і паўстане пытаньне выгнаць з вучобы ці з працы, то павінны выганяць за погляды, за дзейнасьць, а не за саму вучобу ці несумленную працу.

Майстроўня на філфаку БДУ. 1981-82 год. Вінцук праводзіць лекцыю з польскай мовы і тлумачыць, што такое "jeleń“ (алень).
Гэта было важным пунктам у негалоснай хартыі паводзінаў тагачасных маладых нацыяналістаў майстроўскага асяродку. Культываваліся веды, шанавалася сядзеньне ў бібліятэцы. Ну і практычна пасьля першых жа Калядаў, гэта была позьняя вясна, калі я не памыляюся, пасьля рэгулярных сьпевак мы далучылі лекцыі.

Лекцыі або дыскусіі. Архітэктура, гісторыя, літаратура, археалёгія, этнагенэз, зразумела, мова, мовазнаўства. Пазьней, бліжэй да 1984 году, знахабелі да таго, што нават нейкія паліталягічныя рэчы сталі ўключаць асьцярожна. Але што да нацыянальна-культурнага блёку, то мне здаецца, мы такі някепскі паралельны ўнівэрсытэт за тры з паловай гады існаваньня Майстроўні здолелі зрэалізаваць”.

ІМІДЖ САВЕЦКАЙ РЭСПУБЛІКІ ЯК СТРАХОВАЧНЫ МАТРАС


Дубавец: Узьнікла Майстроўня пасярод брэжнеўскага застою. Можа быць, і сама гэтая застойнасьць правакавала яе нараджэньне. Але як быць з татальным перасьледам усяго недзяржаўнага з боку КГБ? Мне даводзілася чуць тлумачэньні, што ў партыйным апараце адбывалася зьмена кадраў на больш спрыяльныя для нацыянальнай ідэі. Чуў таксама пра разумных чэкістаў, якія ледзьве не аберагалі Майстроўню ад разгону...

Вінцук: “Я мяркую, што ў нейкім сэнсе паспрыяла такому ўгняжджэньню Майстроўні на тым жа філфаку, таму, што яе не прыхлопнулі адразу, тое, што Беларусь мела рэпутацыю самай надзейнай савецкай рэспублікі. Гэтую рэпутацыю культываваў Машэраў. Які, дарэчы, разам з тым паціху вычысьціў кіроўны апарат ад прыхадняў. І запоўніў яго сваім клянам партызанаў. А ў Маскву экспартаваўся вобраз Беларусі як самай ляяльнай, самай спакойнай, самай савецкай, самай паслухмянай.

Калі б штосьці падобнае, я вось думаю, зьявілася ў Львоўскім унівэрсытэце ў той час ці ў Віленскім унівэрсытэце ці Тартускім, то можна абсалютна не сумнявацца, што сей жа мамэнт туды бы і прыйшлі, і допыты, і хто і чаму і так далей...

Майстроўня на Гуканьні вясны ў Заслаўі, 1982 год. Вінцук на першым пляне справа.

І гэта было пэўным страховачным матрасам для нас, які дазволіў Майстроўні акрыяць, стаць на ногі, год-паўтара праіснаваць безь вялікіх праблемаў.

Ну і існавала ўсё ж такі ціхая нацыянальная фронда. Вось чаму яшчэ мы, сьведамыя беларусы, не былі клясычнымі дысыдэнтамі ў стылі Кіма Хадзеева.
Нумар “Голасу Радзімы”, прысьвечаны майстроўскім Калядам у Заслаўі, 1982 год. На здымку Сяржук Цімохаў у ролі Казы, Арына і Вінцук Вячоркі.
Ды таму што мы бачылі рэальную падтрымку і, як цяпер модна казаць, ціхія сыгналы, якія пасылалі людзі з розных асяродкаў, з навуковых, акадэмічных, журналісцкіх, якія давалі нам пэўныя магчымасьці, пісалі пра нас у дзяржаўных газэтах. Спачатку ў “Голасе Радзімы”, а потым і ў “Знамени юности”. Ну, “Голас Радзімы” ясна. Гэта стварэньне іміджу беларускай Беларусі на экспарт. Але зноў жа ніякі “Голас Радзімы” пра гэта б не пісаў, калі б там не было Валянціны Трыгубовіч, Ігара Гермянчука. І якраз сьведамыя людзі, якія ведалі што да чаго, якія ацанілі фэномэн Майстроўні, пачалі масьціць нам пункты апоры ў розных мэдыях, навуковых асяродках і гэтак далей”.

Дубавец: Зноў жа ўнікальная сытуацыя, калі нейкай маладзёвай ініцыятыве старэйшыя таварышы мосьцяць пункты апоры. Сёньня ўявіць такое цяжка. Мусіць таму, што тады нас усіх было вельмі мала, як пералічыць, і гэта быў самы пачатак. Чысты экспэрымэнт, чысты жанр, чыстая салідарнасьць.

Вінцук: “Потым гэтага ўжо не было, а тады гэта было. Мы тады мелі фармальны дах. І таксама ўжо мелі нейкі статус. Гэта ж усё статусныя пункты. Чым болей іх маеш, тым цяжэй прыхлопнуць. Тады ўжо з намі мусілі лічыцца. Ага, напісалі ў газэце ЦК камсамолу “Знамени юности” або “Чырвонай змене”, значыць, чыноўнік сярэдняга-ніжэйшага ўзроўню думае, што, відаць, гэта нейкім чынам бласлаўлёна зьверху і калі што ня так, то няхай тады яны зьверху і вырашаюць. Ну а зьверху, я думаю, спачатку гэтага ўвогуле не заўважылі, а потым дбалі пра імідж вось гэтай спакойнай ненацыяналістычнай Беларусі. Чаму мы і мелі гэтыя некалькі гадоў дастаткова спакойнай працы, пакуль ня сталі жаршчэй фармуляваць палітычныя погляды і пакуль ня выйшлі на наўпроставую дэманстрацыю.

Такіх наўпроставых дэманстрацыяў было, відаць, дзьве: Купальле, апошняе майстроўскае, над Нёмнам. І дэманстрацыя пратэсту супраць зносу дому Поляка, дому “Сялянкі” на пляцы Волі ў Менску.

АД КГБ БОГ ЛІТАВАЎ


Мяне Бог літаваў ад кантактаў зь імі. Можа быць, яны ўсьведамлялі, што бессэнсоўна са мной гаварыць. Але мы мусім памятаць, што пасьля таго, як быў схоплены швагра Сержука Сокалава-Воюша ў Наваполацку з выданьнем “Люстра Дзён”, то тады самога Сокалава так званы куратар КГБ па ўнівэрсытэце некалькі разоў цягаў на допыты. І яны спрабавалі таксама дапытваць Сокалава-бацьку ў Наваполацку. Што, на жаль, відаць, прысьпешыла сьмерць спадара Анатоля Сокалава. Відаць, зьяўленьне ў публічнай прасторы самвыдавецтва іх падштурхнула да "актыўных мерапрыемстваў", як у іх гэта прынята гаварыць. Бо па першым часе, прынамсі вонкава, не было такога ўражаньня, што кагосьці з нашых людзей, нашых актывістаў прасуюць, запалохваюць і так далей.

Вось бліжэй да лета 1984 году атмасфэра ў Майстроўні была сапраўды трывожная. І можна было здагадвацца, што кагосьці цягаюць, кагосьці запалохваюць, камусьці раяць ня зьвязвацца. Так што гэта, думаю, адбывалася нарастальна. Але напачатку яны прахлопалі, я перакананы ў гэтым.

Мой бацька, які ўсё ж такі мусіў быць папярэджаны пра кепскія паводзіны ягонага сына альбо сваім кіраўніцтвам, альбо й сілавікамі тагачаснымі, -- першы раз са мной трывожна размаўляў, што ты глядзі, не нарабіце глупстваў, толькі ў 1984 годзе. Яму сказалі, што пасьля нашай дэманстрацыі ў абарону тэатру “Сялянкі” КГБ займалася маёй справай у Інстытуце мовазнаўства, дзе я вучыўся ў асьпірантуры, і нават брала чытаць тэкст маёй дысэртацыі, прысьвечанай гісторыі беларускай мовы.

Ня веру, што хтосьці нас у іхных структурах сьвядома прыкрываў. Магу дапусьціць, што калі хто й прыкрываў, то хутчэй людзі з цывільнага кіраўніцтва краіны, не чужыя беларускай культуры. Усё ж такі ня будзем забывацца, што ў розныя часы ў тым жа ЦК і Бураўкін, і Законьнікаў, і Бутэвіч бываў. Карацей, людзі, для якіх беларушчына не пусты гук. Петрашкевіч бываў. Цалкам дапускаю, што пры нейкіх нагодах маглі слова ў абарону казаць. Гэта я ня ў сувязі з Майстроўняй -- ведаючы, скажам, як Бураўкін бараніў правы беларускай мовы ў тым жа ЦК, я думаю, што ён быў не самотны як мінімум.

Прэм’ера спэктакля “Цар Максімілян” на філфаку БДУ, вясна 1981 году. Сцэна “Перад адсячэньнем галавы”. У ролі Адольфа Вінцук, у ролі кáта аўтар.

Натуральна, што мы, тыя, хто займаўся паралельна падземнай палітычнай дзейнасьцю, усьведамлялі, чым гэта можа пахнуць, і разумелі, што могуць быць праколы – у форме вось такога заангажаваньня, нейкай вэрбоўкі. Але, дзякуй богу, нам тады хапіла інтуіцыі не ўвасабляць свае домыслы ў нейкія практычныя дзеяньні – у выгнаньне кагосьці, допыты, масавы распаўсюд нейкіх чутак-плётак. Толькі мы пачалі б гэтым займацца, было б пакончана з атмасфэрай Майстроўні – самым каштоўным, што там удалося стварыць. Сяброўства, беларушчына, давер, радасьць ад супольнае творчасьці.

Зноў жа кажу – да канца існаваньня Майстроўні, да 1984 году даверу паменела, некаторыя людзі сышлі і, відаць, невыпадкова. Відаць, ім сказалі, што далейшыя паходы могуць адбіцца на вучобе, на кар’еры, на бацьках можа. Таму трэба было пераходзіць да іншых мэтадаў працы. Ну, зрэшты, тады ўжо быў іншы час у цэлым тагачасным Савецкім Саюзе”.

Дубавец: Адной перадачы нашай сэрыі ня хопіць, каб раскрыць усе загадкі Майстроўні і таго часу, калі здарыўся калядны цуд. У наступны раз мы будзем гаварыць зь Вінцуком Вячоркам пра ягоную асабістую гісторыю, а таксама параўнаем беларускі рух трыццацігадовае даўніны зь сёньняшнім.

НЕ ХАЧУ “ВСЕКИТАЙСКОЕ СОБРАНИЕ”


Вінцук: “Я сёньня спадзяюся на моладзь, на маладую моладзь. Не на трыццацігадовых нават, многія зь якіх, на жаль, уштукаваліся ў цяперашнюю мадэль улады (і апазыцыі). Яны мне вонкава нагадваюць камсамольцаў нашых маладых часоў. Я не прымаю таксама тэзы пра частковае зьдзяйсьненьне нашых ідэалаў у выглядзе цяперашняй дзяржавы, якая называе сябе беларускай. Бо эстэтычнае непрыняцьцё савецкай сыстэмы – яно такое самае эстэтычнае непрыняцьцё і цяперашняй сыстэмы. Гэта ня проста ня тая Беларусь, гэта часткамі і не Беларусь.

Сёньня зноў пачуў па радыё з вуснаў намесьніка галоўнага ідэоляга краіны, што беларус – это тот же русскій, только со знаком качества. Ён у якасьці прыкладу і ўзору народаўладзьдзя прывёў нам “всекитайское сабрание народных представителей”. Ну не хачу я “всекитайское собрание народных представителей” у той краіне, пабачыць якую беларускай я ўсё ж такі спадзяюся.

Гульня ў “салаўя-разбойніка” ў часе выезду разам са школьнікамі ў Вязынку, травень 1982 году. Вінцук Вячорка ў ролі “салаўя” на дрэве. У ролі рыцараў: аўтар, Сяржук Сокалаў-Воюш, Яўген Валасевіч.

У гэтым сэнсе людзі, якім цяпер 18-20 гадоў, як і мы тады, і ў сілу маладосьці, прыроды маладога розуму, маладога арганізму, катэгарычнасьці маральнай маладой, здольныя займець свой імпульс. Я не кажу – пераняць наш. Перадаць гэта вельмі цяжка. Яны здольныя выпрадукаваць свой. Вось у гэтым, мне здаецца, павінна быць адна з важных раўназначных задачаў нашых – як не ўпусьціць гэтую моладзь”.

УСЕ ПЕРАДАЧЫ СЭРЫІ “ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЦУДУ”

dubaviecs@gmail.com

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG