Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Швэдзкаму праваабаронцу адмовілі ў беларускай візе


Марцін Угла

Марцін Угла

Амбасада Беларусі ў Стакгольме адхіліла заяўку на візу ад старшыні праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марціна Углы. Ніякія афіцыйныя прычыны падобнага рашэньня не падаюцца.

Паводле праваабаронцы, Беларусь — прыярытэтная краіна ў дзейнасьці Östgruppen. Арганізацыя мае шырокую сетку кантактаў у беларускіх дэмакратычных колах і шмат гадоў супрацоўнічае зь вядучымі праваабарончымі арганізацыямі Беларусі.

Як мяркуе Марцін Угла, адмова яму ў візе — гэта, відавочна, пакараньне за тую крытыку, якую ён дазваляе на сабе на адрас беларускіх уладаў у сувязі са станам правоў чалавека ў Беларусі. Цяперашняя адмова, дарэчы, — чацьвёртая запар. Марціну Углу не дазваляюць наведаць Беларусь ад чэрвеня 2006 году.

"Рашэньне беларускай амбасады дэманструе, што аб’яўленая рэжымам лібэралізацыя і дэмакратызацыя існуе толькі на словах. Гэта таксама сьведчаньне таго, што рэжым баіцца публічнай крытыкі з-за мяжы", адзначае Марцін Угла.

Тым ня менш ні ён, ні Östgruppen не зьбіраюцца сьцішваць свой голас.

"Калі парушаюцца правы чалавека", — кажа ён, — "гэта павінна быць прызнана і бескампрамісна асуджана. Інакш гэта будзе здрадай у дачыненьні да людзей, якія пацярпелі ад злоўжываньняў беларускіх уладаў".
XS
SM
MD
LG