Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам апошніх двух дзён кандыдат на пасаду прэзыдэнта ад БХД Віталь Рымашэўскі і яго сям’я атрымалі некалькі пагрозаў.

Як паведамляе прэсавая служба кандыдата, 11 сьнежня пасля сустрэчы ў Гомелі Віталь Рымашэўскі разам з сябрамі сваёй каманды вяртаўся на аўтамабілі ў Менск. На ўчастку дарогі паміж Гомелем і Буда-Кашалёвым раптоўна насустрач аўтамабілю, у якім знаходзіўся Віталь Рымашэўскі, выехаў грузавік ЗІЛ без апазнавальных знакаў. Кіроўца аўтамабіля кандыдата пасьпеў скіраваць машыну на ўзбочыну дарогі і такім чынам пазьбегчы сутыкненьня.

10 сьнежня ля пад’езду дому, куды падвозілі жонку і дачку Віталя Рымашэўскага, другі раз было прабітае кола ў аўтамабілі кандыдата на пасаду прэзідэнта ад БХД.

Віталь Рымашэўскі з гэтай нагоды заявіў:

“Я расцэньваю гэтыя выпадкі як правакацыю спэцслужбаў на асабісты загад узурпатара ўлады ў нашай краіне. Гэты сыгнал можна разглядаць як асабістую пагрозу для мяне і маёй сям’і. Я ўсьведамляю, што ў любы момант мяне могуць атруціць або ўчыніць нейкія іншыя правакацыі. Гэтыя дзеяньні спэцслужбаў пацьвярджаюць паніку і страх, якія апанавалі дзейнае кіраўніцтва. Я хачу заклікаць іх пакаяцца і мірна сысьці ад улады. Хачу зьвярнуцца да выканаўцаў гэтых нечалавечых загадаў – такімі мэтадамі мяне не напалохаць!”

Выбарчы штаб Рымашэўскага рыхтуе зварот у пракуратуру з патрабаваньнем расьсьледаваньня гэтых выпадкаў, а таксама ў праваабарончыя, праваахоўныя органы Беларусі і міжнародныя арганізацыі з просьбай аказаць судзеяньне ў гарантаваньні бясьпекі Віталя Рымашэўскага і ягонай сям’і.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG