Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікі Някляева і Саньнікава зладзілі шэсьце ад Акадэміі навук да ГУМу


Сёньня ўвечары моладзевыя актывісты, сябры ініцыятыўных групаў кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева ды Андрэя Саньнікава правялі ў цэнтры Менску шэсьце па праспэкце Незалежнасьці ад Акадэміі навук да ГУМу.

Першымі на месца збору прыйшлі прадстаўнікі спэцслужбаў у цывільным з відэакамэрамі і рацыямі, потым ужо сталі зьбірацца ўдзельнікі акцыі. Моладзь разгарнула каля Акадэміі навук сьцягі кампаніяў «Гавары праўду!» ды «Эўрапейская Беларусь», а таксама сьцяг Менску, плякаты «Беларусь за Някляева», «Спыніце тэатар аднаго актора», «Патрабуем 1 гадзіну прамога эфіру», «Чаму БТ баіцца праўды?». Перад пачаткам шэсьця сябра ініцыятыўнай групы Саньнікава Яўген Афнагель распавёў:

«Мы плянуем прайсьці з нашымі сьцягамі да цэнтру Менску, распаўсюджваючы агітацыйныя матэрыялы за альтэрнатыўных кандыдатаў, за Ўладзімера Някляева, за Андрэя Саньнікава, каб праінфармаваць людзей пра бліжэйшую сустрэчу з альтэрнатыўнымі кандыдатамі, якая адбудзецца 16 сьнежня а 6 гадзіне вечара на плошчы Свабоды, ну і каб проста падбадзёрыць жыхароў горада».

Сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Павал Юхневіч запэўніў, што ўдзельнікі настроеныя на мірную акцыю:

«Мы зараз пойдзем па праспэкце са сьцягамі, з накідкамі, лёзунгамі агітаваць людзей за дэмакратычных кандыдатаў. Мы маем на гэта поўнае права згодна з выбарчым заканадаўствам».

Карэспандэнтка: «Па ходніках ці па праезнай частцы?»

«Натуральна, па ходніках, не парушаючы закон, пераходзячы вуліцы на зялёнае сьвятло, як мае быць. Максымальна карэктна і акуратна. І, я спадзяюся, з боку ўлады перашкаджаць нам агітаваць за кандыдатаў ніхто ня будзе».

Але шматлікія прадстаўнікі спэцслужбаў у цывільным некалькі разоў папярэджвалі моладзь:
Вы папярэджаны. Ніякай Кастрычніцкай плошчы.

«Вы зьбіраецеся ладзіць шэсьце. Шэсьце падпадае пад закон аб масавых мерапрыемствах. Дазволу на гэта шэсьце Менгарвыканкам не даваў. У дадзеным выпадку вы ладзіце шэсьце. Вы парушаеце заканадаўства Рэспублікі Беларусь, Закон аб масавых мерапрыемствах, Выбарчы кодэкс. Вы папярэджаны. Ніякай Кастрычніцкай плошчы».

Прычым было зразумела, што больш за ўсё ўлада баіцца Кастрычніцкай плошчы — маўляў, толькі не на Кастрычніцкую плошчу…

Калёна са сьцягамі і лёзунгамі шпарка рушыла па ходніках, моладзь раздавала агітацыйныя матэрыялы. Кіроўцы аўтамабіляў віталі калёну сыгналамі. Мінакі цікавіліся газэтамі, улёткамі, жыва рэагавалі:

«Я наагул пастаянна пратэстны электарат. За Пазьняка галасаваў у свой час. Мне не падабаецца, што несумленна паводзіць сябе тэлебачаньне. Кожныя паўгадзіны ў навінах накідваюцца на апазыцыйных кандыдатаў. За іх жа як мінімум па 100 тысяч чалавек паставілі свае подпісы. Тэлебачаньне зьневажае гэтыя 100 тысяч. Вось гэта мне не падабаецца, таму я і цікаўлюся акцыяй».

Калёна дайшла да Кастрычніцкай плошчы, спыніўшыся на ходніку насупраць, каля Аляксандраўскага сквэру. Яўген Афнагель прамовіў:

«Толькі ад нас залежыць, колькі людзей прыйдзе на плошчу 19 сьнежня. Застаўся адзін тыдзень да выбараў, і кожны з нас павінен прыкласьці намаганьні, каб 19 сьнежня на гэтай плошчы было шмат людзей, каб дэмакратычныя кандыдаты перамаглі і каб дыктатура ў нашай краіне скончылася. Гэта плошча будзе нашай, а значыць, гэты горад будзе нашым. Гэта краіна таксама будзе нашай. Гісторыя робіцца сёньня, гісторыю робім мы. І разам мы пераможам! Жыве Беларусь!»

Акцыя мірна скончылася ля ГУМу, дзе стаяць агітацыйныя намёты Ўладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава. Затрыманьняў і сутычак зь міліцыяй не было.


Падчас шэсьця ўдзельнікі раздавалі агітацыяныя матэрыялы.

Кіраўніцтва Менгарвыканкаму і ГУУС папярэджвае пра несанкцыяванасьць акцыі.





Удзельнікі акцыі дайшлі да ГУМу, дзе заклікалі ўсіх прыйсьці на сустрэчу з Уладзімерам Някляевым і Андрэем Саньнікавым 16 сьнежня на плошчу Свабоды ды 19 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG