Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэраг музычных панэгірыкаў пра Лукашэнку пашырыўся. Гэтым разам на ўсхваленьне прэзыдэнта мабілізаваныя дзеці. Хор вакальнай студыі "Зорачка" пры Акадэмічным ансамблі песьні і танцу Ўзброеных сілаў Беларусі пачынае тыражаваць запісаную некалькі гадоў таму песьню "Наш прэзыдэнт". Ня выключана, што ўжо бліжэйшым часам яна загучыць у эфіры FM-станцый.

Аўтарка песьні, у якой услаўляецца "Бацька-прэзыдэнт" — пэдагог-вакаліст музычнай студыі "Зорачка" пры Акадэмічным ансамблі песьні і танцу Ўзброеных сілаў Беларусі Натальля Монцік. Спадарыня кажа, што ўсё рабілася ад сэрца, і ніякага намёку на жаданьне дагадзіць Лукашэнку ў гэтай песьні няма:

"У 2008 годзе яна была запісаная і сьпетая ў Палацы рэспублікі. Яна ёсьць у нашым рэпэртуары, і вельмі, вядома, хацелася б, каб мы яе зноў дзесьці засьпявалі, прынамсі буду шукаць пляцоўкі. Песьня хоць і 2008 году, але яна актуальная і цяпер, таму можна лічыць, што яна як новая".

Карэспандэнт: "Ці мяркуецца яе запусьціць у ратацыю на радыёстанцыях?"


"Так, я аднесла дыскі зь песьняй на станцыі, гэта праўда. І я не баюся, можаце сьмела пра гэта гаварыць. А што, ёсьць нейкія праблемы?"

Карэспандэнт: "Проста прэзыдэнцкія выбары, ня будзе гэта агітацыяй за кандыдата Лукашэнку?"


"Ды не, гэта ж дзеці сьпяваюць, яны так лічаць патрэбным, і ўсё. Так што, усё ў парадку, мы вельмі добра настроеныя. Калі гэта не крамольна і не крымінальна, то чаму б і не?".

Крамолы ў тэксьце песьні "Наш прэзыдэнт" сапраўды няма, але такое адчуваньне, што ў мінулую эпоху штосьці падобнае мы ўжо чулі:



Полыхнет теплом минская весна,
Флагами, цветами и сердцами.
И бурлит душа, праздник, не спеша,
Постучится и споет с друзьями.
Смотрит в облака правды монумент,
Расскажи, огонь, о страшной битве.
В мыслях и трудах,

Батька-президент:
В радостях, печали и молитвах.
Наш президент сказал тебе и мне:
«Ты дружбой дорожи, своей Отчизной!»
Душой и сердцем преданный стране,
Ответственный за мир, за радость в жизни — Наш президент.

И рассыплет трель старая гармонь,
Малыши положат в ряд тюльпаны.
К сердцу своему он прижмет ладонь
И тепло обнимет ветерана.
Там пройдут войска, аж захватит дух,
И салют над торжеством парада
Закружит пургой тополиный пух,
Что же, люди, нам для счастья надо?
Беларусы, мы все — победители!

Не допустим беды и войны!
21-го века мы жители,
Мы победы наследники и надежда страны!
Наш президент…


Аляксандар Лукашэнка нярэдка заяўляе, што не пераносіць лішняй пахвальбы, але нічога ня можа зрабіць з тымі, хто хоча яму аддзячыць:

"Калі некаторыя выступаюць і на мой адрас больш за два разы пачынаюць мне дзякаваць, вы не ўяўляеце, што ў мяне ўнутры творыцца. Гэта калі да мяне зьвяртаюцца і пачынаюць больш за адзін раз дзякаваць. А можа нават і аднаго разу ня трэба — гэта ж мая праца! Вы мяне выбралі на гэтую працу, вы ж мяне ня гналі палкай. Сам захацеў. Таму навошта мне тут дзякаваць і хваліць?".

Хоць Лукашэнка і намагаецца запэўніць, што ня зносіць лісьлівасьць, але чарговы музычны панэгірык — ня першы, і відаць, не апошні. Напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў па тэлебачаньні круцілі песьню ў выкананьні Анатоля Ярмоленкі і ВІА "Сябры" "Слухай Бацьку!". Перад выбарамі 2001 году зьявіўся патасны "Таварыш прэзыдэнт" у выкананьні кампазытара Эдуарда Ханка. І калі спадар Ярмоленка ў кулюарах потым прызнаваўся, што "д'ябал паблытаў", то Ханок вартасьці свайго твору адстойвае па-ранейшаму:
мы асабіста знаёмыя, і відавочна, што Аляксандру Рыгоравічу будзе прыемна на свой адрас нешта такое пачуць ...

"Тут і асабістыя сымпатыі, і грамадзянская пазыцыя. Таму што мы асабіста знаёмыя, і відавочна, што Аляксандру Рыгоравічу будзе прыемна на свой адрас нешта такое пачуць. І я думаю, што гэта ўзаемна: калі, прыкладам, хтосьці яму зь Міністэрства культуры скажа, што ў мяне юбілей ці нейкая іншая важная падзея, то я стопрацэнтна гарантую, што ён мяне павіншуе. У сэнсе таго, што дасьць дабро на афіцыйнае віншаваньне".

Адносна зьяўленьня твораў, якія фактычна прапагандуюць культ асобы, выказваецца паэт Сяргей Законьнікаў:

Сяргей Законьнікаў
"Кожнаму разумнаму чалавеку зразумела, чаму такія творы пішуцца. Гэта абсалютны паўтор сталінскіх часоў. Мы выдатна памятаем панэгірыкі, якія складаліся ў гонар правадыра ўсіх народаў. Абсалютна тое ж самае. Толькі там было часам, што некаторыя нават славутыя паэты траплялі пад "абаяньне" крывавага тырана і пісалі, трэба сказаць, неблагія вершы ў гонар яго. Можам успомніць і некаторых нашых паэтаў, нашых клясыкаў, якіх і я люблю. Таксама панапісвалі пра Сталіна. А што тычыцца гэтага канкрэтнага верша, то тут ні рыфмы няма, ні сэнсу. Жанчыне гэтай проста захацелася, з аднаго боку, засьведчыць, што яна вельмі любіць сёньняшняга прэзыдэнта. А зь іншага боку, магчыма, яна лічыць сябе таксама творцам. У нас жа цяпер некаторыя людзі проста не разумеюць, што ўяўляюць іхныя здольнасьці, іхны патэнцыял. Нават пісьменьнікі нашы, асабліва якія знаходзяцца ў праўладным саюзе, на поўным сур'ёзе лічаць, — і пісьмова выступаюць, і па радыё, і ў душы сваёй — што яны вялікія пісьменьнікі. Хоць, канечне, гэта абсалютная графаманія".

У офісах некаторых радыёстанцый пацьвердзілі, што маюць дыск зь песьняй "Наш прэзыдэнт", але з запускам у ратацыю зьбіраюцца чакаць "да апошняга".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG