Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Прапанова Някляева — гэта спроба выкарыстаць для сваёй раскруткі чужую інфармацыйную нагоду»


Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі


Цыганкоў: Чым была выклікана прапанова Някляева зьняцца? Ці можна сказаць, што Някляеў сапраўды спадзяваўся атрымаць станоўчы адказ ад іншых кандыдатаў? Ці Ўладзімер Някляеў проста чарговы раз нагадаў пра сябе, зрабіў чарговы піяраўскі крок?

Быкоўскі: На маю думку, Някляеў не спадзяваўся на тое, што гэта прапанова будзе разгледжана іншымі кандыдатамі, бо іхняя пазыцыя даўно была агучана на гэты конт. Зь іншага боку, даўно было абвешчана, што перамоўны працэс паміж выбарчымі штабамі ня трэба праводзіць публічна перад журналістамі. Былі пэўныя сустрэчы наконт «адзінага», наконт сцэнару 19 сьнежня, — і ў нейкі момант было вырашана, што ня трэба «брудную бялізну» паказваць журналістам, і гэта было спынена.

Таму прапанова Някляева — гэта спроба чужую інфармацыйную нагоду выкарыстаць для сваёй раскруткі. Віталь Рымашэўскі даўно прапаноўваў сустрэцца 9 сьнежня , каб скаардынаваць дзейнасьць падчас Плошчы. На гэта пагадзіліся ўсе кандыдаты, а прапанова Някляева была прадстаўлена як экспромт. Прынамсі, паводле іншых кандыдатаў, якія прыйшлі на сустрэчу, іх ніхто не папярэджваў, што пра гэта будзе размова.
Дакладна ўжо вядома, што ўсе кандыдаты ня зьнімуцца і не пакінуць аднаго Аляксандра Лукашэнку.


Цыганкоў: Ці можна казаць, што асноўны сцэнар выбараў да дня галасаваньня ўжо ня зьменіцца? І галоўнае будзе вырашацца ў залежнасьці ад таго, колькі людзей прыйдзе 19 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу?

Быкоўскі: Некаторыя элемэнты сцэнару яшчэ могуць мяняцца, бо цалкам магчымыя аб’яднаньні розных кандыдатаў, больш слабых з больш моцнымі. Але гэта не паўплывае на галоўны вынік — дакладна ўжо вядома, што ўсе кандыдаты ня зьнімуцца і не пакінуць аднаго Аляксандра Лукашэнку.

Што тычыцца Плошчы, то пакуль не назіраецца нейкай асабліва ўзгодненай дзейнасьці па каардынацыі акцыяў 19 сьнежня. Не відаць нейкай практычнай дзейнасьці, таму ў пэўнай ступені гэта будзе экспромтам. Тое, што моладзевыя арганізацыі рыхтуюць «намётавае мястэчка» — гэта, відаць, мы пабачым, але нельга сказаць, што гэта вынік дзейнасьці кандыдатаў у прэзыдэнты.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG