Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Датэрміновае галасаваньне: прапануюць, просяць, пагражаюць


Празь пяць дзён — з 14 па 18 сьнежня — мае адбыцца датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах. Адміністрацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў у рэгіёнах ужо цяпер распачалі ціск на падначаленых супрацоўнікаў, навучэнцаў і студэнтаў, каб схіліць іх да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні. Пра гэта інфармуюць карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Найбольшы ціск — на настаўнікаў і студэнтаў

Студэнт 5-га курсу Беларускага ўнівэрсытэту транспарту паведаміў «Свабодзе»:

«Нас папярэджвалі. Прыходзілі дэкан, намесьнік дэкана — запрашалі ўсіх на датэрміновае галасаваньне».

Студэнты будаўнічага факультэту расказалі, што заўтра зь імі мае намер сустрэцца рэктар. Суразмоўцы не выключаюць, што размова пойдзе й пра галасаваньне.

«У нас заўтра сустрэча з рэктарам — а другой гадзіне дня. Ня ведаем, што будзе. Але лічым, што лепш ісьці галасаваць 19 сьнежня, таму што ў такім разе меней варыянтаў фальшаваньня».

Двое студэнтаў мэдычнага ўнівэрсытэту таксама пацьвердзілі, што іх папярэдзілі пра неабходнасьць прагаласаваць датэрмінова:

Студэнтка: «Агітавалі на 14 сьнежня».

Студэнт: «Магчыма, крыху пазьней».
Маці жыве ў Ельскім раёне, працуе настаўніцай. Іх выклікаў дырэктар і сказаў: усе галасуем датэрмінова, а то на наступны год кантракт з вамі ніхто заключаць ня будзе.


Студэнтка: «Ну, дзесьці 14 сьнежня. Нам сказалі загадзя прагаласаваць».

Студэнты факультэту фізычнага выхаваньня ўнівэрсытэту імя Скарыны паведамілі, што іх таксама папярэдзілі пра магчымасьць прагаласаваць датэрмінова:

«Не, жорстка нібыта не абавязвалі. Проста сказалі: калі няма часу, то можна датэрмінова прагаласаваць».

Жыхарка Гомелю спадарыня Натальля паведаміла, што яе маці працуе настаўніцай у Ельскім раёне. Там пэдагогаў абавязваюць галасаваць датэрмінова:

«Маці жыве ў Ельскім раёне, працуе настаўніцай. Іх выклікаў дырэктар і сказаў: усе галасуем датэрмінова, а то на наступны год кантракт з вамі ніхто заключаць ня будзе».

На здымку: Беларускі ўнівэрсытэт транспарту

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Як супрацьстаяць прымусу?

Берасьцейская апазыцыя шукае спосабы супрацьдзеяньня захадам мясцовых уладаў прымусіць выбарцаў прагаласаваць датэрмінова.

Давераная асоба Ўладзімера Някляева на Берасьцейшчыне Мікалай Коўш паведаміў «Свабодзе», што чыноўнікі вышэйшых навучальных установаў прымушаюць студэнтаў галасаваць датэрмінова:

Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
«Мы будзем абмяркоўваць гэтае пытаньне: як процідзейнічаць датэрміноваму галасаваньню ў тэхнічным унівэрсытэце і ў дзяржаўным імя Пушкіна. Будзем абмяркоўваць захады са свайго боку. Гэта будзе або пікет, або адмысловыя ўлёткі. Увогуле, маем намер рашуча сачыць за гэтай сытуацыяй».

Падобная сытуацыя і ў Баранавічах, дзе таксама існуе ўнівэрсытэт, кажа старшыня баранавіцкай філіі ТБМ імя Ф.Скарыны Віктар Сырыца:

«Баранавічы не выключэньне ў нашай вобласьці. Ведаю дакладна пра тое, што прымушаюць датэрмінова галасаваць студэнтаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту».

У Століне студэнтам аграэканамічнага каледжу выкладчыкі пагражаюць тым, што не дадуць інтэрнату або што адзнакі на экзамэнах будуць горшыя, кажа сябра партыі «Справядлівы сьвет» Вячаслаў Амяльчук з Давыд-Гарадку:

«Найперш на датэрміновае галасаваньне заганяюцца студэнты Столінскага аграэканамічнага каледжу. Акрамя гэтага, існуе ў горадзе і СПТВ № 124, навучэнцы якога галасуюць датэрмінова».

У іншых гарадах, дзе няма вялікіх навучальных установаў, на ўчасткі датэрмінова прыходзяць работнікі бюджэтных арганізацый. Як правіла, прыходзяць пасьля загаду кіраўніцтва, кажа сябра АГП з Івацэвічаў Станіслаў Халадовіч:

«Датэрмінова галасуюць супрацоўнікі міліцыі, настаўнікі, у нас ёсьць дзьве турэмныя калёніі № 5 і № 22, супрацоўнікі якіх традыцыйна галасуюць датэрмінова. Якраз нядаўна размаўляў з супрацоўнікам адной з калёній, які адзначыў, што ад людзей патрабуюць галасаваць датэрмінова».

Падобная сытуацыя і ў Пінску, кажа сябра руху «За свабоду» Алесь Рамановіч:

«У асноўным людзі на працы атрымліваюць загад ад кіраўніцтва пайсьці на выбары датэрмінова. Гэта тычыцца настаўнікаў, выхавацеляў дзіцячых садкоў, на некаторых бюджэтных прадпрыемствах таксама зафіксаваныя такія факты».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Замену бюлетэняў плянуюць на суботнюю ноч, 18 лістапада»

На Гарадзеншчыне выбарцы прызнаюцца, што мясцовыя чыноўнікі настойліва рэкамэндуюць галасаваць датэрмінова.

Кіраўнік штабу кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука Юры Істомін кажа, што падчас вулічных пікетаў да іх ужо неаднойчы падыходзілі рабочыя з «Хімвалакна», «Азота» і казалі, што начальнікі цэхаў вядуць апрацоўку, каб людзі прагаласавалі да суботы наступнага тыдня.

Спадар Істомін лічыць, што з пачаткам датэрміновага галасаваньня людзей з прадпрыемстваў пачнуць прымушаць галасаваць масава.

Істомін: «Думаю, больш-менш будзе дэмакратычным падлік галасоў, нават дапусьцяць назіральнікаў, каб яны пабачылі. А ў суботу ўночы заменяць тыя бюлетэні, якія былі апушчаны на датэрміновых выбарах, і атрымаецца ізноў „элегантная перамога“. І ў выніку, думаю, за Лукашэнку будзе 60% і ўсе гэта пабачаць».

Пра датэрміновыя выбары нагадалі студэнтам мэдыцынскага ўнівэрсытэту. Цяпер не чапаюць тых, хто жыве ў інтэрнатах, а датэрмінова трэба прагаласаваць тым, хто прыпісаны да галоўнага корпусу мэдунівэрсытэту. Кажа адна з студэнтак:

Дзяўчына: «Заўсёды была такая сытуацыя, што тых, хто не галасаваў датэрмінова, на наступны год не засялялі ў інтэрнаты, выклікалі ў дэканаты і праводзілі выхаваўчыя размовы».

Карэспандэнт: «А сёлета датэрмінова галасаваць толькі тым, хто прыпісаны да корпусу ўнівэрсытэту?»

Дзяўчына: «Так, таму што ў нас вельмі шмат студэнтаў, якія не жывуць ва ўнівэрсытэцкіх інтэрнатах».

У Слоніме кіраўнік штабу Рыгора Кастусёва Іван Шэга напісаў скаргу ў Цэнтравыбаркам на тое, што работнікі райвыканкаму ўводзяць у зман сталых людзей наконт таго, дзе ім галасаваць. Да яго зьвярнулася адна з выбарніц:

«Яна распавядала, што па кватэрах пэнсіянэраў на пэўных вуліцах хадзілі людзі з райвыканкаму і казалі, што тым ня трэба ісьці на выбары, а да іх прыйдуць са скрынямі для галасаваньня».


ВІЦЕБШЧЫНА


«Датэрмінова прагаласуеш — атрымаеш адгул»

А мне не патрэбны адгул і не патрэбны той дзень, я пайду галасаваць 19-га, я нікуды не зьяжджаю.
Работнікі віцебскіх прадпрыемстваў распавядаюць пра тое, што ім настойліва рэкамэндуюць галасаваць датэрмінова, абяцаючы за гэта адгул на працы.

Пра прымус ісьці на датэрміновае галасаваньне гавораць і рабочыя заводу «Візас»:

«На прадпрыемствах ужо гавораць, што адмыслова будуць даваць адгул на дзень — і ідзіце галасаваць».

«А калі не прагаласуеш, то запішуць прагул і звольняць!»

«Так, будуць кантраляваць: калі ты ўзяў адгул, а не прагаласаваў, то адпаведныя наступствы. А мне не патрэбны адгул і не патрэбны той дзень, я пайду галасаваць 19-га, я нікуды не зьяжджаю. А людзі баяцца, і народ у нас да таго запалоханы, што я ўжо ня ведаю!»

Паводле заканадаўства, галасаваць датэрмінова рэкамэндавана толькі грамадзянам, якія ня могуць знаходзіцца ў асноўны дзень выбараў па месцы жыхарства.

Леанід Гаравы
, праваабаронца, сябар руху «За свабоду»: «Умова для датэрміновага галасаваньня — тое, што чалавек будзе адсутнічаць па месцы жыхарства. А ў паведамленьнях, якія на Віцебшчыне выраблены накладам 917 тысяч, пішацца: „калі вы ня можаце прыйсьці на выбарчы ўчастак“. Гэта ўжо ўмова для галасаваньня дома — тады да вас прыйдуць. Уводзяць, лічу, выбарцаў у зман. Гэта падштурхоўвае да масавага датэрміновага галасаваньня».

Зьвесткі пра прымусовае датэрміновае галасаваньне прыходзяць з розных рэгіёнаў Віцебшчыны. На Наваполацкай ЦЭЦ тым, хто не прагаласуе датэрмінова, пагражаюць неперазаключэньнем кантракту, на Глыбоцкім малочна-кансэрвавым камбінаце таксама страшаць наступствамі за «ўхіленьне» ад датэрміновага галасаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG