Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў. Шматдзетная маці абвясьціла галадоўку


Натальля Шкадун

Натальля Шкадун

Шматдзетная маці Натальля Шкадун распачала галадоўку. Уладальніца ордэна Маці адзінаццаць гадоў бясплённа дамагалася для сваёй сям’і паляпшэньня жыльлёвых умоваў. Жанчына лічыць, што без радыкальных захадаў сытуацыі цяпер не зьмяніць.

Галадоўку Натальля Шкадун распачала а 18-й гадзіне.

Сёмага сьнежня яна даслала на чацьверты Ўсебеларускі сход ліст, у якім паінфармавала яго дэлегатаў пра тое, што стала для галадоўкі нагодай.

«Шматдзетная маці, якая не атрымала цягам адзінаццаці гадоў жыльлё, 9 чысла распачынае галадоўку. Хачу, каб мае дзеці ведалі, што мы жывем там, дзе законы дзейнічаюць, і ўва ўсіх правы аднолькавыя, альбо не ўва ўсіх. Пакуль што для мяне прыклад: тыя, хто бліжэй да ўлады, атрымліваюць усё, што хочуць, а тыя, хто чэсна працуе, не заўжды атрымліваюць, што належыць, паводле закону».

Водгукаў са сходу Натальля Шкадун ня мае, аднак ведае, што аблвыканкаму ўжо давялі пра яе намеры:

«Майго непасрэднага кіраўніка запрашалі для дачы тлумачэньняў адносна таго, што я буду галадаць. Заўтра я зьбіраюся раніцай наведаць рэзыдэнцыю прэзыдэнта і там паведаміць, калі яны яшчэ нечага не дачулі. Грамадзкую прыёмную кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі хачу наведаць і там паведаміць”.

Натальля Шкадун дамагаецца ня столькі новага для сваёй сям’і жытла, колькі зручнага й камфортнага. Сем гадоў яна адстаяла ў чарзе на будаўніцтва кватэры на льготных умовах. Аднак чаканьні ня спраўдзіліся.
Мне тлумачылі, што мяне не маглі знайсьці ў горадзе.


«Мне тлумачылі, што мяне не маглі знайсьці ў горадзе. За гэты час мне ўручылі ордэн Маці, пасьведчаньне шматдзетнай сям’і. Мая сям’я выступала на абласным конкурсе за адміністрацыю Ленінскага раёну. Аднак, каб жытло мне даць — мяне знайсьці не маглі. Гэта відавочнае парушэньне маіх правоў як шматдзетнай маці».

У лістападзе спадарыня Шкадун таксама зьбіралася галадаць, аднак чыноўнікі прапанавалі ёй варыянты вырашэньня жыльлёвага пытаньня й пераканалі не абвяшчаць галадоўкі.

«Аказалася, што гэта сацыяльнае жыльлё, але мне яго прапанавалі за рэальныя й канкрэтныя грошы па кошце два мільёны 100 тысяч за мэтар квадратны. Гэта было дадатковае прыніжэньне. Цяпер я разумею. Калі я тады пайшла на галадоўку, ня трэба было мне й спыняцца ды пагаджальную палітыку праводзіць».

Натальлі Шкадун 51 год. Адукацыя ў яе вышэйшая. Яна практыкуючы лекар першай катэгорыі. Заслужаны донар. Дзяцей у яе пяцёра. Чацьвёра зь іх непаўналетнія. Сям’я абыходзіцца бяз адраснай сацыяльнай дапамогі. У трохпакаёвай кватэры памерам 63 квадратныя мэтры жыве дзевяць чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG