Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў сабраў у Горадні самую вялікую аўдыторыю


Сустрэча адбывалася ў перапоўненай залі Гарадзенскай абласной фільгармоніі, разьлічанай на 800 месцаў. Праходы ў зале таксама былі запоўненыя, некаторым нават давялося стаяць і слухаць кандыдата ў прэзыдэнты ў фае будынку.

Андрэй Саньнікаў прыехаў на сустрэчу ў Горадню з даверанымі асобамі: палітыкам Станіславам Шушкевічам, эканамістам Леанідам Злотнікавым, першым міністрам абароны Беларусі Паўлам Казлоўскім.

Выступленьне Андрэя Саньнікава было кароткае. Ён гаварыў аб неабходных палітычных рэформах: падзеле ўладаў, эканамічных пераўтварэньнях – неабходнасьці прыватызацыі, разьвіцьці малога і сярэдняга бізнэсу, сацыяльнай абароне насельніцтва, адукацыі і ахове здароўя, пэнсіях і іншым.

Пры гэтым прыводзіў прыклады таго, як падобныя рэформы адбываліся ў краінах Усходняй Эўропы і заклікаў не баяцца рэформаў.

Адно з першых пытаньняў з залі датычыла гістарычных сымбаляў і беларускай мовы, і задаваў яго чалавек, які яўна ня быў прыхільнікам беларускасьці. Саньнікаў адказаў:

“Мы, беларусы, павінны вярнуць сабе самапавагу, а гэта і ёсьць нашы гістарычныя сымбалі: бел-чырвона-белы сьцяг, і герб Пагоня, і наша беларуская мова. Паглядзіце на нашых суседзяў – Украіну, Расею, якія вярнулі свае сымбалі, і яны не саромеюцца, а ганарацца гэтым”.

Акрамя эканамічных пытаньняў, гарадзенцаў цікавіла тое, як не дапусьціць фальсыфікацыі выбараў, гучалі выступы выбарцаў з фактамі таго, як фальсыфікаваліся ранейшыя выбары.

“Мы як ніколі блізка, каб зьмяніць уладу, і, як тыя, хто піша пратаколы, будуць жыць далей, гэта іх праблемы. Трэба думаць, бо калі чалавек фальсыфікуе выбары, ён робіць крымінальнае злачынства”, – адзначыў кандыдат.

Андрэй Саньнікаў выказаўся наконт адзінага кандыдата. Ён лічыць, што цяпер сытуацыя, калі альтэрнатыўных кандыдатаў дзевяць, болей выйгрышная, паколькі такімі сіламі яны даходзяць да большай колькасьці выбарцаў. Галоўная задача, зь яго слоў, усім разам адстаяць перамогу, а таму заклікаў і гарадзенцаў на плошчу ў Менск.

У залі падчас выступу кандыдата ў прэзыдэнты

Што да апошняга візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву, то, на думку Андрэя Саньнікава, Крэмль выкарыстаў сытуацыю і, хутчэй за ўсё, падпісаныя дамовы па Мытным зьвязе нявыгадныя Беларусі. Але тут ён завастрыў увагу на тым, што беларускі народ не валодае ніякай інфармацыяй аб тым, што робіцца ад яго імя на міжнароднай арэне.

Выказаўся Андрэй Саньнікаў і аб учорашніх заявах кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімера Макея, зазначыўшы, што гэта правакацыя і запалохваньне, да якіх у Беларусі даўно ўжо прывыклі.

У залі Гарадзенскай фільгармоніі падчас выступу Андрэя Саньнікава ўсім месца не хапіла

Сустрэча працягвалася роўна паўтары гадзіны, як і было дамоўлена з кіраўніцтвам Абласной фільгармоніі. На ўсе пытаньні Андрэй Саньнікаў адказаць не пасьпеў, у фае ён яшчэ доўга размаўляў зь людзьмі. А вось што казалі выбарцы пра сустрэчу з кандыдатам, калі выходзілі з залі.

Спадар: “Вельмі добрая сустрэча, кандыдат адказвае талкова, разумна, пераканаўча, хочацца верыць гэтаму чалавеку, і я буду за яго галасаваць”.

Іншы спадар: “Я думаю, ён адзін з найлепшых кандыдатаў”.

Спадарыня: “Мы адчуваем, што чалавек ня проста рвецца да ўлады, а хоча зьмяніць гэтую сыстэму, ён – шчыры”.

Іншая спадарыня: “І турбуецца пра пэнсіянэраў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG