Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Спадар Уладзімер, ці згодныя Вы з антычным паэтам-дыдактыкам Тэрэнцыянам Маўрам, які пакінуў нам выслоўе “Habent sua fata libelli” — “Кнігі маюць свой лёс”?

Алеся, студэнтка Лінгвістычнага ўнівэрсытэту

Гісторыі, якія здараліся з маімі кнігамі, адно пацьвярджаюць гэты афарызм. Кожнае літаратурнае дзіця ганарыцца сваёй уласнай біяграфіяй.

Распавяду вам, што прычынілася з другой кніжкай прозы “Дзень, калі ўпала страла”, якая выйшла ў гарачую восень 1988 году. Якраз тады, калі былі створаныя “Мартыралёг Беларусі” і аргкамітэт БНФ, калі прагрымелі векапомныя “Дзяды”...

Гэта быў мой дэбютны зборнік гістарычнай прозы, які выйшаў казачным для сёньняшніх дзён накладам 22 400 асобнікаў (цяпер малады творца, здараецца, бывае бязьмежна ўсьцешаны, калі з друкарні выходзіць наклад на 22 тысячы меншы). Кніжку сьціпла, але вельмі густоўна аздобіў сьветлай памяці Пятро Драчоў, які афармляў некалькі кніг Уладзімера Караткевіча. На вугальна-чорным пераплёце мастак “адчыніў” белае вакно з назваю, якую працінала чырвоная страла.

Шчасьлівы аўтар пачаў раздаваць аўтографы, больш (як яму здавалася) падабацца жанчынам і, вядома, даў згоду на першую прэзэнтацыю кнігі ў Доме актора, дзе месьцілася славутая тады кавярня “Мутнае вока”.

І раптам непаўторныя барвы навокал сьцьмелі. Мая амаль дзіцячая радасьць разьбілася, як цацка, што сарвалася з каляднай ялінкі.

Кніжка, якая прадавалася ўсяго нейкі тыдзень, зьнікла. Увечары я бачыў у цэнтральнай менскай кнігарні, паўзь якую вяртаўся з працы, цэлую паліцу чорных карэньчыкаў з родным імем, а ўраньні яна была пустая. Тое самае паўтарылася ў кнігарні “Сьветач” на тагачасным праспэкце Машэрава. Наўрад ці за ноч кнігі маглі расьцягнуць пацукі альбо прывіды. Было відавочна, што дзейнічаюць больш рэальныя істоты.

Зь лютасьцю грызучы курыную нагу ў нашай выдавецкай сталоўцы, я ўжо ведаў, што кнігу вярнулі на паліграфкамбінат з прычыны “нацыяналістычнай” вокладкі. “Пусьцяць пад нож”, — казалі дасьведчаныя ў такіх справах калегі, спачувальна ляпаючы мяне па плячы.

Дадаўся і яшчэ адзін нюанс надзвычай непрыемнага кшталту, пра які я скажу зараз упершыню.

У тыя часы ў пэўнай часткі менскіх штатных і няштатных ідэолягаў мазгі зьвіхнуліся на пошуках знакаў жыда-масонскай змовы. Дзе толькі ня мроілася зорка Давіда гэтым рупліўцам — і на фанціках, і на дэкаратыўных вулічных кратаванках, і ў пляніроўцы новых мікрараёнаў. Карацей, як у той показцы: прыходзіш да дому, а яны ўжо там.

Дык вось, нечае, звыклае паўсюль шукаць крамолу хворае вока, апрача бел-чырвона-белай вокладкі, угледзела, што пушчаная мастаком (пэўна ж, у змове з самім Арловым) страла працінае ў назьве кнігі не абы-якія літары, а Н, І, Л, А. У суме яны давалі імя першага сакратара праўленьня Саюзу пісьменьнікаў Ніла Гілевіча.

Дачуўся пра гэтае адкрыцьцё сам Ніл Сымонавіч ці не, было дакладна невядома (пэўна ж нехта пастараўся), але мне пачало здавацца, што шаноўны паэт касавурыцца й думае: я яму дапамог на працу без прапіскі ўладкавацца, а ён мяне — стралой...

Аднак з календара зьляталі лісткі ўжо новага 1989 году. Цягнік перабудовы дапоўз і да Беларусі. У нейкім кабінэце вырашылі пазьбегнуць скандалу і на макулятуру кнігу не адпраўляць. А вось вокладку паліграфістам загадалі перафарбаваць. Белае вакно ўручную запэцквалі якімі заўгодна іншымі колерамі — ад ліпуча-залацістага да такога, што, здавалася, калупнеш і запахне...

Ды — галоўнае — кніга вярнулася ў кнігарні, за некалькі месяцаў прадалася й пачала далей жыць сваім, незалежным ад аўтара жыцьцём.

Можа, наіўна, але спадзяюся, што яна і мяне перажыве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG