Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маргарыта Аляшкевіч — пра англамоўныя выданьні, якія рэпрэзэнтуюць Беларусь


Маргарыта Аляшкевіч

Маргарыта Аляшкевіч

Як завабіць замежніка ў наш райскі куток? Чым бавіць, калі ён папаўся і такі прыехаў да нашых пустак-балот? Што падараваць яму на ўзгадку пра дзіўную краіну ў цэнтры Эўропы? Літаратуразнаўца Маргарыта Аляшкевіч гартае англамоўныя выданьні, якія так ці іначай прэзэнтуюць Беларусь.






Кніга-паштоўка і культура ў карцінках (места)


Артур Клінаў. Горад СОНЦА. Візуальная паэма ў трох частках. Фотаальбом. Другое выданьне. Менск, выдавец І.П.Логвінаў, 2009

Найперш, каб госьць адразу ня даў драла, правядзем яго па пышнацелым горадзе-героі Менску — падрабязны маршрут з размаітымі варыяцыямі склала Марыйка Мартысевіч (глядзіце кнігу «Цмокі лятуць на нераст», разьдзел «Хадзем са мной»), а ў якасьці мапы прыхапіце фотаальбом Артура Клінава «Горад СОНЦА». Гэтая «Візуальная паэма ў трох частках» будзе альтэрнатывай набору паштовак — у адрозьненьне ад большасьці прадукцыі з відамі Сьвятадухавага сабору і Траецкага прадмесьця тут будуць і нечаканыя ракурсы, і подпісы па-ангельску. Прытым, ракурсы настолькі часам сьвежыя, што варта вам самім пагартаць гэтую кніжыцу яшчэ да пачатку экскурсіі — каб потым ня чухаць патыліцу, а дзе ж той засьнежаны дворык ці як бы гэта забрацца на які-кольвечы дах каля праспэкту. Калі баіцеся, што госьць дома кнігу папсуе, каб павесіць упадабаную выяву на лядоўню, дык падарыце ў дадатак некалькі нумароў часопіса «pARTizan» — яшчэ аднаго клінаўскага праекта. Тут і пераклад артыкулаў на ангельскую (праўда, у госьця можа узьнікнуць пыта\ньне, чаму кірылічны тэкст на трох бачынах, а зразумелы яму — на адну старонку. Пасьміхайцеся загадкава і ківайце на ляканічнасьць ды сухасьць ангельскай мовы), тут і малюнкі яркія, і ўсё — творы нашага візуальнага мастацтва, гэткі канспэкт актуальнай беларускай культуры ў карцінках. Ну а рваць на шматкі такую якасную паперу нават злоснаму буржую інтурысту будзе шкада.


Адчуць нутром (ежа)


Alexander Bely. The Belarusian Cookbook. New York, Hippocrene Books inc., 2009

Калі вы ўдосталь нагуляліся, дык час пад’есьці. Беларуская кухня ў варыянце Алеся Белага — адкрыцьцё і для беларусаў. Але не прызнавайцеся свайму госьцю, што ўпершыню мажаце рэдзьку мёдам. Лепей прычмокніце, распавядзіце колькі показак пра Радзівілаў і прырайце англамоўны варыянт «Нашай стравы». У нас на гэта нью-ёркскае выданьне выпадкова не натрапіш, дый кошт, сабака, кусаецца — але што такое дзевяноста тысяч у параўнаньні з дзівосамі нашай кулінарыі! Піўная поліўка, бацьвіньне, капыткі, кнышы, кулябякі… І ўсё па даўніх рэцэптах, скрупулёзна адноўленых аўтарамі. Хаця гэта выданьне зусім без малюнкаў, ваш госьць прыме беларускасьць унутр сябе — мо так знаёміцца з нашай культурай нават і лепей, чымся з дапамогаю багата ілюстраваных фаліянтаў кшталту «Спадчыны Беларусі» ці шыкоўных «Скарбаў Беларусі». Што чужое музэйнае золата, не забярэш жа з сабой праквітнелы крыж. А вось экзатычны рэцэпт — лёгка.

Старыя паганцы (вера)


Андрэй Лянкевіч. Паганства /Andrei Liankevich. Pagan. На беларускай і ангельскай мовах. Крынкі (Польшча), Дом друку «Arx Baltica», 2010

Што за людзі гэтыя беларусы — раскажа й пакажа кніга Андрэя Лянкевіча. Фатограф вандраваў па беларускіх вёсках і на свой страх уступаў у кантакт з іншасьветам — шукаў жывыя рэшткі паганства. Людзі са старонак кнігі паглядаюць хітравата — вось яны ў кадры, а вось выйшлі, зьніклі з поля бачнасьці і ну правіць свае паганскія абрады. А кадар засьвяціўся, зацямніўся, згубіў рэзкасьць…

У кнігу ўвайшло візуальнае і тэкставае апісаньне дзесяці нашых абрадаў, а таксама цэлай калекцыі сьвяшчэнных расьлінаў, жывёл ды аб’ектаў. Тое-сёе будзе госьцю знаёмае, а нештачкі і вам будзе ў навінку. Скажам, Каляды ці Купальле мы ведаем няблага, уяўленьне пра Дажынкі ці Гуканьне вясны крыху папсаваў афіцыёз, а вось ці чулі калі пра Жаніцьбу коміна, Пахаваньне стралы, Юр’ю, Куст, Провады русалкі, Перанос сьвячы?

Цікавая структура кнігі — сьпярша вас з галавой занураюць у дзіўную беларускую рэальнасьць, якая для карэннага гараджаніна будзе сапраўдным іншасьветам, потым, пры канцы кнігі, даецца камэнтар да фотасэрыяў і глясарый па асобных атрыбутах паганскай культуры. Вось як, напрыклад, апавядаецца пра калаўрот: «Прыспасоба для прадзеньня валакна. Сакральная значнасьць працэсу прадзеньня вельмі высокая: з хаатычнай валакністай масы ствараецца ўпарадкаванае цела — нітка». Тэкст, натуральна, дублюецца па-ангельску, а для зусім тупых побач зьмешчана выява — маленькі паўтор адной з фотак, што былі ў асноўнай частцы кнігі.

Фальклёр надзвычай экспартабэльны — і гэтым мы пакуль што надзіў мала карыстаемся. Напэўна, чакаем, пакуль паганства канчаткова схаваецца ў нашу падсьвядомасьць, а жывыя сьведкі даўніх абрадаў ціхенька адыйдуць у нябыт, прыхапіўшы з сабой велізарны пляст беларускай культуры.

Рэвалюцыя ў хляве (побыт)


Sergei Kiriushtshenko. Earth Art / Сергей Кирющенко. Приземленное искусство. Каталог. Менск, Галерэя «Ў», 2009

Цывілізацыя ўсходніх славянаў будавалася з дрэва, на дрэве і мысьлілася таксама дрэвам — так і патлумачце свайму замежнаму сябру, які прычапіўся з пытаньнем, а дзе ж нашы архітэктурныя помнікі той даўніны, калі паганства квітнела. Будаваліся з дрэва — дрэва гніло, гарэла і ўсяляк імкнулася вярнуцца ад культуры да натуры. Вельмі, між іншым, экалягічна. Праца Сяргея Кірушчанкі — спроба запыніць час, супрацьпаставіць паміраньню мастацтва. Але ня гэтым спадабаўся мне каталёг. А тым, што галоўны герой, адпраўны пункт праекта — гэта стары хлеў. Для вытанчанага эўрапейскага госьця тое будзе, напэўна, культурны шок, ну ці экстрэмальны турызм. Ды ўжо што нам рабіць з балота залота, як той казаў. У мяне таксама на лецішчы ёсьць такая збуцьвелая будовіна, і ў вас, напэўна, ёсьць. У час войнаў помнікі культуры разбураюцца, а хлявы ды пуні маюць шанец ацалець. У час рэстаўрацыі палац можа быць заменены новабудам, а хлеў ніхто не даўмеецца рэстаўраваць, і ён застанецца аўтэнтычным. Шкада, канечне, што такі малы і непаглядны абшар сапраўды беларускага ў сучасных беларусаў, але ўжо які ёсьць — хай кантрастуе яркімі англамоўнымі надпісамі, прываблівае турыстаў.

Сэзон адкрыты (забава)


Уладзімэр Караткевіч. Дзікае паляваньне караля Стаха. На беларускай, расейскай, украінскай і ангельскай мовах. Варшава, «Dragowiec-PL», 2010

Шмат чаго для нашага народу пачалося з паляваньня. Рымскі патрыцый Палямон стаў абжывацца на нашых землях, бо тут яму спадабалася багацьце зьвяроў у пушчах, — і даў пачатак літоўскай шляхце; Гедымін жалезнага ваўка прысьніў, бо затрымаўся на паляваньні і начаваў проста сярод лесу — а стуль і Вільня была заснаваная; Мікола Гусоўскі надта, пэўна, паляваньне любіў, вось і ляпнуў пры папежы Льве Х, нібыта карыда ні ў якое параўнаньне з тутэйшым паляваньнем ня йдзе — дык і мусіў потым напісаць твор, які нашу дзяржаву на ўвесь цывілізаваны сьвет праславіў. Ды мала што — сёньня на беларускае паляваньне шмат ахвотнікаў, вунь колькі кніжак пра Белавескае дзіва ды беларускую прыроду панавыдалі, большасьць — дзьвюхмоўныя. А на «Дзікім паляваньні караля Стаха» не адно пакаленьне беларусцаў узгадаванае — напэўна, ня толькі старыя вераваньні ды апісаньні прыроды дадушы прыйшліся, але ж і прагаворваньне ўнутранага страху нашынца быць упаляваным.

Дык вось — выйшла «Дзікае паляваньне…» ажно на чатырох мовах. Купляйце, пакуль гэтае сьвята не скончылася, наклад невялічкі — на ўсіх замежных сяброў Беларусі ўсяго тры тысячы асобнікаў…
XS
SM
MD
LG