Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мехрыбан Аліева адхрышчваецца ад сувязі з Лукашэнкам


Ільхам Аліеў, Мехрыбан Аліева, Аляксандар Лукашэнка

Ільхам Аліеў, Мехрыбан Аліева, Аляксандар Лукашэнка

Пратакольная служба першай лэдзі Азэрбайджану распаўсюдзіла заяву, у якой выказвае сваё абурэньне публікацыяй італьянскай газэты Il Foglio пра нібыта рамантычныя сустрэчы Мехрыбан Аліевай з Аляксандарам Лукашэнкам у Бэрліне.

У заяве гаворыцца: “Першая лэдзі Азэрбайджану, прэзыдэнт Фонду Гейдара Аліева, пасол Добрай волі ЮНЭСКА і ІСЭСКА, дэпутат парлямэнту Азэрбайджану Мехрыбан Аліева вядомая далёка за межамі нашай краіны дзякуючы сваёй актыўнай і шматграннай дзейнасьці, накіраванай на актывізацыю дыялёгу культур і цывілізацый, абарону сусьветнай культурнай спадчыны, павышэньне ролі жанчын у палітычным і грамадзкім жыцьці. Відавочна, што рост аўтарытэту першай лэдзі Азэрбайджану, краіны, што знаходзіцца ў няпростай геапалітычнай сытуацыі, у насычаным канфліктамі рэгіёне, выклікае нэрвовую рэакцыю у некаторых колах.”

У артыкуле пад назвай “У ложку пад Бэрлінам”, 3 сьнежня 2010 г. газэта Il Foglio са спасылкай на нямецкіх дыпляматаў напісала пра тое, што “ў Бэрліне рамантычная сувязь паміж прыгажуняй Мехрыбан і вусатым Лукашэнкам – сакрэт Полішынэля. “Газэта дадала, што “Лукашэнка –гэта чалавек, які зьмяніў беларускую Канстытуцыю, каб кіраваць пажыцьцёва, але ў думах пра выбары 19 сьнежня ён сьпіць ня надта спакойна.” У момант, калі Расея кідае Лукашэнку, той шукае больш тайных сувязяў – і гэта весялей, чым абмяркоўваць цэлымі днямі нафтаправоды, напісала італьянскае выданьне.

Пратакольная служба Мехрыбан Аліевай афіцыйна запатрабавала ад газэты Il Foglio неадкладна прынесьці прабачэньні і надрукаваць абвяржэньне згаданага артыкула. У заяве таксама гаворыцца, што Азэрбаджан пакідае за сабой права зьвярнуцца ў італьянскія і міжнародныя судовыя інстанцыі з зыскам аб абароне гонару і годнасьці першай лэдзі Азэрбайджана.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG