Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Беларусі ня будзе разглядаць папярэджаньні Генпракуратуры 5 кандыдатам


Папярэджаньні Генэральнай пракуратуры пяці кандыдатам за заклік правесьці несанкцыянаваную акцыю Цэнтравыбаркам разглядаць ня будзе, паведаміла кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына.

"Дадзеныя папярэджаньня не датычацца выбарчага заканадаўства, яны тычацца заканадаўства аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Таму мы іх разглядаць ня будзем", — заявіла Ярмошына ў інтэрвію Інтэрфаксу.

Яна патлумачыла, што "ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра заклікі правесьці несанкцыянаванае мерапрыемства ў цэнтры Менску тады, калі выбары ўжо завершацца".

9 сьнежня Генпракуратура Беларусі вынесла афіцыйнае папярэджаньне пяці кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі — Яраславу Раманчуку, Міколу Статкевічу, Віталю Рымашэўскаму, Андрэю Саньнікаву і Ўладзімеру Някляеву — за заклік правесьці мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пасьля выбараў 19 сьнежня.

Падчас тэледэбатаў у жывым эфіры БТ кандыдаты заклікалі людзей выйсьці на Кастрычніцкую плошчу.

Для Рымашэўскага і Статкевіча гэта ўжо другое афіцыйнае папярэджаньне Генпракуратуры. Раней яны атрымалі папярэджаньне за заклікі ў жывым эфіры Першага тэлеканалу правесьці 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Менску несанкцыянаваны мітынг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG