Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: ТБМ змагаецца за Езуіцкі касьцёл


Такім быў касьцёл (на дальнім пляне) пасьля праваслаўнай рэканструкцыі.

Такім быў касьцёл (на дальнім пляне) пасьля праваслаўнай рэканструкцыі.

Магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы бароніць месца, дзе захаваўся падмурак касьцёлу сьвятога Ксавэрыя, ад таго, каб там не ўзьвялі сучасны будынак. Адна з камэрцыйных арганізацыяў вырашыла пабудаваць там сабе офіс. ТБМаўцы зьвярнуся па падтрымку да магілёўскай грамадзкасьці. Дамагліся сустрэчы і з кіраўніцтвам гарвыканкаму.

Сёньня падтрымаць актывістаў у Магілёў прыехаў кіраўнік Таварыства аховы помнікаў Беларусі Антон Астаповіч. Сустрэча зь ім адбылася ў абласной бібліятэцы.

Антон Астаповіч
Паводле госьця, узьвядзеньне офіснага будынка на месцы касьцёла недапушчальнае. Калі тое адбудзецца, то гістарычны цэнтар Магілёва пачне толькі страчваць, і вярнуць сытуацыю ў прававое рэчышча будзе надзвычай складана.

Астаповіч: «Я ня проста так прыехаў, я схадзіў у гарвыканкам і там выклаў бачаньне Таварыства аховы помнікаў наконт узьвядзеньня офіса ў адмысловым лісьце з просьбай прыпыніць працы па праекце. Горадабудаўнічая канцэпцыя гістарычнай часткі Магілёва прадугледжвае аднаўленьне будынка касьцёла сьвятога Ксавэрыя. На гэтым я не спыняюся. У міністэрства архітэктуры я дашлю аналягічны ліст. У ім буду прасіць зачыніць гэты аб’ект на той падставе, што ён парушае нацыянальнае заканадаўства аб ахове помнікаў архітэктуры».

Падчас сустрэчы.
Як заявіў спадар Астаповіч, прымаць рашэньне аб новабудах у гістарычнай частцы гораду неабходна толькі пасьля правядзеньня комплекснага незалежнага дасьледаваньня канкрэтнай пляцоўкі. Што да месца, дзе засталіся падмуркі касьцёла, то яго варта пакінуць незабудаваным — каб нашчадкі вырашалі. Зьявяцца ў іх грошы — яны адбудуюць касьцёл.

Касьцёл сьвятога Ксавэрыя, ці езуіцкі касьцёл, зруйнавалі ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя. Цяпер на месцы сьвятыні — пустка. Ад колішняга пляцу, дзе быў касьцёл, застаўся толькі будынак драматычнага тэатру ды адгароджаны жылым будынкам касьцёл сьвятога Станіслава.

Алег Дзячкоў
Кіраўнік магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзячкоў: «У гістарычнай частцы Магілёва засталося толькі некалькі пляцовак, дзе захаваліся падмуркі архітэктурных славутасьцяў. У верхнім горадзе — хіба што падмурак Багаяўленскай царквы й касьцёлу Ксавэрыя. Для офісных будынкаў горад у нас вялікі, і месца даволі. Наша задача — зацікавіць грамадзкасьць, гарадзкое чынавенства, што будынак касьцёла варты аднаўленьня ў першую чаргу, паколькі падмурак апынуўся пад пагрозай зьнішчэньня».

Касьцёл сьвятога Ксавэрыя ў стылі барока ўзьвялі ў 1725 годзе побач з каралеўскай брамаю. Пасьля выгнаньня ўладамі Расейскай імпэрыі езуітаў зь Беларусі ў трыццатых гадах дзевятнаццатага стагодзьдзя касьцёл перадалі праваслаўным вернікам. Яны дабудавалі на каталіцкай сьвятыні шматгранны купал і далі ёй новы назоў — Уваскрэсенская царква.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG