Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць пра маскоўскія дамовы Лукашэнкі ў Мазыры і Наваполацку


9 сьнежня ў Маскве Аляксандар Лукашэнка падпісаў дакумэнты, паводле якіх Беларусь абавязвацца пералічваць у бюджэт Расеі экспартнае мыта на нафтапрадукты, якія будуць выраблены з расейскай нафты. Расея ў сваю чаргу абяцае ня браць мыта на нафту, якую пастаўляе ў Беларусь. Што кажуць пра гэтую навіну беларускія нафтаперапрацоўшчыкі ў Мазыры і Наваполацку?

МАЗЫР


Мазырскі НПЗ
«Нашы людзі ніякіх падрабязнасьцяў ня ведаюць»

Намесьнік генэральнага дырэктара Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу ў пытаньнях ідэалёгіі Генадзь Цецярук заявіў журналістам:

«Я ня ведаю, я не магу камэнтаваць. Мяркую, што й спэцыялісты да канца ня змогуць пракамэнтаваць гэта ўсё, таму што ня ўсё яшчэ вядома. Вам і генэральны дырэктар нічога зараз ня скажа. Трэба шукаць там, наверсе, у Менску, адказы. А што можа завод сказаць у згаданай сытуацыі?»

Беларускія экспэрты са спасылкай на расейскі бок заяўляюць, што Беларусь згубіць у выніку падпісанага пагадненьня прыкладна 4 мільярды даляраў.

Рабочых нафтаперапрацоўчага заводу такія падлікі не турбуюць — яны пра іх проста ня ведаюць.

«Нашы людзі ніякіх падрабязнасьцяў ня ведаюць. Яны ведаюць, што падпісалі дамову, і што будзе паступаць нафта. Усё! А што будзем атрымліваць за перапрацоўку — гэта не цікавіць. У інтэрнэце напісана, што 100 адсоткаў мытнага збору ад экспарту трэба аддаваць Расеі. Але нібыта гэта ўсё адно нам выгадна. Вось так!»

Нафтаперапрацоўшчык кажа, што перад выбарамі заробкі ім падвысілі. Нафта на заводзе ёсьць, у тым ліку й вэнэсуэльская. Яна нібыта ўжо наагул непатрэбная:
А што будзе з дамовамі з Уга Чавэсам, з Украінай на транспарціроўку — калі нам ужо ідзе бязьмежная колькасьць бязмытнай нафты?

«А што будзе з дамовамі з Уга Чавэсам, з Украінай на транспарціроўку — калі нам ужо ідзе бязьмежная колькасьць бязмытнай нафты? І на што ў такім разе нам вэнэсуэльская нафта?!»

Тым часам яшчэ ў кастрычніку ў сваім прэс-рэлізе расейская «НГК «Славнафта», якая зьяўляецца саўладальнікам ААТ «Мазырскі НПЗ», паведаміла, што сёлета прадпрыемства за тры кварталы зьнізіла аб’ём перапрацоўкі нафты ў параўнаньні зь леташнім на 25,6% — да 6,2 мільёна тон.

Паводле «НГК «Славнафта», зьмяншэньне аб’ёмаў перапрацоўкі нафты ў Мазыры зьвязана са скарачэньнем паставак расейскай сыравіны ў Беларусь з прычыны «зьмены ўмоваў зьнешнеэканамічнай дзейнасьці».

У студзені-верасьні Мазырскі НПЗ выпусьціў 1,5 мільёна тон аўтамабільнага бэнзыну, што на 7,1% меней, чымсьці за тры кварталы ў 2009 годзе.

НАВАПОЛАЦАК


Наваполацкі НПЗ
«Прайграем на мытах — заробім на поліэтылене»

Яшчэ ў верасьні кіраўніцтва наваполацкага ААТ «Нафтан» запэўніла, што дасягнуты ,максымальны ўзровень загрузкі з улікам вэнэсуэльскай нафты». У месяц яе атрымліваюць да 160 тысяч тон. А якія зьмены чакаюцца цяпер, калі плянуецца аднаўленьне аб’ёмаў нафты з Расеі?

Пакуль на прадпрыемстве толькі пачалі абмяркоўваць наступствы. Дакладна прадказаць, што можа быць пасьля 1 студзеня, калі пакет дакумэнтаў па стварэньні АЭП будзе ратыфікаваны, ніхто не бярэцца.

«Нічога не магу вам сказаць. Гэта складанае пытаньне. Не магу камэнтаваць, бо інфармацыі ня маю, выбачайце, — ухіліўся ад прапановы «Свабоды» кіраўнік суполкі Незалежнага прафсаюзу ААТ «Нафтан» Іван Сьвятоха.

Работнікі-шэрагоўцы таксама выказваюцца асьцярожна.

«Ніхто ж дакладна ня ведае, як гэта: рэалізацыя нафтапрадуктаў са стоадсоткавым мытам у Расею. Колькі будзе тая доля суадносна цэнаў? Але ж мы будзем сплачваць тое, што раней сабе забіралі — цяпер будзем аддаваць тыя мытныя грошы, так што для нас гэта ня дужа добра», — разважае работнік «Нафтану» Ўладзімер Кунцэвіч.

Прадпрыемства экспартуе нафтапрадукты ў асноўным у Заходнюю Эўропу, але часткова і ў Расею. Па сутнасьці, кажа спадар Кунцэвіч, «Нафтан» можа запрацаваць так, нібыта знаходзіцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі: нафта бязмытная, як свая, а мыта з экспарту — у расейскую казну. Туды пойдуць грошы з продажу пераважнай большасьці прадуктаў вытворчасьці — бэнзыну, дызэльнага паліва, тэхнічных алеяў, бітуму.

Адзіны нюанс: бэнзын на «Нафтане», у склад якога ўваходзіць завод «Палімір», перапрацоўваецца і ў поліэтылен — дужа рэнтабэльны тавар, які ўжо не зьяўляецца прадуктам нафтаперапрацоўкі. І таму ад яго «мытныя» грошы застануцца на прадпрыемстве, кажа Ўладзімер Кунцэвіч:
Гэта ўжо прадукт не нафтаперапрацоўкі — ужо нафтахімія пайшла. І таму грошы — усе нам.

«Затое для ўнутраных патрэбаў можна будзе браць колькі хочаш нафты, зь якой робіцца бэнзін, а зь яго — поліэтылен. Гэта ўжо прадукт не нафтаперапрацоўкі — ужо нафтахімія пайшла. І таму грошы — усе нам. Так што для заводу і „плюсы“ ёсьць».

Поліэтылен карыстаецца экспартным попытам, але яго вырабляюць усё ж меней, чымсьці бэнзіну ці дызэльнага паліва. Так што страты «мытных грошай» для прадпрыемства ўсе адно будуць істотныя.

Наваполацкае ААТ «Нафтан» — адно з буйнейшых беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. З нафты тут вырабляюць бэнзін — гэта асноўны прадукт вытворчасьці і беларускага экспарту.

10 лістапада 2010 году беларускі першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў, што можа быць прынята рашэньне аб продажы кантрольнага пакета акцый ААТ «Нафтан» Вэнэсуэле. «Самая галоўная наша ўмова для стратэгічнага інвэстара — партнэр мусіць валодаць унутранымі рэсурсамі. Расея сёньня мае ўласныя рэсурсы нафты, але іх мае і Вэнэсуэла, і яна таксама можа прэтэндаваць стаць стратэгічным інвэстарам. У залежнасьці ад умоў, можа быць прададзены і кантрольны пакет. А чаму б не?» — сказаў першы віцэ-прэм’ер.
XS
SM
MD
LG