Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такое адчуваньне, што нехта ўжо да выбараў стаў прэзыдэнтам… »


Апытаньне «Свабоды»: «Ці варта даць альтэрнатыўным кандыдатам дадатковы эфір на дзяржаўным тэлебачаньні?» Адказвалі жыхары Магілёва.

Спадар: «Канечне, трэба. У нас жа дэмакратычнае грамадзтва. Наагул, тэледэбаты — гэта твар кандыдата».

Спадар: «Так, трэба даваць. Толькі каб усе дзесяць і прыйшлі. Усе кандыдаты павінны быць у роўных умовах. Ніхто не павінен карыстацца тым становішчам, якое мае на дадзены момант. Такое адчуваньне, што нехта ўжо да выбараў стаў прэзыдэнтам, таму і ігнаруе ўдзел».

Малады спадар: «У іх жа быў эфір — па гадзіне на тэлебачаньні й на радыё. Для мяне гэтага было дастаткова. Я вызначыўся з кандыдатурай, і ўсё. Яшчэ раз убачыць свайго кандыдата па тэлебачаньні, ці яго апанэнта — у мяне няма неабходнасьці».

Спадар: «Толькі каб пасьмяяцца з рэспублікі, што ў нас няма вартых кандыдатаў у прэзыдэнты. Лепей бы яны адрэдагавалі свой першы тэкст, пачыталі яго нармальна. Калі вы размаўляеце на беларускай мове, гаварыце па-беларуску, па-расейску — дык па-расейску. Такія прапановы — „стварыць мільён працоўных месцаў“. А ў нас ёсьць працоўных мільён? Гэта ўтопія».

Спадар: «Я лічу, што — безумоўна, бо іх ніхто ніколі ня чуў, бо не выступалі ніколі. Ну, адзін раз, дык што — гэтага дастаткова? Для кандыдата ў прэзыдэнты трэба болей выкласьці свой пункт гледжаньня на тое, што адбываецца. У многіх ёсьць што сказаць, я нават не сумняваюся».

Спадар: «Калі людзі годныя, то ім дастаткова таго, што ў іх было. Калі ж людзі хочуць выступіць, то няхай выступаюць. Я глядзеў у інтэрнэце выступы, і ня ўсе мне спадабаліся. У некаторых з дазволеных трыццаці хвілін выступы былі крыху больш за сем хвілін. Навошта такому чалавеку яшчэ час?»

Спадар: «Канечне, так. Няхай пагавораць зь людзьмі. Аднаму можна многа, а іншым што — нельга, ці што?»

Спадар сталага веку: «Яны даволі сказалі за той час, што ім далі. Там дадаваць абсалютна няма чаго. Высновы можна зрабіць адразу, нават з паловы прамовы, якая там праграма й што будзе. Людзі зрабілі ўжо высновы».

Спадар: «Хутчэй за ўсё, трэба. Каб людзі ведалі, што яны яшчэ могуць даказаць».

Юнак: «Павінны, канечне, даваць. У нас жа нібыта дэмакратыя, нібыта свабода слова. Аднак зразумела, што ні ў кога гэтага няма. Ну, але ж гэта хаця б так называецца».

Спадар: «І ў прэсе іх цэнтральнай трэба болей друкаваць. Кожны павінен выказаць сваё меркаваньне паболей. Я глядзеў, але мне не спадабалася, нешта адно й тое ж гаварылі».
XS
SM
MD
LG