Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты знаходзіліся у рэгіёнах. Яны пакінулі сталіцу і накіраваліся на сустрэчы з выбарцамі.

Для кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука і яго давераных асобаў паездка на Гомельшчыну ледзь ня скончылася трагічна. Па дарозе з Гомеля ў Рагачоў іх машына трапіла ў аварыю, расказвае старшыня партыі Анатоль Лябедзька:

«На трасе Гомель—Менск, недалёка ад павароту на Буда-Кашалёва аўтамабіль „Аўдзі“, які стаяў на ўзбочыне, раптам пачаў манэўр з выездам на дарогу. „Фальксваген“, на якім ехала каманда Раманчука, меў хуткасьць парадку 80-90 кілямэтраў на гадзіну, і адбылося сутыкненьне. Добра, што гэта адносна новы аўтамабіль і спрацавалі падушкі бясьпекі, інакш было б значна горш. А так усе, дзякуй Богу, жывыя і здаровыя. Ёсьць, канечне, траўмы, ёсьць стрэсавая сытуацыя.

Самае цікавае, што кіроўца (спадзяемся, што выпадкова), аказаўся супрацоўнікам праваахоўных органаў… Мы прапанавалі Яраславу спыніць паездку, аднак ён адмовіўся і зараз з даверанай асобай Маратам Афанасьевым, які пад’ехаў на іншым аўтамабілі, яны паехалі ў Рагачоў. Раманчук прыняў рашэньне — працягваць сустрэчы».

Яшчэ два кандыдаты ў прэзыдэнты — Дзьмітрый Вус і Мікалай Статкевіч сёньня наагул езьдзілі па Віцебскай воласьці ў адным аўтамабілі. Мікалай Статкевіч гаворыць, што гэта і супольная паездка, і супольныя сустрэчы з выбарцамі:

«Таму што мы абодва ня лічым гэта выбарамі і паміж сабою не канкуруем. Мы абодва, няхай і рознымі словамі і з розных пазыцый, даводзім адну думку — патрэбныя сапраўдныя выбары, бо гэта — ня выбары».
Мы абодва, няхай і рознымі словамі і з розных пазыцый, даводзім адну думку — патрэбныя сапраўдныя выбары, бо гэта — ня выбары.


Андрэй Саньнікаў сёньня сустракаўся з выбарцамі Маладэчна. У Палац культуры разам з кандыдатам прыехалі і два старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня: Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб, — распавёў «Свабодзе» кіраўнік выбарчага штабу кандыдата Ўладзімер Кобец:

«Заля была вельмі прыхільная. На сустрэчу з Саньнікавым сёньня прыйшло больш людзей, чым на папярэднія сустрэчы. Найбольш пытаньняў было па фальсыфікацыі выбараў і па Плошчы. Людзі казалі, што яны будуць там, што яны падтрымліваюць дэмакратычных кандыдатаў, падтрымліваюць Саньнікава. І была вельмі цёплая атмасфэра ў горадзе Карпенкі».

Рыгор Кастусёў і Ўладзімер Някляеў сёньня сустракаліся з выбарцамі гарадзенскай вобласьці, Аляксей Міхалевіч — Берасьцейскай, Віталь Рымашэўскі — Гомельскай, Віктар Цярэшчанка — Віцебскай. Прычым спадар Цярэшчанка правёў сустрэчу нават у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёну.
XS
SM
MD
LG