Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню ААН разгледзіць альтэрнатыўны даклад аб катаваньнях у Беларусі


Даклад, падрыхтаваны беларускімі праваабаронцамі, будзе разгледжаны Камітэтам супраць катаваньняў ААН як альтэрнатыўны афіцыйнаму ўвесну 2012 г.

Да таго часу праваабаронцы спадзяюцца наладзіць дыялёг зь беларускімі ўладамі, якія ўпарта адмаўляюць любыя факты катаваньняў у беларускіх турмах і на супрацоўніцтва ідуць неахвотна, — паведамляе сайт Беларускага дому правоў чалавека.

Праваабаронца Сяргей Усьцінаў з арганізацыі «Прававая ініцыятыва»: «Наш даклад зьмяшчае некаторую аб’ектыўную крытыку дзяржавы, і мэтай яго было ўсебакова паказаць наяўныя праблемы, такія, як неаб’ектыўнае расьсьледаваньне выпадкаў катаваньняў або неналежныя ўмовы ўтрыманьня ў пэнітэнцыярных установах Беларусі. Аднак мы гатовыя сумесна з пракуратурай, МУС і іншымі дзяржаўнымі органамі канструктыўна падыходзіць да вырашэньня гэтых праблем як на заканадаўчым, так і на правапрымяняльным узроўні».

На погляд аўтараў дакладу, важна завязваць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі ўладаў, нягледзячы на тое, што беларускія ўлады ідуць на гэта неахвотна.

Усьцінаў: «Безумоўна, да часу разгляду справаздачы ў камітэце шмат што можа зьмяніцца, могуць дадацца цікавыя факты — добра, што ў нас ёсьць магчымасьць пры зьяўленьні такіх фактаў дадаваць іх у даклад. Цяпер у Беларусі вось-вось адбудуцца выбары — хто ведае, якія новыя факты катаваньняў могуць здарыцца пасьля выбараў і, напрыклад, масавых пратэстаў апазыцыі і простых выбаршчыкаў».

Афіцыйны даклад беларускай дзяржавы таксама ўжо падрыхтаваны. Ужо чацьвертым разам беларуская ўлада афіцыйна прадставіць справаздачу на разгляд ААН.

«Традыцыйна беларускі ўрад нават блізка не прызнае наяўнасьць у Беларусі катаваньняў, як і іншых парушэньняў правоў чалавека, — зазначае праваабаронца. — Аднак гэтым разам упершыню падчас пэрыядычнага разгляду будзе заслуханы і альтэрнатыўны даклад — акурат прэзэнтаваны беларускімі праваабаронцамі. У нас думка інакшая».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG