Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: «Нас папярэджвалі пра магчымасьць правакацый падчас паездак»


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька


Кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук трапіў у аўтамабільную аварыю падчас паездкі па Гомельскай вобласьці. Пра акалічнасьці здарэньня расказаў кіраўнік ягонага перадвыбарчага штабу Анатоль Лябедзька, які ўчора ад’ехаў у Менск, а Раманчук застаўся, каб працягнуць сустрэчу з выбарцамі ў іншых гарадах рэгіёну:

«У пытаньнях бясьпекі мы прынялі катэгарычнае рашэньне, каб ён не вяртаўся пасьля кожнай паездкі ў Менск. Па-першае, дрэнная дарога, па-другое, нам перадавалі інфармацыю, што трэба быць пільнымі, каб пазьбегнуць розных правакацый, у тым ліку падчас паездак. Таму ён заставаўся ў Гомелі, а сёньня раніцай выехаў у бок Рагачова.

Аднак на трасе Гомель-Менск, недалёка ад павароту на Буда-Кашалёва аўтамабіль „Аўдзі-3“, які стаяў на ўзбочыне, раптам пачаў манэўр з выездам на дарогу. „Фальксваген“, на якім ехала каманда Раманчука, меў хуткасьць парадку 80-90 кілямэтраў на гадзіну і адбылося сутыкненьне. Добра, што гэта адносна новы аўтамабіль і спрацавалі падушкі бясьпекі, інакш было б значна горш. А так усе, дзякуй Богу, жывыя і здаровыя. Ёсьць, канечне, траўмы, ёсьць стрэсавая сытуацыя. Больш за ўсё дасталася тым, хто быў сьпераду: гэта кіроўца Іван Лабачоў і давераная асоба Яраслава Леанід Заіка.

Самае цікавае, што кіроўца (спадзяемся, што выпадкова), аказаўся супрацоўнікам праваахоўных органаў… Выклікалі міліцыю, на аўтамабілі, натуральна, ехаць ужо нельга, бо разьбіты ўвесь перад, эвакуатарам зараз дастаўляецца ў Менск. Мы прапанавалі Яраславу спыніць паездку, аднак ён адмовіўся і зараз зь іншай даверанай асобай Маратам Афанасьевым, які пад’ехаў на іншым аўтамабілі, яны паехалі ў Рагачоў».

Гэтаксама сёньня Яраслаў Раманчук маецца наведаць у Жлобін, пасьля чаго вернецца ў Менск.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG