Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы Асанжа атакуюць


Сайты Mastercard, Paypal і швайцарскага банку Post Finance былі паралізаваныя атакай пасьля таго, як адмовіліся працягваць паслугі арганізацыі Джуліяна Асанжа WikiLeaks.

Як паведамляе газэта The Guardian, за атакамі стаіць група Anonymous, якая зарадзілася на форуме 4chan. Рэдакцыі ўдалося паразмаўляць з 22-хгадовым прадстаўніком групы зь Лёндану, які назваўся толькі псэўданімам. Паводле яго, для абароны Асанжа аб’ядналіся каля тысячы чалавек па ўсім сьвеце, якія падзяляюць яго ідэі і хочуць быць сілай “хаатычнага дабра”. Група ня мае пэўнай арганізацыйнай структуры, да яе далучыліся як падлеткі, якія “спрабуюць паўплываць сваімі абмежаванымі ведамі на тое, што здарыцца”, так і старэйшыя прафэсіяналы інфармацыйных тэхналёгіяў.

Нагадаем, Джуліян Асанж прычыніўся да магутнага міжнароднага “землятрусу”, калі пачаў зьмяшчаць на сваім сайце WikiLeaks сакрэтную дыпляматычную перапіску пасольстваў ЗША з Вашынгтонам. Паводле Асанжа, сучасным дэмакратыям таксама патрэбныя адкрытасьць і моцныя мэдыі.
Прыхільнікі WikiLeaks заяўляюць, што яны плянуюць перапыніць DDoS атакі і засяродзіцца на іншых формах падтрымкі выкрывальніцкага сайту...


Дарэчы, празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як кампаніі Visa і Mastercard спынілі фінансавае абслугоўваньне WikiLeaks, на гэтым сайце зьявілася інфармацыя пра тое, што амэрыканскія дыпляматы лабіявалі інтарэсы названых фінансавых кампаніяў у Расеі. Дыпляматы спрабавалі дабіцца, каб новы расейскі закон, які абмяркоўваўся ў Дзярждуме, не нанёс шкоды інтарэсам Visa і Mastercard. Гаворка ішла пра намер Расеі стварыць нацыянальную сыстэму плацежных картак, якая б атрымлівала ўсе камісійныя за плацежныя апэрацыі і тым самым пазбавіла даходаў Visa і Mastercard. The Guardian цытуе прадстаўніка расейскага Мінфіну Сяргея Барсукова, які нядаўна паведаміў, што законапраект быў перапрацаваны “з улікам трывог замежных апэратараў”.

У гэтым жа артыкуле газэта паведамляе, што засталіся адкрытымі іншыя рахункі, на якія можна ахвяраваць грошы для дзейнасьці WikiLeaks. Кампанія Paypal пацьвердзіла, што прыпыніла збор ахвяраваньняў на WikiLeaks толькі пасьля ўмяшаньня Дзярждэпартамэнту ЗША.

Прыхільнікі WikiLeaks між тым заяўляюць, што яны плянуюць перапыніць DDoS атакі і засяродзіцца на іншых формах падтрымкі выкрывальніцкага сайту, такіх, напрыклад, як стварэньне яго “люстэркавых” старонак у інтэрнэце. Anonymous заяўляюць, што падтрымліваюць WikiLeaks не таму, што згодныя ці ня згодныя з распаўсюджванай сайтам інфармацыяй, а таму, што яны ня згодныя зь любой формай цэнзуры інтэрнэту. “Калі мы дазволім WikiLeaks загінуць без змаганьня, – заяўляюць “ананімы”, – урады будуць думаць, што яны змогуць “выключыць” любы сайт, які захочуць або які ім не падабаецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG