Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мядзьведзеў увёў «мараторый на далейшыя сваркі»?


Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка

Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка

У Маскве перад самітам Мытнага саюзу адбылася закрытая двухбаковая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка бярэ ўдзел у шэрагу інтэграцыйных самітаў: Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, Мытнага саюзу і АДКБ. Ён падпісаў дакумэнты па стварэньні адзінай эканамічнай прасторы. Беларусь на ўмовах Расеі будзе атрымліваць бязмытную расейскую нафту.

Падчас сустрэчы Лукашэнкі і Мядзьведзева абмяркоўвалася супрацоўніцтва Расеі і Беларусі ў рамках Мытнага саюзу. Пра гэта паведаміла журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Натальля Цімакова. Іншых падрабязнасьцяў яна не распавяла. Кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі сказаў крыху больш. Сустрэча цягнулася больш за паўтары гадзіны, і на ёй закраналіся актуальныя праблемы двухбаковых стасункаў. Паводле спадара Лёгкага, сустрэча праходзіла за зачыненымі дзьвярыма, журналістаў не пусьцілі нават для таго, каб зрабіць пратакольныя здымкі. Павал Лёгкі патлумачыў, што сустрэча прайшла «ў спакойнай, канструктыўнай, дружалюбнай атмасфэры».

Пасьля перамоў Лукашэнка і Мядзведзеў выйшлі вітаць прэзыдэнта Казахстану «ў прыўзьнятым настроі ». Як паведаміў спадар Лёгкі, падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні паставак нафты і газу. Па чыёй ініцыятыве прайшла сустрэча?

«Па ініцыятыве расейскага боку. У мяне няма магчымасьці падрабязна пра гэта расказваць».

Канстанцін Затулін
Ці азначае ўсё згаданае падтрымку Крамлём кандыдата Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі? Дэпутат Дзярждумы Расеі, кіраўнік інстытуту СНД Канстанцін Затулін адводзіць гэтай сустрэчы «больш сьціплае месца» і лічыць, што проста «ўсе ўзялі мараторый на далейшыя сваркі».

«Прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў за мінулыя месяцы зрабіў максымум магчымага, каб ніхто не падазраваў Расею ва ўмяшаньні ў беларускія выбары на баку Лукашэнкі. Магчыма, гэта было зроблена ня самым рацыянальным чынам і наўрад ці ў надзеі на канкрэтны вынік на выбарах. Я ня думаю, што гэта сустрэча можа так адназначна трактавацца як падтрымка прэзыдэнта Лукашэнкі на выбарах. Яна можа трактавацца як некаторая нармалізацыя адносінаў паміж двума прэзыдэнтамі пасьля ўсплёску эмоцый. Я ня бачу рацыянальнай пэрспэктывы працягу жорсткай палемікі і ўзаемных абвінавачаньняў. Бо эканамічны і палітычны парадак дня патрабуе рашэньняў. Яны ня могуць быць перарваныя на час выбарчай кампаніі ў Беларусі. Гэтак жа, як ня могуць быць адмененыя і пасьля яе».

Расейскія мэдыі вельмі каротка паведамляюць пра сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Да прыкладу, тэлеканала НТВ навіну пра моцны сьнегапад паставіў далёка наперад.

Кірыл Коктыш
Маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш расцэньвае гэтую сустрэчу як перамогу афіцыйнага Менску.

«Бо відавочна, што расейскі бок гэтую сустрэчу не плянаваў. Але яна адбылася, і гэта, магчыма, крок, які будзе сьведчыць, што Расея такі вырашыла прызнаваць вынікі беларускіх выбараў і ня будзе займаць нейкую асаблівую і незвычайную для сябе пазыцыю. Такое разьвіцьцё падзеяў якраз сьведчыць пра такую магчымасьць».

Паводле журналіста Паўла Шарамета, Расея ўвязвае прызнаньне выбараў з падпісаньнем Аляксандрам Лукашэнкам асноўных дакумэнтаў у рамках Мытнага саюзу, адзінай эканамічнай прасторы і нафтагазавых кантрактаў.

Павал Шарамет
«Лукашэнка гэта цудоўна ведае і спрабуе нанесьці апераджальны ўдар і дамовіцца на больш выгадных умовах для сябе. Але верагоднасьць таго, што Масква чарговы раз паверыць яму на слова, цяпер застаецца невысокай».

Лукашэнка падпісаў дакумэнты па стварэньні адзінай эканамічнай прасторы. Але Беларусь будзе на ўмовах Расеі атрымліваць бязмытную расейскую нафту. То бок, пералічваць мыта ад продажу нафтапрадуктаў на замежных рынках у расейскі бюджэт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG