Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — дзень народзінаў Максіма Багдановіча


9 сьнежня спаўняецца 119 гадоў з дня народзінаў Максіма Багдановіча. Літаратурны музэй паэта адзначае гэтае сьвята ўскладаньнем кветак да помніка заснавальніку новага айчыннага прыгожага пісьменства і ўрачыстай вечарынай. І распачынае падрыхтоўку да 120-годзьдзя паэта.

А 12-й гадзіне Літаратурны музэй запрашае ўсіх ахвотных узяць удзел ва ўрачыстым ускладаньні кветак да помніка паэту, які стаіць ля Опэрнага тэатру непадалёк ад таго месца, дзе ў 1891-м зьявіўся на сьвет Максім Багдановіч. А 16-й у Траецкім прадмесьці ў музэі Багдановіча пройдзе літаратурна-музычная імпрэза "Сьветлыя згадкі" з удзелам літаратараў Анатоля Вярцінскага, Людмілы Рублеўскай, Васіля Зуёнка, а таксама музыкаў Алеся Камоцкага, Яраша Малішэўскага, Алесі Сівохінай, мастакоў Рыгора Сітніцы і Ўладзімера Кожуха. Уваход у музэй у гэты дзень вольны.

Рыхтуючы сёлетнія ўрачыстасьці, кіраўніцтва Літаратурнага музэю ўжо плянуе, як будзе ў наступным годзе адзначаць 120-я ўгодкі дня нараджэньня Багдановіча. Распавядае дырэктарка Тацяна Шэляговіч:

"Арганізуем правядзеньне некалькіх конкурсаў. Напрыклад, конкурс "Менск Максіма" — конкурс мастацкіх фатаздымкаў, конкурс "Сьпяваем Багдановіча", у якім хочам ацаніць творы кампазытараў на вершы Багдановіча. Яшчэ мы мяркуем правесьці цыкль мерапрыемстваў "Багдановіч і расейская літаратура", "Багдановіч і француская літаратура" і шэраг іншых".

Наступны год пазначаны круглымі датамі для самога музэю — 30-годзьдзе адкрыцьця асноўнай экспазыцыі ў Траецкім прадмесьці і ягонай філіі "Беларуская хатка", што на Рабкораўскай.

А яшчэ налета будзе 100 гадоў, як Максім Багдановіч упершыню пасьля ад’езду сям’і зь Беларусі ў 1896 годзе ў Ніжні Ноўгарад (Расея) наведаў Радзіму, а менавіта — фальварак Ракуцёўшчына. Тое лета сталася пераломным у творчасьці і сьвядомасьці будучага аўтара знакамітай "Пагоні".

Усе гэтыя даты, мяркуе спадарыня Шэляговіч, спрычыняцца да таго, што наступны год стане годам Максіма Багдановіча для ўсёй краіны і будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні.

Беларускі ПЭН-цэнтар супольна з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і Літаратурным музэем Максіма Багдановіча заснаваў агульнанацыянальную прэмію імя гэтага вялікага паэта. Ёю будуць узнагароджвацца маладыя айчынныя літаратары за найлепшы дэбют. Першыя ляўрэаты прэміі імя Максіма Багдановіча будуць абвешчаныя да ягонага 120-годзьдзя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG