Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сустрэнуцца Лукашэнка зь Мядзьведзевым, невядома


Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка

Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка

Сёньня ў Маскве пройдуць перамовы кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюзу і ЭўрАзЭС. Ці адбудзецца ў рамках саміту двухбаковая сустрэча прэзыдэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева, пакуль невядома.

Прэс-служба прэзыдэнта Беларусі сустрэчу не анансуе. Калі такія перамовы адбудуцца, паведамленьне для СМІ зьявіцца ўжо па факце, заявіў БелаПАН кіраўнік прэс-службы Павел Лёгкі.

Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка прыбыў у Маскву 8 сьнежня. У той жа дзень у падмаскоўным Нова-Агарове прайшлі перамовы прэм'ер-міністраў Беларусі і Расеі. Як паведаміў журналістам прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў, бакам не ўдалося дамовіцца па ўсіх спрэчных пытаньнях і перамовы працягнуцца на ўзроўні экспэртаў.

Асноўная супярэчнасьць у расейска-беларускіх перамовах — пытаньне экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты. Масква заяўляе, што ў рамках фармаваньня Адзінай эканамічнай прасторы Мытнага саюзу гатовая адмовіцца ад экспартнага мыта на нафту, калі Менск пагодзіцца пералічваць у расейскі бюджэт вывазныя пошліны на нафтапрадукты ў поўным аб'ёме. Беларускі бок такі варыянт не задавальняе.

У Маскве таксама заяўляюць, што ў выпадку ратыфікацыі да канца 2010 году пакета дакумэнтаў па АЭП усімі трыма краінамі Мытнага саюзу — Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам — пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь могуць стаць бяспошліннымі ў поўным аб'ёме ўжо з 1 студзеня.

Як піша сёньня расейскі "Коммерсантъ", перамовы Пуціна зь Сідорскім "скончыліся правалам", але, "на думку экспэртаў, расійскія перамоўнікі сустракаюцца зь беларускімі з пазыцыі сілы, рана ці позна беларусы павінны прыняць умовы расейцаў".
XS
SM
MD
LG