Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават камуністы не прымушалі галасаваць датэрмінова»


Шмат з тых, хто патэлефанаваў на «Свабоду», лічаць, што кандыдатам на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратычнага руху трэба падтрымаць ініцыятыву Уладзімера Някляева і разам адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў кампаніі.

Вось адзін з такіх званкоў ад нашай сталай слухачкі:

«Cёньня Някляеў заклікаў усіх кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў зьняцца з прэзыдэнцкай гонкі. Я з глухой палескай вёскі таксама — за. Народ, у якога ёсьць розум, таксама — за. Гэта самы разумны крок на дадзены момант! Хлопцы, сыходзьце»!

Званок камэнтуе палітык Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка
«Учорашняе падпісаньне вядомых маскоўскіх пагадненьняў паказала, як Лукашэнка перайграў усіх, і як спрацавалі падсунутыя апазыцыі абедзьве стратэгіі. Праваліліся і тыя, якія абвяшчалі Лукашэнку абаронцам беларускай незалежнасьці і змагаліся ня зь ім, а з прарасейскімі кандыдатамі. Аказаліся ў правале і тыя, якія спадзяваліся, што Масква нам будзе зьвяргаць дыктатуру.

У гэтым сэнсе, хаця часу ўжо фактычна няма, ёсьць ня проста цэйтнот, цугцванг — гэта значыць, што кожны наступны крок будзе горшы і горшы для ўсіх тых, хто хоча бачыць Беларусь сапраўды незалежнай і свабоднай дзяржавай. Не дамовіліся ў свой час пра адзінага кандыдата — цяпер сытуацыю могуць выправіць толькі рашучыя, толькі нестандартныя крокі».

Слухачы адрэагавалі на заявы намесьніка старшыні ЦВК Мікалая Лазавіка, які казаў пра недапушчальнасьць заклікаў да правядзеньня акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў дзень галасаваньня.

«Чаму камісіі забараняюць народу выказацца мірна на пустой плошчы? І што яны такія за ўсіх вырашаюць? Чаго народ пужаюць крывёй? Ня трэба людзей лупіць дубінкамі, і ня будзе ніякай крыві! А „хуткая“ павінна быць, бо там будуць старыя хворыя людзі».


Слухачы выказваюць свае прапановы, як зрабіць працэдуру падліку галасоў празрыстай:

«Вас не дапускаюць да падліку галасоў? Патрабуйце ад Ярмошынай усталяваць камэры назіраньня»!

Слухачы, якія працуюць у розных сфэрах вытворчасьці, распавядаюць пра свае заробкі.

«Улада сутаргава спрабуе даказаць, што заробак бюджэтнікаў дацягнула да 500 даляраў. А вось праўда: за лістапад „бруднымі“ заробак хіміка з вучонай ступеньню склаў менш за 370 у.а. Пры гэтым замоўчваецца, што працягласьць працоўнага тыдня два гады таму нам павялічылі на 5 гадзінаў бясплатна. А зараз кінулі косьць, але ўсё адно няма жаданых 500. Дададуць нейкую прэмію тэрмінова і адрапартуюць».

Слухачы абураюцца дзеяньнямі адміністрацый навучальных установаў, якія прымушаюць студэнтаў галасаваць датэрмінова:

«На працягу 60 гадоў хаджу на выбары. Не разумею, навошта датэрміновыя выбары. Была студэнткай — ніколі не прымушалі. А што цяпер — не разумею. Чаму студэнтаў прымушаюць галасаваць датэрмінова? Ніякіх вакацыяў яшчэ няма. Што гэта за практыка? Трэба галасаваць 19 сьнежня, і не на дзень раней».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG