Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы праўладны назіральнік Д.Няхай: Як фальсыфікуюць выбары


Былы супрацоўнік Маладэчанскага райвыканкаму Дзьмітры Няхай зьвярнуўся з адкрытым лістом да грамадзкасьці, у якім раскрываецца мэханізм фальшаваньня вынікаў выбараў у Беларусі. Спадар Няхай шмат гадоў быў назіральнікам на выбарах прэзыдэнта, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў, і ўвесь час атрымліваў адмысловы інструктаж пра мэты назіраньня. У чым сутнасьць праўладнага назіраньня?

Паводле Дзьмітрыя Няхая, у функцыі праўладных назіральнікаў уваходзіць:

  • па-першае, «аказаньне дапамогі» участковым выбарчым камісіям у атрыманьні патрэбных вынікаў галасаваньня — іншымі словамі, «выхад» на даведзены працэнт;
  • па-другое, назіраньне за самой выбарчай камісіяй дзеля высьвятленьня гатоўнасьці яе сябраў выконваць акрэсьленую задачу;
  • па-трэцяе, выступленьне ў якасьці апанэнтаў незалежным назіральнікам з мэтай «нэўтралізацыі» іхняй інфармацыі пра рэальныя факты фальсыфікацыі.

Спадар Няхай падае прыклад асабістай працы падчас кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. У Маладэчанскім райвыканкаме адбыўся арганізацыйны сход, на якім у абстаноўцы строгай сакрэтнасьці перад мясцовымі чыноўнікамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый выступалі больш высокія вэртыкальшчыкі, якія даводзілі, хто менавіта павінен перамагчы на выбарах. Пры гэтым усе кіраўнікі былі папярэджаныя пра пэрсанальную адказнасьць за атрыманьне патрэбнага выніку і выхаду на патрэбны працэнт.

Чаму спадар Няхай, які выконваў функцыі праўладнага назіральніка з 1997 да 2002 году, вырашыў расказаць пра выбарнае закулісьсе толькі цяпер?

«Падзеі адбываюцца непасрэдна перад выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і трэба, што называецца, быць пільнымі. Менавіта ў такім рэчышчы маё папярэджаньне. Па сутнасьці, трэба разумець: усё гэта ня ёсьць ініцыятывай нейкага канкрэтнага чалавека, сябраў выбарчай камісіі і г.д. Проста ёсьць адна каманда зьверху для ўсіх. Што людзьмі кіруе і прымушае іх рабіць гэта? Як я ўжо пісаў, гэта не перакананьні, а большай часткай страх. У першую чаргу ён прадыктаваны, канечне, сыстэмай кароткатэрміновых кантрактаў.

І плюс да гэтага вялікае значэньне мае сама сацыяльная палітыка дзяржавы. З аднаго боку, часта гавораць пра прыгожыя палацы культуры, вакзалы, бібліятэкі. Але разам з тым чалавек, які застаўся бяз працы, не атрымлівае дапамогі ў тым выпадку, калі ён звальняецца паводле ўласнага жаданьня. Калі ж ён скарочаны, то можа атрымаць дапамогу. Але яна мінімальная — даляраў 20. Такім чынам, чалавек настолькі баіцца страціць працу і застацца бяз грошай, практычна бяз сродкаў да існаваньня, што пазбаўляецца ўсялякай волі».

З уласнага досьведу спадар Няхай расказаў, што падлік вынікаў галасаваньня сябрамі камісіі ажыцьцяўляецца ў строгай адпаведнасьці з лічбамі, даведзенымі і ўзгодненымі «зьверху». «Няправільныя» бюлетэні зьнішчаліся, а недахоп «правільных» тут жа кампэнсаваўся іншымі, якія запаўняліся і падкладваліся на вакантныя месцы. Для гэтага, як кажа Дзьмітры Няхай, у выбарчых камісіях маецца стратэгічны запас пустых бюлетэняў. Толькі пасьля гэтага складаюцца выніковыя пратаколы.

Ці рэальна ў беларускіх варунках супрацьстаяць фальшаваньню? Адказвае Дзьмітры Няхай:
Сыстэма, канечне, усталявалася надзвычай трывала, яна дасканала адпрацаваная.


«Сыстэма, канечне, усталявалася надзвычай трывала, яна дасканала адпрацаваная. Мэханізм, як я бачу, вельмі шматступеньчаты, мае на ўвазе тое, што калі нешта адно са схемы не спрацуе, то абавязкова спрацуе іншае зьвяно. Разам з тым, ёсьць спосаб для перадухіленьня такіх захадаў. Найперш, гэта ўключэньне ў склад выбарчых камісіяў непасрэдна давераных асобаў ці сябраў ініцыятыўных групаў саміх кандыдатаў. То бок людзей, зацікаўленых ў сваім кандыдаце. Я лічу гэта апошняй лініяй абароны фальсыфікатараў. Бо ў выпадку ўключэньня ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў кандыдатаў — няхай іх нават будзе 10 чалавек — яны будуць глядзець, сачыць адзін за адным, і такім чынам можа быць рэальнае супрацьдзеяньне фальсыфікацыям».

Карэспандэнт: «У эўрапейскай практыцы, на Ваш погляд, існуе яшчэ сытуацыя, калі папросту немагчыма кантраляваць падлік галасоў?»

«Я не зусім добра знаёмы з выбарным мэханізмамі ў Эўропе, але мне здаецца, што ён усё ж больш празрысты, больш дэмакратычны. Напэўна, такая схема сапраўды дзейнічае толькі ў нас».

Прызнаньне Дзьмітрыя Няхая — не адзінае сьведчаньне фальсыфікацыі выбараў напярэдадні сёлетняй палітычнай кампаніі. Нейкі час таму аналягічныя сьведчаньні даў падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў. Міліцыянт перадусім паведаміў факты падтасоўкі вынікаў галасаваньня падчас парлямэнцкіх выбараў 2008 году. На канкрэтных прыкладах расказаў, як робяцца фальшаваньні падчас датэрміновага галасаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG