Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Брусэлі зьбяруцца міністры замежных спраў краін праграмы "Усходняе партнэрства". Іх сустрэча пройдзе ў рамках штогадовай нарады кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў. Бярэ ўдзел і беларуская дэлегацыя.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных так сфармуляваў мэты беларускага боку на брусэльскай сустрэчы:

"Беларуская дэлегацыя выкладзе свае падыходы да далейшага разьвіцьця праграмнай дзейнасьці "Ўсходняга партнэрства" як складніку эўрапейскай палітыкі суседзтва, уключаючы актывізацыю праектнай дзейнасьці і стварэньня Ўсходняга форуму разьвіцьця, які зможа аб'яднаць прадстаўнікоў прыватнага сэктару. Беларускі бок таксама плянуе прыцягнуць увагу да неабходнасьці працы па зьмястоўным напаўненьні саміту "Ўсходняга партнэрства", які адбудзецца ў траўні 2011 году ў Будапэшце".

Праграма міністра Сяргея Мартынава ўключае і сустрэчы з чыноўнікамі высокага рангу Эўразьвязу. А таксама двухбаковыя сустрэчы зь некаторымі калегамі-міністрамі. Але, як заявіў Андрэй Савіных, такія перамовы не абмяжуюцца толькі дачыненьнямі дзьвюх краін:

"Яны ахопяць таксама розныя аспэкты шматбаковага ўзаемадзеяньня ў рамках эўрапейскіх інтэграцыйных аб'яднаньняў і па лініі Беларусь — Эўразьвяз".

Палітоляг Алесь Лагвінец зьвяртае ўвагу менавіта на інтэнсіўнасьць сустрэч беларускага міністра ў Брусэлі:

"Мы наўрад ці будзем ведаць дэталі гэтых сустрэч. Сёньня беларускім уладам важна, каб Эўразьвяз хоць неяк пазытыўна ацаніў сытуацыю ў Беларусі. І таму яны ў працяг тэзы Лукашэнкі аб роўнанабліжанасьці да Эўразьвязу і да Расеі будуць імкнуцца хоць нейкім чынам наблізіць пазыцыі. Таму, я думаю, з боку ўладаў будуць абяцаныя і нейкія крокі насустрач Брусэлю. Але наўрад ці іх зробяць публічнымі адразу. Таму пра іх можна будзе даведацца толькі пазьней".
XS
SM
MD
LG