Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Спадар Арлоў, у адной з Вашых кніг напісана, што мы, гэта значыць беларусы, "вучылі рускіх чытаць і пісаць". Ці не здаецца Вам, што гэта ўжо занадта? Відаць, і нас яны нечаму вучылі.

Віктар, Смаргонь

Спадар Віктар, ня трэба ўспрымаць усё так літаральна і, пагатоў, вырываць цытаты з кантэксту. Гаворка ў мяне ішла пра тое, што пасьля захопу нашых земляў пры канцы XVIII стагодзьдзя каляніяльныя расейскія ўлады ўзяліся сьцьвярджаць, нібыта зь іхнім зьяўленьнем сюды прыйшло і сьвятло адукацыі ды сапраўднай культуры. Насамрэч жа якраз Літва-Беларусь вякамі была культурным мостам паміж Эўропай і адсталай Масковіяй.

Ня так даўно ў адным як быццам сур’ёзным расейскім часопісе я вычытаў, што ў 1667 годзе пад пастановамі сходаў у маскоўскай Мяшчанскай слабадзе стаяла 36% уласнаручных подпісаў, а агульны адсотак пісьменных у згаданай частцы Масквы набліжаўся да 50. Затым ішлі навуковападобныя разважаньні, што, маўляў, ужо за царом-бацюхнам Аляксеем Міхайлавічам ды ягоным сынам Фёдарам амаль палова жыхароў расейскай сталіцы без праблемаў умела расьпісацца на казённай паперыне. Ну, а з такімі дасягненьнямі, натуральна, можна было заняцца і асьветаю розных "малодшых братоў".

Сустрэўшы названую "цифирь", расейскі патрыёт будзе прыемна зьдзіўлены і з гонарам выпіша яе ў свой нататнік. Але хтосьці дасьведчаны ў гісторыі адно скептычна хмыкне. Бо ён ведае, колькі ўсяго слабод было ў тагачаснай Маскве і хто жыў у слабадзе Мяшчанскай. Яму вядома, што апошнюю ўтварылі не для каго-небудзь, а адмыслова для перасяленцаў з нашых краёў. А беларусам-ліцьвінам у тыя гады быў кожны пяты жыхар "первопрестольной", якая менавіта тады і пачала па-наску "акаць", хоць вакол яе дагэтуль "окаюць".

Тут у неабазнанага чалавека ўзьнікаюць прынамсі два пытаньні: што гэта за нашэсьце беларусаў і чаму яны такія пісьменныя?

Рэч у тым, што ў 1654—1667 гадах Айчына нашых продкаў — Рэч Паспалітая — мусіла весьці чарговую вайну з Маскоўскай дзяржавай. Мэта ўва ўсходняга суседа была ранейшая — беларускія землі. Тактыка таксама не вызначалася арыгінальнасьцю. Былі спаленыя Бабруйск, Глуск, Копысь, Сьвіслач, Чавусы, амаль цалкам выразаны Амсьціслаў...

Ваенныя дзеяньні суправаджаліся масавым і, зразумела, зусім не добраахвотным перасяленьнем нашых суайчыньнікаў на ўсход. У Крамлі нарадзіўся грандыёзны плян: засяліць беларусамі "изрядную часть домов в столице и обезлюдевшие от морового поветрия веси". Ішлося пра 300 тысяч "беларусцаў", і найперш пра людзей, "науки всякие и ремесла знающих". (Не забывайма, што сама назва Мяшчанскай слабады паходзіць ад старабеларускага слова "места" — горад.)

Архіўныя дакумэнты сьведчаць: дзеці слабадчанаў вучыліся ў той час у школе "литовца" Якуба Якаўлева. Іншы "літовец", полацкі манах Варлаам, у 1665 годзе распачаў навучаньне юных маскоўцаў "польской и латинской грамоте".

Паколькі ў Вялікім Княстве Літоўскім існавала даўняя тэатральная традыцыя, 26 жыхароў слабады былі запісаныя акторамі першага ў Расеі прыдворнага тэатру, створанага ў 1672-м Сімяонам Полацкім.

Нават пасьля інкарпарацыі Беларусі ў царскую імпэрыю разрыў з суседзямі ўва ўзроўні адукацыі яшчэ колькі дзесяцігодзьдзяў заставаўся такі значны, што расейскія арыстакраты нярэдка адпраўлялі "отпрысков" па навуку якраз да нас. У Полацкім калегіюме, да прыкладу, вучыўся будучы знакаміты мэдальер, скульптар і гравёр Фёдар Талстой. А дзесяць выхаванцаў калегіюму, адчыненага полацкімі езуітамі ў Санкт-Пецярбургу, сталі ўдзельнікамі паўстаньня на Сэнацкім пляцы.

Зрэшты, ужо ў 1820-м калянізатары павесілі замкі на дзьвярах Полацкай акадэміі, а праз дванаццаць гадоў, пасьля вызвольнага паўстаньня, зачынілі Віленскі ўнівэрсытэт.

На ўзбраеньне быў узяты лёзунг: расейская школа зробіць у Беларусі больш за любую армію...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG