Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Global Transparency: беларусы лічаць дзяржчыноўнікаў найбольш карумпаванымі


Міжнародная арганізацыя "Global Transparency" падрыхтавала дасьледаваньне пра стан з карупцыяй у розных краінах сьвету. Даклад прымеркаваны да 9 сьнежня — Сусьветнага дня барацьбы з карупцыяй.

Бальшыня беларускіх рэспандэнтаў сярод найбольш карумпаваных інстытуцый назвала дзяржаўных службоўцаў ды чыноўнікаў. Для параўнаньня: палякі аддалі пальму першынства палітычным партыям, украінцы — судзьдзям, расейцы назвалі дзяржчыноўнікаў ды праваахоўныя органы.

Палітоляг Юрась Чавусаў камэнтуе: "Карупцыя — неад'емная зьява ўлады. А большасьць насельніцтва ў нас ведае, што ўлада ў Беларусі належыць чыноўнікам выканаўчай улады, "вэртыкалі", службоўцам дзейнага аўтарытарнага рэжыму. Таму беларускае грамадзтва надае адказнасьць гэтай інстытуцыі за ўсе праявы карупцыі ў нашай дзяржаве".

Болей за 20% беларускіх рэспандэнтаў станоўча адказалі на пытаньне "Ці давалі вы хабар за апошнія 12 месяцаў у хаця б адной з інстытуцый, якія аказваюць паслугі насельніцтву"? Падобны вынік атрымаўся і ў Расеі, а вось ва ўкраінцаў гэты паказьнік – большы за 30%. У Польшчы давалі хабар цягам апошняга году менш за пятую частку апытаных.

Прадпрымальнік Аляксандар Багданаў выказвае сваё меркаваньне пра хабарнікаў у Беларусі і суседніх краінах: "Лічба ў 20%? Мне здаецца, што яна для Беларусі завышаная. У Расеі нават мне даводзілася сутыкацца з гэтым, але ў Беларусі я ні разу не перасякаўся з адкрытаў дачай хабару. Украіна — вядомае карупцыйнае месца, дзе ўсё вырашаюць чорныя грошы".

На пытаньне "Як зьмяніўся ўзровень карупцыі ў краіне за апошнія 3 гады?" 27% апытаных жыхароў Беларусі адказалі, што ўзровень вырас, 49% — што застаўся на тым самым узроўні, 24% рэспандэнтаў прытрымаліся думкі, што ўзровень зьменьшыўся. У той самы час 39% апытаных лічаць, што дзеяньні ўладаў па барацьбе з карупцыяй эфектыўныя, 26% прытрымліваюцца думкі пра неэфектыўнасьць гэтых дзеяньняў, 34% — адказалі ўхільна "ні тое, ні іншае".

Для параўнаньня: 53% расейскіх рэспандэнтаў лічаць, што ў іх краіне за апошнія 3 гады ўзровень карупцыі вырас, станоўча на аналягічнае пытаньне адказала 30% апытаных украінцаў і 29% палякаў.

Камэнтар кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага:

"Працэнт людзей, якія ведаюць сапраўдны памер карупцыі значна меньшы, бо звычайна гэта кіраўнікі фірмаў, кіраўнікі арганізацыяў. Сама гэтая сфэра, мякка кажучы, сьмярдзіць і загніла: калі няма пэўнага кантролю з боку грамадзтва, з боку сродкаў масавай інфармацыі — аўтаматычна ўздымаецца ўзровень карупцыі ў грамадзтве".

Беларуская частка "Ўсясьветнага карупцыйнага баромэтра" падрыхтаваная дасьледчай кампаніяй Romir Holding, офіс якой месьціцца ў Маскве. У часе дасьледаваньня ўлетку 2010 году была апытаная тысяча жыхароў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG