Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Дыскусію на нашым сайце выклікала размова Міхася Скоблы з этнакультуролягам Антанінай Хатэнкай. Яна прапанавала сваю нечаканую паралель плошчы Каліноўскага з Калінавым мостам і патлумачыла, чаму на Плошчу ня пойдзе. Антаніна Хатэнка працягвае свае развагі, адказваючы апанэнтам.

Нікуды нікога я не заклікаю. Бо ня маю гэткага права. Прынамсі, так пачуваю зь сярэдзіны сваёй сутнасьці: трэба надта ж аб'ёмна, маштабна бачыць рэчаіснасьць і пасьледкі яе зварушэньня, каб насьмеліцца некуды весьці за сабой – ня сябра, ня мужа ці жонку, а незнаёмых табе людзей, цэлую грамаду. НЕ, я такое мужнасьці папраўдзе ня маю і ўзяць на сябе адказнасьць за чужыя лёсы (на плошчы ж яны падпадаюць пад пагрозу злому) я не адважуся.

Цяпер наконт прыкорму. Зноў не патрапілі ў цэль. Ці наўмысна перакручваеце факты?.. Да Чаргінца, уратуй Божа, калі-небудзь мець а хаця б мізэрнае дачыненьне! Была й застаюся ў старым (Купалавым!) Саюзе пісьменьнікаў, хаця далёка не з усім і ўсімі там згодна. Але ж нешта кволае, сьветлае, роднае, перададзенае табе дарам ад зямлі, на якой народжаны, – куды вышэй за нашы прэтэнзіі адно да другога. Таму доўгія 8 гадоў я трывала абсалютнае беспрацоўе, не паддаючыся на спакусу пад'есьці, дзе даюць. Бо не змагла, страціўшы працу ў Белтэлерадыёкампаніі з прычыны непадпарадкаваньня ўхваляць рэжым і адмовіцца ад ужываньня беларускай мовы, пайсьці куды-небудзь "прыкарміцца". Каб вы ведалі: два гады з накіраваньня Бюро па працаўладкаваньні перабірала гнілую капусту з морквай на Ждановіцкай аграфірме, разам з бамжамі й п'янтосамі, якія з таго толькі ў нашай краіне й жывяцца. Потым, праўда, мяне пашкадавалі й перавялі з гэтай гаманкой кампаніі палоць кветкі ў Батанічны сад. Прыкорм быў – 80 тысяч на месяц.

Астатняе зарабляла, выкладаючы, дзе папросяць (бо афіцыйныя ўстановы для такіх зачынены), стылістыку мовы ці абрадавую культуру. Тым часам па начах ратавала алькаголікаў і наркаманаў – падпрацоўвала дыспэтчарам у наркалягічнай фірме.

А хто з нашых (зь якімі разам стаяла на плошчах цягам дзесяцігодзьдзяў, зь якімі разам была тручанай газам "Чаромха", зь якімі побач закручвалі мне міліцыянты рукі) хоць аднойчы прыгадаў: дзе гэта кабеціна падзелася раптам?.. Выкарасквалася сама! І ня скарджуся вось цяпер, але ўпершыню апавядаю, ЯК выжывае зацкаваны ўладамі-працадаўцамі беларус – у адзіночку, нібы дзікі зьвер, адрынуты зграяй. Вось пра што варта нам усім гаварыць адно да другога: лёгка паддаемся на правакацыі, лёгка нас разломваюць на кусманы хто папала й каму выгодна, папракаючы вось так прыкормамі ці (яшчэ абразьлівей!) паслугаваньнем органам перасьледу. Што ж мы за народ такі, што аніяк ні сшыць, ні саткаць нас у адно немагчыма?! І на плошчу таксама не дачакацца, хоць бы там нашы дзеці курчыліся ў чужых абдоймах.

Заадно скажу, дзе ёсьць тая, быццам невядомая, плошча Каліноўскага. У памяці, якой яшчэ не раструшчылі дашчэнту нашэсьнікі. Гэта наша мроя, выраслая з далёкага райскага ладу, калі жылі сабе людзі на сваёй зямлі й складалі на ёй свае быліцы.

А мрою застрэліць альбо павесіць немагчыма. Таму, быць можа, мы й меней баімося (тыя, хто мае мрою), што на плошчу будуць страляць фатаапаратамі ды іншай зброяй.

Дарэчы, і Менск, і ўсе запаветныя, праўдзівыя найменьні – таксама цёплая мроя пра існасьць: калі ўсё называецца так, як некалі прадаўна называлі продкі, і сілкуе пераемнікаў энэргіяй паяднаньня ў вякох – праз наймудрую знакавую сыстэму мовы, традыцый, гісторыі й геаграфіі.

А цяпер: ці пайду я на Плошчу? Упершыню, напэўна, не пайду. Бо дзеці мае, якіх не стрымаць у іхным памкненьні што-небудзь яшчэ выправіць з намі наробленага, хаця б рызыкнуць на хвілю і ўзьняцца над нашымі, бацькоўскімі, памылкамі і адступленьнямі, пакідаюць на мяне малога паўтарохгадовага ўнука. Наўмысна пакідаюць, я ведаю: спрабуюць аднавіць спаконвечную лёгіку быцьцёвай традыцыі: першымі на перамены ідуць маладыя, бо ім жыць з тым, ШТО наперамяняюць. Мы ўжо – да сораму! – напрапаноўвалі... Ды яшчэ й навальваемся цяпер звыкла адно на аднаго: маўляў, тры калекі на тую плошчу прыйдзе. Сапраўды, жменька нас і прыходзіць. Але віна за гэта аніяк не ўскладаецца на жменьку. Адказнасьць (сёньня і ў гісторыі, перад мінуласьцю й перад прышласьцю) заўжды падае якраз на плечы тых, хто не далучыўся да жменькі, сфармуляваўшы дзеля апраўданьня якую-небудзь прычыну (кшталту "хай Трусаў адказвае за мову”...)

Насамрэч мы злуемся адно на аднаго за беларускае адраджэнскае няўклюдзтва таму, што ня здольныя стаць, зрабіцца катэгорыяй "МЫ", як таго й патрабуе цывілізацыйнасьць. Калі хочаце, дзяржаўнасьць. Таму й дзяржава ў нас ня нашая, а нейкая збоку прыпёку, ні тут, ні па-за сьветам. Шукай ветру ў полі!..

Акурат дзеля зладаванасьці сапраўднай дзяржавы, СВАЁЙ, і варта было б на Калінавым мосьце пагаманіць-паспрачацца, пазмагацца, каб урэшце перавага СВАЙГО неяк акрэсьлілася, стала відна. І ня я той Калінавы мост прыдумала. Яму тысячы гадоў – парогу, на якім злучаюцца два сьветы, бачны й нябачны, стары й новы, забыўлівы й годны. Як мой апанэнт пажадае, то можна патлумачыць, чаму ня ліпа, ня дуб, не бяроза, а менавіта каліна сымбалізуе ў нашай мэнтальнасьці тонкую мяжу трансфармаваньня аджылага ў наноў здабытае й засвоенае. Але тое патрабуе ўжо асобнай міталягічнай лекцыі. Альбо хаця б няблага было каторую з народных казак пачытаць, у якіх на Калінавым мосьце харобра лютаму Цмоку галовы адсякае, каб вярнуць на неба сьвяцілы, хіжа заглынутыя. Гэтыя вобразы вястуюць усю праўдачку пра лад і бязладзьдзе, любоў і нянавісьць, дабро й ліха. Ці спадару больш даспадобы цяперашнія ды савецкія міты заместа пракаветных?..

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG